Добрае сонечнае надвор’е паспрыяла святкаванню дня вёскі Лоцвіны, што прайшло першага жніўня. Жыхары і госці населенага пункта сабраліся ля мясцовага цэнтра аматарскай творчасці, дзе было шмат прыемных сюрпрызаў.

Удзельнікі аматарскага аб’яднання «Лоцвінскія ўдалухі» зазывалі ўсіх на мерапрыемства, дзе можна было пазнаёміцца з выставамі вырабаў народных умельцаў – гэта і вышыванкі, і лоцвінскія прысмакі. Для самых маленькіх працавалі атракцыёны. Была магчымасць паласавацца салодкай ватай і пап-корнам. Таксама госці цікавіліся экспазіцыяй аб гісторыі вёскі і яе вядомых ураджэнцах.
[caption id="attachment_92924" align="aligncenter" width="840"]
▪ Музычнае запрашэнне на свята ад «Лоцвінскіх удалух»[/caption]
Трэба адзначыць, што свята рыхтавалі ўсе ад малога да вялікага: і «Лоцвінскія ўдалухі», і ўдзельнікі клуба «Нашчадкі», а таксама мясцовыя жыхары і так званыя дачнікі вёскі.

Урачыстасць адкрыла старшыня Бабаўнянскага сельвыканкама Ірына Запольская. Яна павіншавала ўсіх прысутных са святам і адзначыла, што малая радзіма пачынаецца менавіта з роднай вёскі, а таму яе трэба берагчы і цаніць. Ірына Аляксандраўна расказала, што зроблена на тэрыторыі Лоцвін па дабраўпарадкаванні, і аб планах на будучае.

[caption id="attachment_92917" align="aligncenter" width="840"]
▪ Падчас канцэртнай праграмы[/caption]
[caption id="attachment_92916" align="aligncenter" width="840"]
▪ Ірына Запольская ўручае падарунак Зінаідзе Клочцы за шматгадовую плённую працу ў гаспадарцы[/caption]
Падарункамі ад Капыльскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і УП «ПІК-Лясное» адзначылі вядомых жыхароў. Сярод іх – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Клокель, якому сёлета спаўняецца 95 год. Без увагі не засталіся ветэраны працы, землякі воіны-інтэрнацыяналісты і іншыя жыхары-аднавяскоўцы. Нават падарунак, ранец на будучы навучальны год, атрымаў і самы малодшы жыхар Лоцвін Мікіта Кудзін.

Для ўсіх прысутных пад адкрытым небам прагучаў вялікі канцэрт пад назвай «Для вас, землякі» ў выкананні самадзейных артыстаў. Разам з гаспадарамі мерапрыемства прыемны настрой дарылі загадчык Лясноўскага сельскага дома культуры Наталля Валога і яе дачка Ірына, загадчык Песачанскага цэнтра культуры і адпачынку Любоў Карповіч, а таксама шматлікія ўдзельнікі свята. А пазней, увечары, на пляцоўцы да позняй ночы адбылася дыскатэка «И спляшем, и споем».
Павел ШЭІН
Комментарии