У гэты дзень у каталіцкіх святынях адбываецца благаслаўленне вадзіцеляў і транспартных сродкаў.
Абраз святога Крыштафа з маленькім Езусам на плячы вядомы, напэўна, кожнаму верніку. Тым не менш пра жыццё і дзейнасць гэтага амаль што самага папулярнага ў народзе святога, аднаго з чатырнаццаці заступнікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах, адсутнічаюць якія-небудзь дакладныя звесткі.
Крыштаф — з грэч. christophoros («той, які нёс Хрыста»). На падставе адной з найбольш папулярных сярэдневяковых легенд узнікае вобраз гэтага святога. Аднойчы пасля цяжкага працоўнага дня Крыштаф адпачываў. Разбудзіў яго голас дзіцяці, якое прасіла, каб яго перанеслі на другі бераг ракі. Велікан падхапіўся, узяў у рукі свой кій, які служыў яму падпораю пры пераходзе праз раку, пасадзіў на плячо прыгожае дзіцятка і весела ступіў у ваду. Але з кожным крокам ягоная ноша станавілася ўсё цяжэйшай. Нарэшце Крыштаф не стрымаўся і спытаў: «Хто ты?» У адказ пачуў: «Я — Езус, твой Збавіцель. Несучы Мяне, ты нясеш увесь свет, бо Я — той, хто яго стварыў. Я з’яўляюся тваім Валадаром, якому ты тут служыш. А каб ты пераканаўся, што ўсё сказанае Мною — праўда, калі вернешся, убі свой посах у зямлю — ты ўбачыш, як прыгожа ён заквітнее». Менавіта гэтая легенда натхняе мастакоў, якія малююць св. Крыштафа часцей за ўсё з Дзіцяткам Езусам на плячах.
Магчыма, Езус паведаміў Крыштафу пра мучаніцкую смерць, якая яго чакае. З гэтага моманту св. Крыштаф вёў жыццё, поўнае пакаяння, аскезы, а таксама навучаў веры ў Хрыста, пацвярджаючы сваё вучэнне цудамі, адным з якіх быў цуд з посахам. Ён насіў посах з сабою, а калі ўтыкаў яго ў зямлю — той зацвітаў.
Святы Крыштаф лічыцца заступнікам ад неспадзяванай смерці; апекуном вадзіцеляў, маракоў, падарожнікаў, пілігрымаў, а таксама атлетаў, шахцёраў, шукальнікаў скарбаў, садоўнікаў, прадаўцоў гародніны, дзяцей; сродкаў камунікацыі; да яго звяртаюцца падчас эпідэмій чумы і іншых заразных хвароб, пры пагрозе стыхіі агню і вады, засухі, буры і граду, пры хваробах вачэй, пры зубным болі, пры раненнях.
Асвячэнне транспартных сродкаў адбудзецца 26 ліпеня пасля святой Імшы ў 10.00.
Пробашч Андрэй КАЛЯДКА,
настаяцель парафіі святых Пятра і Паўла ў г. Капылі
Комментарии