Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

60

Па жыцці разам (CMigrator copy 2)

14.05.2010

(Да 80-годдзя “Слава працы”)

Толькі ў маі 1943 года вярнуліся ў старыцкі лес. У гэты час падпольным райкамам партыі кіраваў сакратар Ніл Дзянісавіч Емяльянаў. Склад газетчыкаў змяніўся. Вярстаць і друкаваць раённую газету пад ранейшай назвай запрасілі Ганну Гурыновіч, былую работніцу капыльскай друкарні. Як яна ўспамінала, былі ў партызанскай друкарні шрыфты і нейкі запас паперы. Друкарня выпусціла першы нумар 12 ліпеня 1943 года, але пад загалоўкам яна набрала, як у тэксце, нумар 71. Як растлумачыў рэдактар Клюйка, гэта каб абхітрыць гітлераўцаў, няхай думаюць, што раёнка выходзіць даўно назло іх карным экспедыцыям. Прымітыўная друкарня выпускала яшчэ і ўздзенскую газету “За савецкую радзіму”, а таксама лістоўкі.

З радасцю чыталі людзі партызанскую праўду, яна давала ім веру ў перамогу над заклятым ворагам. Дапамагаў друкаваць лісты  партызан Вячаслаў Астрэйка.

Ніл Дзянісавіч запрасіў да сябе партызанскага разведчыка Мікалая Дарашэвіча і прадставіў рэдактару падпольнай райгазеты. Клюйка пацікавіўся ў 18-гадовага хлопца, ці той працаваў у газеце да вайны, Мікалай адказаў, што працаваў. І тады Емяльянаў і Клюйка ўгаварылі маладога партызана стаць літсупрацоўнікам падпольнага выдання. “Так я стаў журналістам газеты “Калгаснік Капыльшчыны. Нас было трое. Рэдактар Клюйка добра ведаў газетную справу, і таму кожны нумар райгазеты быў цікавы. Сакратар Коршук па прафесіі педагог, але меў добрыя журналісцкія задаткі. Шмат газетчыкам дапамагаў Емяльянаў, які ў свой час працаваў рэдактарам і добра ведаў журналісцкую справу. Мне было ў каго вучыцца пісаць”, — так успамінаў пра той час Мікалай Канстанцінавіч.

Рэдакцыя з цяжкасцю здабывала паперу для друкавання не толькі раёнкі, але і лістовак, таму тыраж не выходзіў за межы 500 – 600 экземпляраў. У забеспячэнні важным газетным матэрыялам дапамагаў сакратар партбюро атрада імя Чапаева Павел Сцяпанавіч Лагвіненка. Аднойчы завітаў у атрад камсамолец Іван Зіневіч – кіраўнік капыльскай падпольнай групы. Ён прынёс звесткі аб гарнізоне, а таксама паперу для газеты і медыкаменты для партызанскага шпіталя. Пазней, калі наступіў востры дэфіцыт і вось-вось магло спыніцца друкаванне газеты, з Масквы разам з боепрыпасамі і медыкаментамі прыслалі некалькі пасылак паперы. Тады рэдакцыя перабазіравалася ў глухі забалочаны лес каля вёскі Роспы. З цэнтра штодзённа ішло шмат цікавых паведамленняў аб поспехах нашых пехацінцаў, лётчыкаў і маракоў, і таму часцей даводзілася друкаваць лісткі “Весткі з фронту”. Актывізаваліся баявыя дзеянні, і газетчыкі ўжо пісалі вельмі коратка, каб паведаміць аб усім чытачам. Супрацоўнікі рэдакцыі не замыкаліся толькі на выпуску газеты, яны часта выязджалі ў вёскі і чыталі жыхарам свежыя нумары “Калгасніка Капыльшчыны”, а таксама атрыманыя зводкі з Масквы. Пасля такіх сустрэч многія юнакі і дарослыя ўліваліся ў рады народных мсціўцаў.

Дарэчы, ва ўспамінах Мікалая Дарашэ- віча (будучага рэдактара пасляваеннай райгазеты “Калгаснік Капыльшчыны”) узгадваецца калектыў рэдакцыі ўздзенскай падпольнай газеты “За савецкую Радзіму”. “Мы працавалі разам і дапамагалі адзін аднаму і вярстаць, і пісаць падпольныя выданні. Рэдактар Іосіф Ус і сакратар Павел Ліпіла былі душой журналісцкага калектыву. Асабліва Павел Паўлавіч. Калі мы стамляліся, ён браў у рукі гітару і ўзнімаў настрой, “сыпаў”, як з кошыка, жарты. Наш любімец – аўтар вядомай песні пра Лаўскі бой і яго герояў. Яе спявалі лясныя салдаты ля кастроў і ў паходах. Словы песні клікалі на подзвіг. Уздзенскую раёнку, як і капыльскую, набраную рознымі шрыфтамі, нават зробленымі сваімі майстрамі з гумы, з цікавасцю чыталі жыхары песачанскай партызанскай рэспублікі, у Цімкавічах, Бабоўні, Семежаве, Капылі, Уздзе і нават у Слуцку і Грэску. Чытачоў прыцягвалі гнеўныя матэрыялы выдатнага журналіста Ліпілы, якія бічавалі здраднікаў і фашыстаў. На ўсё жыццё нас звязала баявое братэрства ў цесных лясных зямлянках”.

У Капыльскім краязнаўчым музеі захаваўся з дзесятак нумароў нашай газеты-партызанкі, якія расказваюць аб фашысцкіх вырадках, што лютавалі на нашай зямлі, а за гэта ім помсцілі капыльскія патрыёты. У першым нумары (сімвалічны 71) надрукаваны перадавы артыкул: “На помсту нямецка-фашысцкім акупантам.  Аўтар паведамляе, што ад прыгожых вёсак Прусы, Масявічы, Калодзезнае, Жавалкі, Старыца і іншых засталіся папялішчы і сотні забітых і абгарэлых людзей. Вісельні, магілы – вось сляды гаспадарання нямецкіх карнікаў.

Жудасныя мукі выцерпелі жыхары вёскі Дусаеўшчына: у агні загінулі 64 чалавекі. У 2, 3 і 4-м нумарах расказваецца пра зверствы нямецкіх нелюдзяў, якія спалілі і замучылі дзесяткі вяскоўцаў у Траянаве і Бабоўні. Штатныя і няштатныя аўтары раёнкі заклікаюць тых, хто яшчэ жыве: “Забі гітлераўца, інакш ён заб’е цябе!”

У жнівеньскім нумары газета заклікае: “Сяляне! Хавайце хлеб ад гітлераўскіх разбойнікаў. Ні грама мяса, хлеба і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў акупантам! Партызаны, перашкаджайце забіраць ураджай гітлераўцам. Біце фашысцкую зграю!” З гэтай заметкай пераклікаецца перадавы артыкул “Нічога не даваць нямецкім акупантам. Як груганнё, наляцела фашысцкая зграя на Беларусь і насаджае так званы свой “новы парадак” – парадак заняволення, грабяжу, здзекаў і смерці для беларускага народа. Хлеб з памешчыцкіх маёнткаў трэба адбіраць і хаваць для патрэб партызанскіх атрадаў”. На першай старонцы паведамленне Саўінфармбюро з 6 па 12 жніўня. За гэты час Чырвоная Армія на Бранскім напрамку заняла 600 населеных пунктаў. А на харкаўскім напрамку занялі 520. Знішчаны 431 нямецкі танк і ў паветраных баях збіта 617 варожых самалётаў. Такая інфармацыя ўзнімала баявы дух партызан і веру ў перамогу ў насельніцтва раёна.

На другой паласе ўвагу прыцягвае вялікі матэрыял “Жанчыны ў барацьбе з немцамі”. У ім паказваецца веліч ленінградскай жанчыны. Яны ў холадзе і голадзе пад свінцовым агнём капаюць акопы, сваім дыханнем адаграваюць станкі і, сціснуўшы зубы, куюць зброю для фронту. А таксама расказваецца пра мужнасць камсамолак пры абароне Сталінграда.

Іван ІГНАТЧЫК


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей