Нягледзячы на зменлівае і няўстойлівае надвор’е, уборка жніва ідзе поўным ходам. На палях гудуць камбайны і машыны. Хлебаробы ААТ “Старыца-Агра” стараюцца не ўпусціць пагодлівую хвіліну. Работа арганізавана так, каб кожная мінута, гадзіна працавалі на ўраджай. У сельгаспрадпрыемстве ўжо убрана 70% плошчы, намалочана 6584 тоны збожжа, ураджайнасць складае 47,3 цэнтнера з гектара. Тут аднымі з першых у раёне з’явіліся і тысячнікі. Дарэчы, поле і было месцам ушанавання экіпажа Дарашэвічаў - Віктара і Дзмітрыя, а таксама вадзіцеля Уладзіміра Серага, якога ў раёне пакуль ніхто не апярэдзіў – перавёз 1124 тоны збожжа новага ўраджаю.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Алена Міхайлоўская сардэчна павіншавала камбайнераў з працоўнай перамогай і ўручыла падзячнае пісьмо ад старшыні райвыканкама. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Татарыцкі ўзнагародзіў перадавікоў падзякай ад упраўлення райсельгасхарчу і РК прафсаюза работнікаў АПК, грашовай прэміяй. Не застаўся ў баку і прафсаюзны камітэт гаспадаркі – яго старшыня Уладзімір Стош уручыў грашовую прэмію. Усе аднагалосна пажадалі, каб перадавікі ААТ “Старыца-Агра” сталі першымі не толькі ў раёне. І да гэтага сапраўды імкнецца экіпаж камбайна “Лексіён-570”. Сённяшні тысячнік Віктар Дарашэвіч не першы год атрымлівае добрую адзнаку і шматлікія ўзнагароды. А ўсё ад таго, як кажа сам, што трэба мець азарт, імкненне рабіць сваю справу і хутка, і якасна. Мабыць, гэты ж азарт уласцівы і яго сыну Дзмітрыю, які стараецца быць добрым памочнікам і працягваць працу бацькі – самую пачэсную на зямлі.
Павел Шэін,
студэнт IV курса аддзялення журналістыкі ІПП
На здымках: 1. А. Міхайлоўская, Дзмітрый і Віктар Дарашэвічы, А. Татарыцкі падчас узнагароджвання; 2. Лепшы вадзіцель Уладзімір Серы.
Фота аўтара
Комментарии