У гады вайны на тэрыторыі Беларусі фашысты ўчынілі 200 канцлагераў і 110 гета.
Вялікая Айчынная вайна была адной з самых кровапралітных і спусташальных войнаў, якую зведаў беларускі народ за ўсю сваю шматвекавую гісторыю. Яна з самага пачатку для СССР склалася вельмі неспрыяльна: на ўсім фронце ад Балтыкі і да Чорнага мора Чырвоная Армія несла цяжкія страты і вымушана была паўсюдна адступаць. Беларусь не адзін раз станавілася ахвярай іншаземных захопнікаў. Але такой жорсткай акупацыі, як гэта было ў апошнюю вайну, яна яшчэ не ведала. На захопленай тэрыторыі фашысты адкінулі ўсе міжнародныя прававыя нормы, дзейнічалі так, быццам бы гэтая тэрыторыя ўжо з’яўлялася неад’емнай часткай Германіі. Згодна з так званым генеральным планам «Ост», фашысцкія захопнікі меркавалі пакінуць у Беларусі 25 працэнтаў мясцовага насельніцтва для анямечвання і выкарыстання ў якасці рабочай сілы. Астатняе падлягала знішчэнню і прымусоваму высяленню. Каб надаць больш арганізаваны і эфектыўны характар катаванням і вынішчэнню савецкіх людзей, гітлераўцы стварылі на тэрыторыі Беларусі сістэму канцэнтрацыйных лагераў і турмаў, дзе без суда і вызначэння тэрмінаў зняволення знаходзіліся дзесяткі тысяч чалавек. Месцы зняволення падзяляліся на лагеры смерці для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі), для цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры, жаночыя лагеры, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, гета). У канцэнтрацыйных лагерах утрымліваліся адначасова мільёны людзей. Час знаходжання ў іх быў даволі кароткі, паколькі асноўнае іх прызначэнне - «фабрыкі смерці». Самымі страшэннымі былі Дахаў, Асвенцым, Майданэк, Бухенвальд, Маўтхаўзен і Саласпілс. У працоўных лагерах утрымліваліся, у асноўным, людзі з акупіраваных тэрыторый, - жанчыны, а таксама дзеці з 11 год.
Усяго на тэрыторыі Беларусі было больш за 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Самым буйным на часова акупіраванай тэрыторыі не толькі Беларусі, але і ўсяго СССР з’яўляўся Трасцянецкі лагер смерці (каля Мінска), дзе было знішчана 206 500 чалавек. Гэта чацвёрты па колькасці ахвяр, загінуўшых ад фашыстаў, лагер пасля Асвенцыма, Майданэка, Трэблінкі. Для ажыццяўлення злачыннага плана масавага ўгону людзей на катаржныя работы ў Германію нямецкія захопнікі станавіліся на шлях падману, пагроз, правакацый, праводзілі паліцэйскія аблавы і карныя аперацыі. Гаспадарчай інспекцыі групы армій «Цэнтр» і генеральнай акрузе «Беларусь» прадпісвалася кожны дзень пасылаць у рэйх ад 500 да 1000 рабочых. Пачалося «паляванне на людзей». У гарадах іх хапалі на вуліцах, рынках і іншых ажыўленых месцах. На асобным рахунку ў фашысцкіх захопнікаў былі жыхары партызанскіх зон. Яны аб’яўляліся «бандытамі» ці «саўдзельнікамі бандытаў», ставіліся «па-за законам» і падлягалі знішчэнню ці пагалоўнаму ўгону ў рабства.
Гітлераўцам удалося захапіць і вывезці ў Германію з акупіраванных раёнаў Беларусі звыш 380 тысяч грамадзян, у тым ліку з Капыльшчыны - 749 чалавек, сярод іх 114 былі непаўналетнія вязні. Не абмінула цяжкая доля канцэнтрацыйных лагераў Лідзію Мядзянік, Надзею Дубаўцову, Веру Лагвіненка, Кацярыну Лебедзь, Фаіну Лазарэвіч і многіх іншых юнакоў і дзяўчат. Аб тым, што спазнала і праз якія пакуты прайшла Надзея Дубаўцова, можна даведацца з успамінаў, якія захоўваюцца ў Капыльскім раённым краязнаўчым музеі. Да вайны Надзея Сяргееўна працавала настаўніцай ў в.Андросаўшчына, вайну маладая жанчына сустрэла ў бацькоў - у в.Сялец Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, дзе яна вырашыла правесці некалькі летніх месяцаў з нованароджанай дачкой. А на Капыльшчыне застаўся яе муж Уладзімір Дарашэвіч. 3 першых дзён акупацыі яна разам з іншымі членамі камсамольскай арганізацыі вяла актыўную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Маладой жанчыне было даручана пісаць і распаўсюджваць лістоўкі, а таксама здабываць звесткі пра нямецкі гарнізон. 3 красавіка 1943 г. Надзея Дубаўцова была сувязной з партызанскім атрадам. Ёй стала вядома, што на пачатку лютага 1944 г. плануецца аблава. Паколькі моладзі ў вёсцы было мала, пачалі забіраць старых, сярод якіх быў і бацька Надзеі. Мэтай такіх аблаў, безумоўна, было не толькі жаданне праціўніка расправіцца з партызанамі, але і выканаць гітлераўскія планы па рэзкім скарачэнні людскога патэнцыялу Беларусі. Праз некаторы час немцы зноў наведаліся ў вёску, дзе знаходзілася Дубаўцова. Але на гэты раз ёй не пашанцавала. Дачку, якую жанчына трымала на руках, выхапілі і кінулі ў снег, а саму Надзею адвезлі ў турму, а адтуль, у таварным вагоне павезлі ў далёкую Нямеччыну - у канцэнтрацыйны лагер каля нямецкага горада Людвігфельд. Надзея Дубаўцова, як і ўсе вязні з Савецкага Саюза, павінна была насіць злева на грудзях знак адрознення - нашыўку з надпісам «OCT», якую вязні тлумачылі, як «остерегайтесь советских товарищей». Умовы ўтрымання ў канцэнтрацыйных лагерах былі невыноснымі. Жылі ў бараках. На работу вадзілі пад канвоем, кармілі так, абы не памерлі з голаду. Тых, хто парушаў існуючы рэжым, адпраўлялі ў камеры, дзе яны праз 10-15 дзён паміралі. 22 красавіка 1945 г. Надзею Дубаўцову разам з іншымі вязнямі канцэнтрацыйнага лагера вызвалілі, і яна вярнулася на радзіму.
Але на радзіме былых вязняў нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў чакалі новыя выпрабаванні...
Таццяна Варанцова,
старшы навуковы супрацоўнік ДУ «Капыльскі раённы краязнаўчы музей»
Комментарии