Краязнаўчы даведнік «Я – капылянін. (Займальна пра родны горад)» падрыхтаваў напярэдадні свайго 70-гадовага юбілею настаўнік геаграфіі СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага Анатоль Мікалаевіч Сікорскі.

Даведнік будзе карысным для настаўнікаў, класных кіраўнікоў, выхавальнікаў пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў, факультатыўных заняткаў, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй Капыля.
Анатоль Мікалаевіч 45 гадоў аддаў працы ў роднай школе, выпускніком якой ён, дарэчы, з’яўляецца. Праз яго рукі, душу і сэрца прайшлі сотні ўдумлівых, цікаўных, усебакова развітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Педагог падрыхтаваў шэсць стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, яго вучні на працягу многіх гадоў з’яўляліся пераможцамі прадметных алімпіяд розных узроўняў. За добрасумленную працу мае шмат узнагарод, сярод якіх медаль Францыска Скарыны, нагрудны знак «Выдатнік адукацыі». Яго прозвішча занесена ў Кнігу працоўнай славы Капыльскага раёна.

Свае веды і жыццёвы вопыт ён з ахвотай перадае іншым праз публікацыі ў часопісах і газетах, з’яўляецца аўтарам дапаможнікаў, такіх як «Геаграфія для кемлівых і дапытлівых», «Геаграфія Беларусі: тэсты, дыктанты, творчыя заданні», «Геаграфія Беларусі: ведай і ўмей», суаўтар выдання «Выкладанне геаграфіі Беларусі ў 9 класе». Анатоль Мікалаевіч таксама чытаў лекцыі ў Мінскім абласным і гарадскім інстытутах развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі для настаўнікаў, якія павышаюць сваю кваліфікацыю.
Як патрыёт сваёй Радзімы, ён заўсёды імкнецца перадаць любоў да роднай Беларусі, нашай Капыльшчыны сваім удзячным вучням.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии