Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

94

Литературная критика 20-х годов предсказывала Кузьме Чорному будущее «белорусского Достоевского»

23.06.2020
Літаратурная крытыка 20-х гадоў, калі Кузьма Чорны толькі-толькі ўваходзіў у свет прыгожага пісьменства, прадказвала яму будучыню «беларускага Дастаеўскага». Яна, напэўна, трымала пры гэтым у памяці словы Максіма Гарэцкага, сказаныя яшчэ ў 1914 годзе: «Скранулася Беларусь, узварухнуліся яе спрадвечныя імшары, і я з вялікай надзеяй чакаю беларускіх Дастаеўскіх, Ул. Салаўёвых і т.п.» Чорны разумеў, што знаходзіцца ў самым пачатку стварэння сапраўднай беларускай прозы, а таму адразу ставіў перад сабою і перад сябрамі па пяры самыя надзейныя і самыя складаныя задачы: «Павінны быць створаны беларускія вышэйшыя формы беларускай культуры». Не ўсё з задуманага ён паспеў здейсніць, аднак самае галоўнае пісьменнік паспеў зрабіць, стаўшы стваральнікам беларускай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы, у якой чытач адшукае сапраўднага беларускага мужыка і сапраўднага беларускага інтэлігента, патрыёта і гуманіста. Творчы рост Кузьмы Чорнага адбываўся вельмі шпарка: так шмат патрэбна было яму сказаць і за сябе, і за сваіх землякоў-цімкаўцаў, і за ўсіх беларусаў. Услед за першымі зборнікамі «Апавяданні» на працягу толькі 1925-1926 гадоў выйшлі яго кнігі «Па дарозе», «Срэбра жыцця», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». Малады празаік хутка пазбаўляўся «дзіцячых хвароб» пачаткоўца: ад досыць павярхоўнага захаплення новым у жыцці вёскі і горада шлях вёў у глыбіні чалавечай душы, дзе віравалі вялікія буры пачуццяў і думак, дзе якраз і выспявалі будучыя ўчынкі. «Чалавек – гэта цэлы свет, – пісаў Кузьма Чорны, –… Вялікімі і малымі заклапочаны людзі, сталымі і смешнымі – кожны па-свойму, але ў кожнага душа запоўнена». Як сапраўдны мастак-філосаф, псіхолаг, гісторык Кузьма Чорны напружана шукаў адказ на пытанне, што адбываецца з чалавекам, з краінай, з народам. Сапраўды, чаму зло ў свеце, дзе столькі разумных і нармальных людзей, не толькі не адступае, але часам святкуе перамогу над справядлівасцю, чалавечнасцю, чысцінёй, красой?! За тры з паловай ваенныя гады цяжка хворы пісьменнік напісаў каля паўсотні публіцыстычных артыкулаў, выступленняў, памфлетаў, падрыхтаваў да друку зборнік апавяданняў «Вялікае сэрца», напісаў тры раманы, задумаў і часткова ажыццявіў каля дзесятка іншых эпічных твораў. У творах пісьменніка ваенных гадоў на ўсю моц загучалі гуманістычныя ідэі. Ствараючы вобразы сялян і інтэлігентаў, вясковых мудрацоў, самабытных філосафаў, дзівакоў, праўдашукальнікаў, празаік думаў пра тое адвечнае і сапраўднае, чым жыў і жыве народ. Гэта быў унікальны у нашай літаратуры выпадак, калі пісьменнік ішоў паралельна, а то і апярэджваў у мастацкім асэнсаванні ХХ стагоддзя сваіх замежных калег, пра многіх з якіх ён нічога не чуў і не ведаў (А. Камю, Т. Ман). Асобныя старонкі яго прозы, вобразы, малюнкі, думкі ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як «успамін пра будучыню». Людміла НІЖЭВІЧ, кіраўнік Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей