Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

50

Стаўка — на якасць

29.07.2011

Жніво ў ААТ “Ціміразеўскі” пачалося з уборкі азімай пшаніцы. Менавіта гэта культура паспела першай. І, паводле слоў галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Віталя Платуна, дае неблагія рэзультаты.

“Калі летась у сярэднім па гаспадарцы мы мелі ўраджайнасць 29 ц/га, то сёлета ўжо на 10 ц/га больш, — расказвае спецыяліст. — Убрана амаль чвэрць неабходнай плошчы і намалочана каля 4000 тысяч тон збажыны. Паралельна з пшаніцай убіраем трыцікале, у канцы тыдня, мяркую, дойдзе чарга і да ячменю”.

Паколькі гаспадарка мае досыць значную плошчу (толькі збожжавыя і зернебабовыя занялі 4000 га), палічылі мэтазгодным увесь камбайнавы парк, а гэта 13 машын, разбіць на тры звяны. Адно з іх (з шасці камбайнаў) працавала ля Заняведамкі, дзе мы і пабывалі. Тут жа сустрэліся з экіпажам у складзе Алега Пяцігорца і Аляксея Астахава. Механізатары не першы год працуюць у адной звязцы, ды і вынікі паказваў экіпаж вельмі добрыя: у 2008 годзе стаў прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод маладзёжных экіпажаў. Дык чаму б не паўтарыць альбо нават не палепшыць свой жа высокі рэзультат, тым больш, што ўжо на яго рахунку 597 тон?

У ліку лідэраў раённага спаборніцтва і экіпаж пад началам старэйшага з Пяцігорцаў — Сяргея, які сёлета працуе ў пары з Андрэем Міцько. На рахунку камбайнераў ужо 794 тоны збажыны

Адным са складальнікаў поспеху з’яўляюцца, безумоўна, умовы працы, якія створаны для ўдзельнікаў жніва. У ААТ “Ціміразеўскі” яны добрыя. Работнікі сталовай клапоцяцца, каб своечасова прыгатаваць і даставіць на поле смачныя абеды, забяспечаны хлебаробы пітной вадой, маюць магчымасць пасля цяжкага дня змыць пыл і стому, своечасова атрымліваюць інфармацыю аб выніках сваёй працы.

І яшчэ адна акалічнасць, якая з’яўляецца ледзь не самай асноўнай падчас жніва — якасць яго вядзення. На палетках за ходам работ сочаць брыгадзіры, ды і самі камбайнеры вельмі зацікаўлены, каб не дапусціць страт.

Не менш важныя ўдзельнікі жніва вадзіцелі. Іх праца таксама вельмі адказная і напружаная: не прапусціць момант, калі паступіць сігнал, што бункер камбайна запоўнены, даставіць збажыну, не згубіўшы ніводнага зярняці, на ток, хутка вярнуцца на поле, каб не дапусціць прастояў збожжаўборачнай тэхнікі. Вадзіцель Анатоль Пячонкін ужо добра ведае асаблівасці ўборачнай кампаніі і ўпэўнены, што пройдзе яна, як заўсёды арганізавана, паколькі яе ўдзельнікі мэтанакіравана ідуць да поспеху.

Збожжасушыльная гаспадарка ў “Ціміразеўскім” прадстаўлена пяццю комплексамі — ад самага новага ЗСК-40, уведзенага ў строй у 2009 годзе, які здольны прапускаць за змену не менш за 300 тон, да старэнькіх, але яшчэ даволі актыўна працуючых КЗС-10, КЗС-20, польскай сушылкі М-819. Паралельна жніву ідзе і адвозка саломы: арганізавана звяно з двух пагрузчыкаў і трох трактароў, і вось ужо новенькія скірды жаўцеюць  ля жывёлагадоўчых ферм.

 

Маргарыта САКОВІЧ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей