30
3 роду першапраходцаў
27.07.2011
Нашым капыльскім чытачам, ды і не толькі, прыемна будзе даведацца, як склаўся жыццёвы лёс сына дэлегата І з’езда РСДРП, нашага земляка з Душава Казіміра Казіміравіча Петрусевіча, прадстаўніка даўняга беларускага роду.
Сёлета сыну вядомага грамадскага дзеяча споўнілася б 105 гадоў. Нарадзіўся Казімір Казіміравіч Петрусевіч у Мінску, калі бацька пасля арышту за ўдзел у рэвалюцыйным руху 1905 года вярнуўся з Сібірскай ссылкі. У хуткасці маці Яніна (з роду Наркевічаў-Ёдкаў), вядомая сацыял-дэмакратка, каб пазбегнуць арышту, разам з Казікам эмігрыравала ў Швейцарыю. Потым яны зноў вярталіся ў Мінск, дзе трапілі ў ліхалецце Першай сусветнай вайны. Затым у разгар грамадзянскай вайны сям’я Петрусевічаў блукала па Украіне, трапіла ў пастку да пятлюраўцаў, там падлетак Казя згубіў сваіх родных. Ён знайшоў іх у Варшаве толькі ў 1920 годзе.
Бацька ўладкуецца ў горадзе Вільні, Казімір будзе жыць з ім і паступіць у Віленскі ўніверсітэт. Тут ён увойдзе ў лік актывістаў нелегальнай антыфашысцкай арганізацыі “Фронт”, дзе на першых ролях будуць Казімір Петрусевіч, Уладзіслаў Лянкевіч, Янка Купала. Жыццё яго кідае ўсюды. Давялося яму пабываць у доўгіх марскіх вандроўках, калі наймаўся матросам на польскія транспартныя судны. Хлопец удзельнічаў у сутычках партовых рабочых у Гдыні, за што сядзеў у турме. Ён працаваў шахцёрам на вугальных шахтах у Ардэнах. Петрусевіч стаў арганізатарам газеты “Попросту”, якая выдавалася пры падтрымцы ЦК кампартыі Заходняй Беларусі і карысталася аўтарытэтам у чытачоў. У Варшаве над ім адбыўся судовы працэс (яго асудзілі на 4 гады).
3 нецярпеннем камсамольцы і камуністы чакалі вызвалення Заходняй Беларусі, і калі ў верасні 1939 года сябры Петрусевіча арганізавалі рабочую міліцыю і стварылі новую Савецкую ўладу ў Вільні, ім далі зразумець: вы сапсаваліся палякамі. Не мог Казімір усвядоміць, за што навесілі ярлык сацыял-фашыста на Даніка (брата) і потым расстралялі.
Вайну Казімір Петрусевіч сустрэў дырэктарам Мальковіцкай школы на Палессі. Перажыўшы арышт, раненне, ён здолеў уцячы з палону і трапіў у легендарны атрад Кірыла Арлоўскага, дзе быў прызначаны ў разведку. Назаўсёды засталіся ў памяці патрыёта гэтыя ваенныя гады, не раз узгадваў Казімір Казіміравіч, як быў цяжка паранены Кірыл Арлоўскі. Беспрытомнага камандзіра Петрусевіч занёс у зямлянку. Аперыраваў урач, яму ва ўсім дапамагаў Петрусевіч. Яго здзівіла сіла волі каматрада, які без наркозу ўсё выцерпеў. Ён для Петрусевіча-малодшага стаў прыкладам, на які той раўняўся.
Так ужо склалася, што Петрусевічы пераехалі пасля вайны ў Польшчу. Бацька разумеў, што ніякія заслугі яго не выратуюць ад ганенняў. Ён не хацеў паўтарыць сібірскі этап. У Варшаве Казімір Адамавіч быў вельмі ўшанаваны. Пра яго і сёння ўспамінаюць, уключаюць у кнігі і даведнікі па гісторыі. Ён выбіраўся членам Вярхоўнага суда Польскай народнай рэспублікі, урад узнагародзіў яго ордэнам “Адроджаная Польшча”. Памёр наш славуты зямляк 14 жніўня 1949 года.
І Казімір Казіміравіч Петрусевіч не быў абдзелены ўвагай. У маладой дзяржаве ён быў намеснікам міністра марскога флоту і разам з тым паспяхова асвойваў абсягі навукі. Петрусевіч-малодшы шмат зрабіў для адраджэння Польшчы: стварыў Інстутут экалогіі, быў членам прэзідыума Акадэміі навук, стаў вядомым грамадскім дзеячом. Ён аб’ездзіў паўсвету з навуковымі свяціламі Еўропы, Азіі, Амерыкі. Выпрацаваў шмат прапаноў па ахове навакольнага асяроддзя. Неаднаразова Казімір Казіміравіч удзельнічаў у міжнародных сімпозіумах, якія арганізоўваліся ў Маскве і Мінску. Яго вельмі паважалі ў былым Савецкім Саюзе.
У канцы 70-х ці ў пачатку 80-х акадэміка запрасілі ў Мінск на здымкі фільма пра беларускіх партызан. Як актыўны ўдзельнік партызанскага руху, Казімір Казіміравіч павінен быў расказаць пра велічнасць подзвігу “лясных салдат”. У той дзень у яго былі распісаны сустрэчы з аспірантамі, вучонымі-эколагамі, розныя сімпозіумы ды яшчэ сустрэча з аднапалчанамі. Акадэмік не ведаў, што на мінскім вакзале яго чакае незвычайны сюрпрыз. Па вагоне радыёпрыёмнік аб’яўляе: “Таварыш Петрусевіч, Вас сустракае ваенны з кветкамі.” Весела, урачыста грае аркестр, а ён думае, хто б гэта мог быць. “Добры дзень, Казімір Казіміравіч!” — і невядомы падпалкоўнік уручае яму кветкі. Госць з Варшавы ашаламіўся і не мог нічога сказаць, бо не ведаў гэтага ваеннага. “Я Уладзімір Пятровіч Румянцаў — сын Пятра Румянцава. Гэта ў нашым доміку праходзіў першы з’езд РСДРП, а ваш тата быў дэлегатам.”
Петрусевіч-малодшы паўгода чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах ЗША, Панамы, Мексікі. Пасля прыезду дамоў, не адпачыўшы, чытаў даклад ў Маскве на міжнародным Кангрэсе біёлагаў-паляўнічых. Ён ганарыўся сваёй бабуляй, якая была пляменніцай генерала Яраслава Дамброўскага — героя Парыжскай Камуны, дзедам Янам Наркевічам-Ёдкам, які доўга жыў з ім у Вільні і шмат расказваў пра знакамітага камунара.
Iван ІГНАТЧЫК
Поделиться
Комментарии