Дырэктар дзяржаўнай вопытнай лесагаспадарчай установы «Капыльскі вопытны лясгас» Сяргей Станіслававіч Ульдзіновіч узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
[caption id="attachment_90064" align="aligncenter" width="613"]
Сяргей Ульдзіновіч[/caption]
Адпаведная пастанова Саўміна № 318 падпісана 28 мая 2020 года. Такой высокай узнагароды кіраўнік адной з лепшых лесагаспадарчых устаноў Міншчыны ўдастоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё лясной гаспадаркі.
Сяргей Станіслававіч з’яўляецца прадстаўніком дынастыі лесаводаў. У галіне з 2002 года. Першым працоўным месцам стаў Краснапольскі лясгас Магілёўскай вобласці, куды ён пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта быў прызначаны інжынерам-лесапатолагам. Затым была праца ў ДЛГУ «Уздзенскі лясгас», дзе прайшоў шлях ад майстра лесу да галоўнага ляснічага. А ў 2009-м дваццацідзевяцігадовы Сяргей Ульдзіновіч узначаліў капыльскі лясгас – на той час гэта быў самы малады дырэктар лясгаса ў галіне.
Дакладны эканамічны разлік, прафесійны падыход у вырашэнні вытворчых пытанняў, навядзенне парадку ва ўсіх структурных падраздзяленнях, бездакорнае выкананне фінансавай і выканальніцкай дысцыпліны, якія сталі асноўнымі напрамкамі дзейнасці маладога дырэктара, дазволілі ў хуткім часе Капыльскаму вопытнаму лясгасу трывала ўмацавацца ў тройцы-пяцёрцы лепшых лесагаспадарчых устаноў не толькі вобласці, але і рэспублікі.
Шмат было зроблена ў лясгасе за апошнія пяць гадоў. Можна толькі радком нагадаць самыя значныя аб’екты: пастаянны лясны гадавальнік, дэндрапарк, фазанарый, майстарскі ўчастак па вытворчасці паліўных гранул. Пастаянна праводзіцца мадэрнізацыя цэха лесаперапрацоўкі, сапраўдным упрыгажэннем горада стаў 20-кватэрны дом, у якім у хуткім часе будуць адзначаць наваселле працаўнікі лясгаса. Лесагаспадарчая ўстанова забяспечвае работай больш за 300 спецыялістаў. І кожны сёння атрымлівае дастойную зарплату.
Пра стабільную работу калектыву сведчаць і даныя пра выкананне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за першы квартал гэтага года. Так, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг склала 3 млн 757 тыс. рублёў пры плане 2,9 млн. Гэта 129,1% да вынікаў першага квартала мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг склала 33,1%. Пастаўлена прадукцыі на экспарт на суму 1 млн 59 тыс. долараў ЗША. Паступленні ад вядзення лясной і паляўнічай гаспадаркі атрыманы ў суме 831 рубель. Сярэднямесячная заработная плата – 1330 рублёў.
Менавіта таму Капыльскі вопытны лясгас прызнаны лепшым у абласным спаборніцтве па выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця лясной гаспадаркі за І квартал 2020 года сярод працоўных калектываў лясгасаў, на першай пазіцыі апынуўся і калектыў цэха дрэваапрацоўкі Капыльскага вопытнага лясгаса.
А яшчэ Сяргей Ульдзіновіч – прызнаваўся «Чалавекам года Міншчыны», з’яўляецца дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, што таксама накладвае пэўную адказнасць. І не толькі за свой працоўны калектыў, але і за выбаршчыкаў, якія ў свой час аддалі за яго голас.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота Дзіяны ТКАЧЭНКІ
Комментарии