— сцвярджае жыхар вёскі Падмажжа Семежаўскага сельсавета Міхаіл Парфёнавіч Астапеня. “А яшчэ – шмат працаваць”, — дадае старажыл.
Гледзячы на гэтага хударлявага, сярэдняга росту, рухавага чалавека, цяжка паверыць, што яму ўжо пераваліла на дзявяты дзясятак, што ён адзін вядзе такую гаспадарку (жонка памерла трынаццаць гадоў назад).
Жыццё майго героя не песціла. Нарадзіўся Міхаіл тут жа, у Падмажжы, у 1929 го-дзе. Маці працавала паляводам, бацька спачатку таксама, потым млынаром. У сям’і было чацвёра дзяцей. Жылі няблага, бо ўсе працавалі – і дарослыя, і малыя, у доме быў дастатак.
Непад’ёмнай гарой звалілі-ся беды на гэта сялянскае гняздо ў час вайны. Немцы пры адступленні спалілі падвор’е, застаўся толькі склеп, які стаяў наводдаль. На па-грабенні і туліліся пагарэльцы. Памёр ад невядомай хваробы старэйшы брат Міхаіла. А напрыканцы вайны прыйшла пахаванка на бацьку – ён за-гінуў 17 сакавіка 1945 года ў Польшчы пры фарсіраванні Одэра. Толькі нядаўна магілку яго знайшоў праўнук Янка Астапеня.
Як гаворыцца, бяда не прыходзіць адна. У тым жа 45-м не стала маці — відаць, не вытрымала сэрца нягод, што выпалі на яе долю. Засталіся дзеці круглымі сіротамі. Самаму старэйшаму, Міхаілу, — шаснаццаць, сястры — восем, брату — і двух гадоў не было. Так Міша стаў галоўным у сям’і. Ён тады заканчваў шосты клас, але стала не да вучобы: трэба было карміць сябе і малодшых браціка і сястру. Праўда, атрымлівалі пенсію за загінуўшага бацьку, але ж хіба на яе пражывеш? Усе грошы ішлі на прадукты, адзенне і абутак. А дзе ж жыць? І Міхаіл пайшоў працаваць у мясцовы калгас імя Сталіна. Тады ж стаў займацца пчоламі. З падказкі вопытных людзей вырабляў вуллі, лавіў раі. Капейку да капейкі складваў на новую хату.
У даваенныя і ваенныя гады ў моладзі было вялікае захапленне тэхнікай. Апанавала яно і Міхаіла. Хацеў стаць трактарыстам, ды дзе ты ўваб’ешся ў механізатары, калі на ўвесь калгас пасля вайны быў адзін трактар.
Але жаданне авалодаць тэхнікай у юнака не праходзіла. І калі ў калгас прывезлі паравы лакамабіль, Міхаіл папрасіўся, каб прыставілі да яго машыністам. Пехатою схадзіў у Цімкавічы на чыгуначную станцыю паглядзець, як працуюць паравозы. Доўга распытваў у дасведчаных людзей, што да чаго.
Мара хлопца збылася. Лакамабіль выпуску 1900 года ў яго руках выглядаў, як новенькі — усё чыста, акуратна, ледзь не вылізана. Дзіва што — агрэгат забяспечваў работу гатара, цыркуляркі, млына, такарнага станка.
Праз некаторы час у Семежаве з’явілася ўласная электрастанцыя, таксама паравая. Натуральна, што Міхаіла, як ужо вопытнага спецыяліста, прыставілі да яе. Зноў вада, дровы, торф, чыстка катлоў. Але хлапчына не бедаваў: галоўнае, што быў пры любімай справе. Пазней Міхаіл Апанасеня паліў калгасную лазню, водагрэйныя катлы на мех-двары.
— Цяжка было, але цікава, — зазначае Міхаіл Парфёнавіч. — Адно зараз засмучае — нейкая нізкая агульная культура як вытворчая, так і бытавая. Я, калі працаваў на мехдвары, паблізу высадзіў пладовы сад, парк. Самі людзі прыносілі насенне розных кветак, і мы разам з кладаў-шчыцай рабілі клумбы, заса-джвалі кветнікі. І вельмі шкада, што зараз на тым месцы звалка, яліны, равы, зарослыя хмызняком і лесам. Добра хоць, што семежаўцы і падмажаўцы не звялі сады: я ў свой час паўвёскі забяспечыў саджанцамі яблынь, груш, вішні, дапамагаў і пчол разводзіць…
Ажаніўся Міхаіл рана — у 18 гадоў. Разам з жонкай выгадавалі дваіх сыноў. Рыгор ужо на пенсіі, а Мікалай працуе на трактарным заводзе. Яны наведваюць бацьку, дапамагаюць пасеяць і ўбраць, упарадкаваць ураджай. Але пчоламі Міхаіл Парфёнавіч займаецца выключна сам, не давярае нікому. Ды і не любяць крылатыя руплівіцы чужых. І нездарма, калі я запытаў у гаспадара, у чым сакрэт яго бадзёрасці, жыццярадаснасці, Міхаіл Парфёнавіч на поўным сур’ёзе адказаў: “Каб доўга жыць і не хварэць, трэба есці мёд і шмат працаваць”. Дарэчы, да сялянскай працы прывучыў сыноў, зараз спрабуе прывіць любоў да яе траіх унукаў, праўнука.
55 гадоў налічвае працоўны стаж Міхаіла Парфёнавіча Астапені. За стараннасць і добрасумленнасць, вялікі ўклад у станаўленне і развіццё роднай гаспадаркі адзначаны медалём “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”, шматлікімі прэміямі, граматамі, каштоўнымі падарункамі.
Але не гэта грэе душу ветэрана, а квецень яблынь і груш у сваім садзе і суседніх, добрая слава аб ім у роднай вёсцы і навакольных паселішчах. А таксама Свята-Узнясенскі храм у Кіявічах, у аднаўленне якога ён уклаў разам з Мікалаем Кандраценем, іншымі вернікамі шмат працы, часу.
Іван СУРМАН, г. Узда
Комментарии