Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

У ААТ “Піянер-Агра” на ўліку кожная хвіліна…

26.07.2011
Жніво набірае абароты. Адна за другой гаспадаркі заканчваюць уборку рапсу і ўсю сваю ўвагу скіроў- ваюць на збожжавыя культуры. Сярод іх і ААТ “Піянер-Агра”. Тут неабходна ўбраць і абмалаціць 1450 га. Для гэтага маецца 7 сучасных камбайнаў, адзін з якіх — КЗС-1218 — набыты сёлета. На іх працуюць вопытныя механізатары, за плячыма якіх не адна ўборачная. Ужо пятнаццатая яна (у якасці кіраўніка сельгаспрадпрыемства) для Аляксандра Макарчука. “Мы імкнёмся ўсю тэхніку задзейнічаць на адным палетку, — рассказвае Аляксандр Рыгоравіч. — Так  кантраляваць лягчэй, ды і самі камбайнеры знаходзяцца ў аднолькавых умовах. Праўда, апошнія гады ў нас амаль няма розніцы па ўраджайнасці на палях. Калі ёсць неабходнасць, напрыклад, для ўборкі насенных участкаў, 1—2 камбайны пераводзім туды. Аднак гэта хутчэй выключэнне. Стараемся арганізоўваць работу так, каб скараціць пераезды з палетка на палетак. Пагадзіцеся, што ў кожнай справе вельмі многае залежыць ад самасвядомасці яе выканаўцаў. У ААТ “Піянер-Агра” з гэтым усё ў парадку. Як адзначыў кіраўнік, ад яго падначаленых ніколі не гучалі скаргі, напрыклад, на працяглы рабочы дзень ці нейкія цяжкасці. Людзі разумеюць, што ў такой важнай сельскагаспадарчай кампаніі амаль усё вырашае час — убраць збажыну трэба літаральна за два тыдні. А яшчэ — якасць вядзення работ. “Сёння, пры такой сучаснай высокапрадукцыйнай уборачнай тэхніцы, — працягвае гутарку Аляксандр Макарчук, — кардынальна змяніліся функцыі памочніка камбайнера. Калі раней ён быў пастаянна задзейнічаны ў рамонце камбайна, то цяпер для яго галоўнае — не дапусціць страт. На кожным участку работ ёсць адказныя спецыялісты, у функцыях якіх, у тым ліку, і праверка якасці работ камбайнавых экіпажаў. Калі будуць заўважаны страты — экіпаж пакараюць рублём. Пра гэта мы гаворым на зажынках: у першую чаргу — пра тэхніку бяспекі на жніве, потым — пра якасць вядзення ўборачных работ”. Адчуваюць вялікую адказнасць за рэзультат сваёй працы браты Андрэй і Дзмітрый Міцкевічы, з якімі адбылася вельмі кароткая размова — хлопцы спяшаліся прадоўжыць жніво, каб не ўпусціць ніводнай хвіліны. Андрэй пасля заканчэння тэхнікума загадвае гаражом, Дзмітрый — студэнт ВНУ — дапамагае падчас канікулаў брату і роднай гаспадарцы на жніве. Іх сямейны экіпаж існуе ўжо пяты год і вызначаецца поўным узаемаразуменнем і зладжанасцю ў рабоце. Хаця, Аляксандр Макарчук, і гэта было заўважана не адзін раз, ніколі не называе лепшых працаўнікоў. Ён лічыць, што горшых у іх гаспадарцы проста няма. Усе стараюцца, імкнуцца выканаць даручаную справу як мае быць. Такім энтузіязмам вылучаюцца нават пенсіянеры, якія па першым слове кіраўніка ідуць на дапамогу гаспадарцы ў такую гарачую для яе пару. У чым тут сакрэт? Мабыць, у тым, што Аляксандр Рыгоравіч узяў за правіла ніколі не адступаць ад свайго слова: паабяцаў — выканай, не атрымалася сёння — растлумач людзям сітуацыю і зрабі заўтра. Вяскоўцы давяраюць свайму кіраўніку, а гэта, кажучы па-руску, “дорогого стоит”. Паралельна вядзецца і ўборка саломы. Яе цюкуе высокапрадукцыйны прэс-падборшчык, хутка ў справу ўключацца і чатыры рулонныя прэсы, якія пакуль задзейнічаны на падборцы сена. Працуе звяно на адвозцы саломы. У ім два пагрузчыкі і два трактары са спецыяльна сканструяванымі мясцовымі ўмельцамі прычэпамі-платформамі. На полі, густа ўсыпаным жоўценькімі рулонамі і цюкамі, мы сустрэліся з механізатарамі Віталем Лазюком і Сяргеем Ігошыным. Яшчэ адзін надзвычай важны ўчастак работ — дапрацоўка зерня. У гаспадарцы працуюць два збожжасушыльныя комплексы: так званая польская сушылка і новы комплекс, які ўступіў у работу некалькі гадоў таму. Як расказалі яго машыністы Аляксандр Лазюк і Аляксандр Абцэшка, дарэчы, абодва — работнікі ТАА “Капыльскі энергасэрвіс”, якія падчас уборачнай накіраваны прадпрыемствам на дапамогу ААТ “Піянер-Агра”, за змену комплекс здольны дапрацаваць 300 тон зерня (а работа на ім двюхзменная). Працуе ён на прыродным газе, які сёння каштуе нямала. Таму і ўчасткі для ўборкі, паводле слоў Аляксандра Макарчука, імкнуцца падбіраць такія, дзе збажына мае меншую вільготнасць. І хаця пра агульную ўраджайнасць у гаспадарцы яшчэ гаварыць рана, але, напрыклад, трыцікале дало 50 ц/га, радуе кіраўніка і азімая пшаніца, да ўборкі якой прыступяць у хуткім часе. Маргарыта САКОВІЧ

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей