Сёлета спаўняецца 190 год з дня народзін нашага славутага земляка Антона Якаўлевіча Красоўскага - заснавальніка расійскага навуковага акушэрства, знакамітага вучонага і грамадскага дзеяча.
Нарадзіўся Антон Красоўскі ў 1821 годзе ў мястэчку Грозава. Бацькі яго былі прыгоннымі ў паноў Каменскіх. Хоць нейкіх гадоў 20 таму, да яго народзін, яны былі свабоднымі, такі быў статус местачкоўцаў да ўз’яднання ВКЛ з Расіяй. Многія рускія “мураў’ёвы” закабалілі не толькі грозаўцаў, а і капылян. Але Красоўскія карысталіся аўтарытэтам у пана і ў хуткім часе ім выдалі вольную грамату. Будучы яшчэ прыгонным, Антон вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Як вядома, Каменскія дапамаглі хлопчыку паступіць у прывілеяваную ўстанову і за навучанне плацілі таксама.
Антон будзе вучыцца на хірурга ў выдатнага вучонага Мікалая Іванавіча Пірагова. Пасля паспяховага заканчэння акадэміі Антон Якаўлевіч Красоўскі працуе хірургам у Краснасельскім і Араніенбаўмскім шпіталях, а ў 1849 годзе яго пераводзяць у 2-гі Пецярбургскі ваенна-сухапутны шпіталь, але ў 1850 нейкае спрыянне прывядзе яго ў акушэрскую клініку, а таксама дзіцячых хвароб. Можа б, стаў ён выдатным хірургам пры іншым жыццёвым раскладзе, але ў акушэрстве грозавец знайшоў сваё прызванне, і ён дасягае максімума ў гэтай галіне навукі. Дапамагла вучоба ў Еўропе, дзе ён навучыцца ў калег-урачоў з Германіі, Чэхіі, Польшчы, Францыі лячэнню жаночых хвароб. Паспяхова ён асвоіць курс акушэрства і гінекалогіі прафесара Скарцоні.
Вярнуўшыся з замежжа, Красоўскі выкладае ў акадэміі курс акушэрства і гінекалогіі, прымяніўшы вопыт Вюрцбургскага ўніверсітэта. Хутка выдасць сваю кнігу «Курс практычнага акушэрства». Гэта быў вельмі добры дапаможнік для ўрачоў, якія займаліся гінекалогіяй. У 1860 годзе ён стане доктарам медыцыны і яму будзе прысвоенна званне прафесара. Антон Якаўлевіч першым у Расіі пачне рабіць складаныя гінекалагічныя аперацыі (зрабіў ён іх каля тысячы, па тым часе нямала). Ён паспяхова лечыць жаночыя хваробы, і яго пацыентамі становяцца сваякі імператара, а таксама жонкі высокапастаўленных чыноўнікаў. Поспеху спрыяюць эрудыраванасць Красоўскага, высокі прафесіяналізм, канфідэнцыяльнасць.
Маючы вялікі аўтарытэт, ён дабіваецца адкрыцця ў Медыка-хірургічнай акадэміі першай у Расіі кафедры педыятрыі. А потым пры яго падтрымцы ўзнікае навуковая ўстанова, якая будзе рыхтаваць жанчын-уролагаў па акушэрстве.
Але яшчэ акушэрская дапамога была слабай і, як паведамляла гарадская дума на сваіх паседжаннях, у Пецярбургу было ўсяго чатыры родадапаможныя ўстановы, якія мелі ўсяго 125 акушэрскіх ложкаў. За год там маглі прыняць каля 4000 парадзіх, у той час як у горадзе жыло каля 700 000, таму пры такой населенасці дапамога была мізэрнай.
Красоўскі як член санітарнай камісіі горада за ўсё хваляваўся і звяртаўся ў думу і да мэра, каб выправілі сітуацыю. Пасля яго зваротаў у 1875 годзе ў горадзе адкрыліся 11 радзільных прытулкаў.
Антон Якаўлевіч Красоўскі за сваю актыўную дзейнасць атрымоўвае чын “правадзейнага статскага саветніка”, што адпавядае званню генерал-маёра, і дваранскае званне.
Імператрыца Марыя Аляксандраўна вельмі паважала нашага земляка і ўгаварыла яго ўзначаліць родадапаможную ўстанову. Пры яго жыцці чатыры разы выдавалася яго кніга «Аператыўнае акушэрства». Красоўскі з’яўляецца і заснавальнікам першага часопіса «Акушэрства і жаночыя хваробы». У 1884 годзе ён стварыў Маскоўска-Пецярбургскае таварыства ўрачоў, а ў 1886 — Расійскае таварыства гінеколагаў і акушэраў. Таму невыпадкова за навуковую і грамадскую дзейнасць слыннаму сыну капыльскай зямлі прысвойваецца званне акадэміка. Імператар яго ўзнагародзіў многімі ордэнамі.
Жыў доктар медыцыны, прафесар і акадэмік у Пецярбургу на вуліцы Надзеждзінскай, 5. Адзін з радзільных прытулкаў непадалёку быў названы ў яго гонар. Большасць рускіх і беларускіх акушэраў былі яго вучнямі і навучылі сваёй прафесіі іншых. Цікава, што традыцыі нашага земляка Антона Якаўлевіча Красоўскага працягвае ўраджэнец горада Крычава кіраўнік акушэрскага аддзела Расійскай акадэміі меднавук Валерый Васільевіч Абрамчанка. Ён уваходзіць у лік 20 самых лепшых акушэраў Еўропы. Валерый Васільевіч напісаў каля 1000 навуковых публікацый, адна з якіх гістарычная і прысвечана пачынальніку акушэрскай прафесіі Антону Якаўлевічу Красоўскаму.
У канцы вясны 1898 года наш слаўны акадэмік памёр і пахаваны ў Царскім Сяле (зараз горад Пушкін).
Не забываюць пецярбуржцы піянера медыцынскай навукі, у яго гонар прымацавана мемарыяльная шыльда на сцяне Ваенна-медыцынскай акадэміі. А ў Слуцкім краязнаўчым музеі захоўваюцца многія асабістыя рэчы вучонага, а таксама адна яго навуковая манаграфія і некалькі прыжыццёвых здымкаў. Случчане лічаць яго сваім, а для нас ён яшчэ бліжэй і даражэй.
Іван ІГНАТЧЫК,
г. Капыль
Комментарии