У сезон распаўсюджвання рэспіраторных захворванняў ні адзін пажылы чалавек не павінен застацца без увагі.
У сённяшняй няпростай сітуацыі праваахоўнікі дапамагаюць пажылым людзям Капыльшчыны. Людзі ў пагонах праводзяць з пенсіянерамі прафілактычныя гутаркі, расказваюць ім пра распаўсюджаныя схемы падману з боку злачынцаў, выслухоўваюць іх просьбы. Сустрэчы праводзяцца ў дварах і на вуліцах горада і раёна.
Напрыклад, праязджаючы па вуліцы 50 год БССР у Капылі, мы сустрэлі двух мужчын даволі паважанага ўжо ўзросту.
[caption id="attachment_89420" align="aligncenter" width="840"]
Участковы інспектар міліцыі Вячаслаў Давідоўскі праводзіць прафілактычную гутарку з жыхарамі вул. 50 год БССР у Капылі[/caption]
— Добры дзень! Дазвольце звярнуцца?! Не палохайцеся, я ўчастковы інспектар міліцыі Вячаслаў Давідоўскі, хачу з вамі крыху пагутарыць, — прывітаўся супрацоўнік міліцыі.
— А чаго ж нам баяцца? Да васьмідзесяці гадоў жылі сумленна, а цяпер тым больш. Звыш трыццаці гадоў мы адпрацавалі ў ПМК-11. Вось цяпер на пенсіі, — пачулі ў адказ ад мужчын.
— Мы праводзім прафілактычныя мерапрыемствы з насельніцтвам, асабліва з пажылымі людзьмі, наконт таго, як зберагчы сябе ад каранавіруса, таму хацелася б яшчэ раз нагадаць правілы паводзін, — растлумачыў міліцыянер.
— Ды мы іх ужо неаднойчы чулі і бачылі і ў газетах, і па радыё, і па тэлебачанні, таму і прытрымліваемся, — адзначыў адзін з мужчын Аляксандр Іванавіч. — Напрыклад, я стараюся як мага менш куды выходзіць са свайго двара. Хіба што вось з суседам калі-нікалі словам перакінемся. Прадуктамі, лекамі забяспечвае ўнучка, якая жыве разам.
— А я вось, бывае, хаджу ў магазін, ён знаходзіцца побач з домам, — гаворыць другі мужчына Сцяпан Баляслававіч. — Але стараюся без неабходнасці лішні раз не выходзіць, ды і пра меры засцярогі таксама не забываю.
— А ці ведаеце вы пра тое, што гэтую бяду для нажывы выкарыстоўваюць махляры? — спытаў участковы.
— А як жа! — адказаў Аляксандр Іванавіч. — Вось нядаўна глядзеў па тэлевізары, як да адной бабулі прыйшлі тры жанчыны ў масках, быццам медыкі, а пасля пацярпелая недалічылася пэўнай сумы грошай.
— Вельмі добра, што вы ў курсе спраў, — падкрэсліў Вячаслаў Давідоўскі. — Добра, што ў нашым раёне такіх выпадкаў не зафіксавана. Але мы ведаем факты, калі махляры, карыстаючыся даверам пажылых людзей, прапаноўвалі набыць вакцыну ад віруса за 200–400 рублёў ці правесці дэзынфекцыю, пасля якой прападалі грошы… Таму заўсёды патрабуйце ў тых, хто наведвае вас, службовае пасведчанне ці тэлефануйце ў дзяжурную часць РАУС па нумары 102. Беражыце сябе! Будзьце здаровы!
— І вам моцнага здароўя! — пачулася ў адказ…
[caption id="attachment_89421" align="aligncenter" width="840"]
Гутарка вядзецца праз дамафон[/caption]
Разам з тым у гэтыя дні супрацоўнікі Капыльскага РАУС штодзень па тэлефоне выясняюць стан спраў, здароўя, неабходнасць у сацыяльнай дапамозе ў тых асоб, якім споўнілася 70 і больш гадоў. Ужо праве-дзены гутаркі больш чым з 1500 грамадзянамі гэтай катэгорыі, ад 25 з якіх прыняты просьбы наконт забеспячэння прадуктамі, медыкаментамі і г.д. Інфармацыя перададзена ў сацыяльную і медыцынскую службы.
Акрамя таго, працягваюцца мерапрыемствы па кантролі за выкананнем грамадзянамі патрабаванняў па самаізаляцыі. Адказнасць за прытрымліванне гэтых правіл у першую чаргу ляжыць на саміх кантактных асобах.
Рэйдавыя групы з медыкаў, прадстаўнікоў санітарнай службы і міліцыянераў кожны дзень выязджаюць па адрасах. У руках правяраючых — спісы тых, каго трэба наведаць, а сярод абавязковых сродкаў абароны — медыцынскія маскі і пальчаткі. Нельга ўвайсці ў кватэру або дом, таму ўсе пытанні вырашаюцца літаральна на парозе і з захаваннем дыстанцыі альбо праз дамафон ці балкон.
[caption id="attachment_89419" align="aligncenter" width="840"]
Участковы інспектар Вячаслаў Давідоўскі з медсястрой Капыльская ЦРБ Марынай Бродская вывучаюць спісы[/caption]
Пры наведванні ва ўсіх пытаюцца пра стан іх здароўя і яшчэ раз нагадваюць аб правілах паводзін. Спецыялісты паўтараюць патрабаванні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 208 ад 8 красавіка 2020 года «Аб увядзенні абмежавальных мерапрыемстваў», згодна з якой можна пакінуць дом толькі ў выпадку крайняй неабходнасці: выйсці да бліжэйшага прадуктовага магазіна, у аптэку ці вынесці смецце. У гэтым выпадку неабходна знаходзіцца ў медыцынскай масцы і не кантактаваць з іншымі людзьмі.
Як расказаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Капыльскага РАУС капітан міліцыі Анатоль Траян, мабільная група імкнецца праверыць як мага больш людзей. Але нашы грамадзяне не заўсёды праяўляюць свядомасць. Некаторыя, ігнаруючы правілы, падвяргаюць небяспецы як сваіх блізкіх, так і незнаёмых. Пра гэта сведчаць тры факты здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў па невыкананні дадзенай меры бяспекі (два жыхары г. Капыля і адзін — в. Бабоўня). Адміністрацыйныя матэрыялы разгледжаны ў судзе, якім вынесена рашэнне — падвергнуць двух парушальнікаў адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 40 базавых велічынь (1080 рублёў), аднаго — адміністрацыйнаму арышту.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии