У добрага гаспадара, які робіць стаўку на жывёлагадоўлю, у летнюю пару нараўне з уборкай збожжавых і зернебабовых вядуцца корманарыхтоўчыя работы. У ААТ “Капыльскае” гэта актуальна ўдвая, паколькі тут практыкуецца аднатыпнае кармленне дойнага статка. У прыватнасці, на МТК “Цімкавічы” (у рэканструяваным будынку былога комплексу па адкорме БРЖ) жывёлаводы працуюць у тры змены.
Як паведаміў дырэктар гаспадаркі Анатоль Кіула, такі прынцып арганізацыі працы быў вывучаны і запазычаны падчас адной з замежных камандзіровак у Ізраіль. Да таго ж з нядаўняй пары жывёлаводы сельгаспрадпрыемства ўзначалілі раённую турнірную табліцу па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, абышоўшы такіх прызнаных майстроў, як работнікаў комплексу “Чарнічнае” ААТ “Старыца-Агра”.
На рахунку ААТ “Капыльскае” ўжо 15 170 т сенажу і 1015 т сена. Такую інфармацыю атрымалі ад намесніка дырэктара таварыства па раслінаводстве Уладзіміра Мацэлі падчас наведвання палетка, дзе шматгадовыя травы ўбіраліся на сена і сянаж. Склалася ўражанне, што ў поля няма ні канца, ні краю: на плошчы 432 га былі пасеяны райграс, люцэрна, цімафееўка і канюшына. Значная яго частка ўжо была ўбрана. Бліжэй да ўскрайку працаваў комплекс, які падбіраў падвяленыя валкі і здрабняў іх. Каля яго кучкавалася ў чаканні сваёй чаргі тэхніка. Непадалёк шпарка снавалі трактары з граблямі, якія варушылі скошаную траву — будучае сена. Ужо гатовы духмяны корм падбіралі і скручвалі ў рулоны прэс-падборшчыкі. Дарэчы, ці многія з вас ведаюць, што адна такая катушка важыць звыш 400 кг. А імі толькі на МТК “Цімкавічы”, як расказаў Уладзімір Мацэля, цалкам закладзена сенасховішча, папаўняецца і другое. Для сена, як, дарэчы, і для іншых травяністых кармоў, адным з галоўных паказчыкаў якасці з’яўляецца вільготнасць. Вопытным спецыялістам, такім як, напрыклад, Іван Дудар, не вельмі патрэбны тэрмометр, каб даць заключэнне — сена сухое. І гэта не дзіва, паколькі менавіта ён на сваім МТЗ-1222 з прэсам снуе па палетку, пакідваючы за сабою акуратненькія рулоны. Усяго ж у гаспадарцы, паводле слоў Уладзіміра Мацэлі, працуюць чатыры такія рулонныя прэсы.
Каб пабачыць, як закладваецца сянажная траншэя, накіроўваемся на МТК “Цімкавічы”. Па дарозе Уладзімір Юстынавіч паказвае: вось тут ляжаць леташнія кармы, а тут — пазалеташнія, траншэі нават не кранутыя. Крыху далей закладваюцца травы сёлетняга года. На трамбоўцы зялёнай масы працуюць два магутныя трактары: К-700, якім кіруе Аляксандр Чаюк, і “Беларус-3022” яго цёзкі Аляксандра Ярмольчыка. Ужо ад’язджаючы, убачылі, як да траншэі павярнуў “Амкадор”. Такім чынам, увесь светлавы дзень тут на трамбоўцы працуюць тры адзінкі тэхнікі, а ноччу на змену прыходзіць чацвёрты механізатар. На дзень нашага наведвання гаспадаркі (мінулы панядзелак) у траншэі ўжо ляжала 1700 тон зялёнай масы, яшчэ чакалася прыбаўка ў 1000 тон.
Травы ў сельгаспрадпрыемстве, як гэта і павінна быць, паспяваюць канвеерам: толькі ўбралі першы ўкос, як адрасла атава. І зноў трэба ўсё пачынаць спачатку. Дарэчы, сёлета, як расказаў Уладзімір Мацэля, у гаспадарцы перазалужылі звыш 900 га, засеялі самымі спажыўнымі кармавымі культурамі, якія хутка пачнуць даваць аддачу.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии