
На планёрцы ў старшыні райвыканкама Анатоля Жданені заслухоўваюцца вынікі прамежкавых этапаў. Кіраўнік раёна зараз персанальна наведвае шматлікія аб’екты і адсочвае ход работ. Рамонт устаноў і падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона знаходзяцца на пастаянным кантролі і ў намесніка старшыні Алы Раеўскай. Яшчэ напрыканцы мінулага навучальнага года ў раённым аддзеле адукацыі праведзена нарада з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, дзе дэталёва разгледжаны надзённыя пытанні.
Як адзначае начальнік раённага аддзела адукацыі Аляксей Абросімаў, на дадзены момант падрыхтоўка знаходзіцца ў самым разгары. Многія ўстановы вядуць рамонт, некаторыя з іх ужо на завяршальным этапе. Планава пастаўлены работы ў Быстрыцкай, Лясноўскай, Ванелевіцкай, Старыцкай СШ, дзе завершаны рамонт кабінетнай сістэмы, засталіся бягучыя пытанні па спартыўных збудаваннях і тэрыторыях. Пакуль што праблемнымі з’яўляюцца тыя ўстановы, дзе неабходна выканаць вялікія аб’ёмы работ. Напрыклад, у СШ №2 г. Капыля пры дапамозе раённага бюджэту праводзіцца рамонт сантэхнічных вузлоў і замена вокнаў на шклопакеты, згодна з праграмай энергазберажэння. Узмоцненымі тэмпамі вядуцца работы ў Навасёлкаўскай і Смаліцкой СШ.
Па праграме падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона сіламі энергасэрвісу ідзе ўстаноўка дадатковага катла ў Семежаўскай СШ, праз некаторы час пачнецца ў Старыцкай СШ. У Семежаве таксама праводзіцца замена канвентарных батарэй на чыгунныя радыятары, што будзе зроблена і ў Грозаўскай СШ. Прапрацаваны пытанні па паверцы манометраў, цеплалічыльнікаў, перазарадцы вогнетушыцеляў і закупцы новых. Акрамя таго, працягваецца дастаўка торфабрыкету і дроў у навучальныя ўстановы.
У адпаведнасці з графікамі працоўнай практыкі навучэнцы аказваюць пасільную дапамогу па падтрымцы ў належным выглядзе прышкольных участкаў, нарыхтоўцы прадукцыі, прымаюць удзел у рамонце.
Пэўную дапамогу аказвае і сектар занятасці. З дапамогай беспрацоўных добраўпарадкоўваецца тэрыторыя Доктаравіцкай СШ. Значную фінансавую падтрымку выдзяляюць і базавыя гаспадаркі.
Сумесна з Капыльскім райспажыўтаварыствам пра-працавана арганізацыя патыднёвых школьных кірмашоў з багатым асартыментам неабходных тавараў.
Дарэчы, прыёмка гатоўнасці навучальных устаноў будзе праведзена адпаведнай камісіяй на працягу двух тыдняў, пачынаючы з 10 жніўня.
А зараз супрацоўнікі раённага аддзела адукацыі займаюцца падрыхтоўкай да педагагічных секцый і жнівеньскай педканферэнцыі.
— Хацелася б падзякаваць сваім калегам за разуменне і адносіны да справы, — падкрэсліў Аляксей Абросімаў. — Нягледзячы на свой адпачынак, яны непакояцца не толькі пра навучальны працэс, але і ствараюць такія ўмовы, каб вучань ні ў чым не меў патрэбы.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии