Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

40

(CMigrator copy 92)

08.05.2020
У 1999 годзе давялося ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях да 55-годдзя вызвалення Беларусі. Кветкі, прызапашаныя да гэтага выпадку, леглі і да помніка чырвонаармейцам, загінуўшым пры вызваленні райцэнтра. У тыя святочныя дні адбылася мая сустрэча з Віктарам Сямёнавічам Цітко. Аб ім, мяркую, варта праз газету «Слава працы» нагадаць нашчадкам вялікай сялянскай сям’і, аднавяскоўцам.   ...Крок за крокам у кровапралітных баях Чырвоная Армія вызваляла ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гарады і сёлы Беларусі. Радасць вызвалення прыйшла і ў невялікую вёску Выня, што раскінула свае хаты ўздоўж палеткаў ды балоцінак. Напоўнілася шчасцем і хата, у якой разам з бацькамі, двума братамі ды сястрою жыў віхрасты хлопец. Віктар разам з аднавяскоўцамі хадзіў да гравійкі ля Бабоўні, назіраў за калонамі танкаў, аўтамашын, чырвонаармейцаў, якія рухаліся ў напрамку Нясвіжа. На захад, туды, дзе пад гнётам фашыстаў стагнала Еўропа. Яму хацелася далучыцца да пехацінцаў. Не паспела зямля астыць ад прайшоўшых баёў, а Віктар з палатнянай торбачкай за плячыма трымаў шлях на Браншчыну ў фарміруемы запасны полк. Падрыхтоўка на страявым пляцы ды вучэбным палігоне  прамільгнула  адным імгненнем: аддаліла ўспаміны пра дзяцінства, адціснула няздзейсненае юнацтва ды шэрай шынеллю легла на вуглаватыя плечы байца. Люты 1945 года. 2-гі Украінскі фронт. Гвардыі радавы паветрана-дэсантнага атрада Кішынёўскага ордэна Суворава палка Віктар Цітко ўдзельнічае ў баях за вызваленне венгерскай сталіцы. Савецкія войскі вядуць жорсткія баі за Будапешт. Сумеснымі намаганнямі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў акружана 160-тысячная групоўка праціўніка. Атрад дэсантнікаў, атрымаўшы загад камандавання, імклівым кідком прарваў абарону праціўніка ды паглубіўся ў яго размяшчэнне. Аднак вораг яшчэ не зламаны. Флангавая атака гітлераўцаў пры падтрымцы танкаў прынесла ім часовы поспех. Невялікі атрад аказаўся адрэзаны ад асноўных сіл палка. На густы лясок, у якім занялі кругавую абарону гвардзейцы, вораг абрушыў шквал агню. Снарады рваліся, знішчаючы дрэвы, і, здавалася, няма месца жывому на гэтым кавалку венгерскай зямлі. Суткі атрад стрымліваў наступ ворага. Усё менш байцоў. Вось упаў, скошаны  кулямётным агнём, камандзір атрада. Змоўк, уткнуўшыся ў зямлю, аўтамат суседа справа. Вогненны смерч узняўся над акопным бугарком, з-за якога вёў агонь малады баец. Пякучы струмень абпаліў правую руку, цьмяныя кругі папаўзлі перад вачыма, шумела ў вушах. Вораг  пайшоў яшчэ ў адну атаку. Пераадольваючы боль, Віктар мацней прыціснуў аўтамат, падрыхтаваўся да апошняй схваткі з ворагам. Ужо бачны постаці нямецкіх аўтаматчыкаў, чуваць іх гартанны крык. Але што гэта? ...Бязладна страляючы, гітлераўцы павярнулі назад. Гул артылерыйскай кананады ды строкат кулямётаў рос з усходняга боку. Пачалося генеральнае наступленне савецкіх войскаў на пазіцыі ворага, заціснутага ў жалезнае кола. У баявым гуле чырвонаармейца пакінула прытомнасць. «Сынок, ачуньвайся, табе пашанцавала. Недалёка санітарны цягнік, давязу, можа, застанешся жыць. Ты ж зусім лёгкі. Не набраў яшчэ  мужчынскай вагі», – як праз сон даходзіў голас пажылога санітара, які ўкладваў параненага на двухконную павозку. – Цяжкія страты панёс наш атрад у гэтым баі. У жывых засталося дваццаць два гвардзейцы, але загад быў выкананы – забяспечана паспяховае наступленне асноўных сіл палка, – расказваў Віктар Сямёнавіч. Ужо знаходзячыся ў глыбокім тыле, у шпіталі, Віктар даведаўся аб узнагароджанні яго медалямі «За адвагу» ды «За ўзяцце Будапешта». Дзень Перамогі 9 мая васямнаццацігадовы  беларус сустрэў у родным палку. – На ўсё жыццё запалі ў сэрца словы  санітара-вазніцы. Ён мне падараваў жыццё, – працягваў Віктар Сямёнавіч. – А службу ў радах Савецкай Арміі я закончыў на Далёкім Усходзе. Тэрміновую службу завяршыў. У родную вёску, болей за сорак кіламетраў з  Шышчыц, пешшу дабраўся завірушнай ноччу. Так хацелася хутчэй убачыць родных. Ледзь дагрукаўся ў шыбу, ды калі матуля адчыніла хату – яна не пазнала мяне. Голас мой змяніўся, не кажучы пра знешнасць. Мінула пяць гадоў. Нядоўга прабыў у бацькоўскай хаце. Падаўся ў сталіцу. Паступіў на трактарны ў чацвёрты ліцейны цэх. Уладкаваўся ў баракавы інтэрнат, туды   прывёў і сваю жонку. Ганна Паўлаўна падарыла мне трох дачок: Валянціну, Таццяну ды Ірыну. Ва ўсіх свае сем’і, растуць дзеці. Чулыя яны, клапоцяцца пра нас. Былы дэсантнік-гвардзеец і на працоўным фронце не разгубіўся: стаў ударнікам камуністычнай працы, па выніках двух пяцігодак яму прысвойвалася ганаровае званне «Выдатнік якасці», прысвоена званне «Ганаровы ветэран працы» ды як вянец – медаль «За доблесную працу». Тэма вайны ў сям’і Віктара Сямёнавіча не часта згадвалася. Але кожны год, у  дзень Перамогі, калі над вячэрнім Мінскам у неба ўзвіваліся тысячы яркіх ракет ды грымеў святочны салют, падрастаючыя ўнукі прасілі дзядулю расказаць аб тых далёкіх баях. Доўга цягнулася размова. А к канцу яе Ганна Паўлаўна, глянуўшы на мужа, уздыхнуўшы, непрыкметна ўключала захаваную ў сям’і старую радыёлу. Клала на дыск яго любімую пласцінку. Пакой поўніўся незабыўнай мелодыяй. Горда гучаў непаўторны голас Марка Бернэса: «И на груди его светилась медаль за город Будапешт». Уладзімір Мароз, г. Мінск

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей