Нашы чытачы пра тое, што прымусіла думаць і перажываць.
Наталля ЦАРКОВА, начальнік аддзела культуры райвыканкама:
Непакоіць
— Мяне, напэўна, як і ўсіх, зараз хвалюе пытанне ўборкі ўраджаю. Тое, што нам рыхтуе нябесная канцылярыя, не заўсёды спрыяе паспяховаму ходу работ. Ад будучага ўраджаю залежыць наш дабрабыт і ўзровень жыцця. Работнікі культуры таксама маюць дачыненне да ўборачнай кампаніі: прынялі ўдзел у раённым свяце “Зажынкі”, а зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да рэспубліканскіх “Дажынак”, што пройдуць у Маладзечне, дзе будуць прадстаўлены і калектывы культуры Капыльшчыны.
Планы на перспектыву
— У жніўні мы будзем прымаць удзел у абласным фестывалі па ткацтве “Матчыны кросны”, што пройдзе ў г. Старыя Дарогі. Упершыню станем удзельнікамі Міжнароднага фестывалю нацыянальнай кухні “Мотыльскія прысмакі”, які будзе ладзіцца ў Іванаўскім раёне, а ад нашага раёна выступяць члены клуба нацыянальнай кухні “Лоцвінскія ўдалухі”.
Радуе
— Нягледзячы на фінансава-эканамічныя складанасці, абнаўляецца матэрыяльная база ўстаноў культуры. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы ўдалося пашыць касцюмы абрадаваму калектыву “Цары”. Нядаўна для ЦРБ імя А. Астрэйкі набыта новае камп’ютарнае абсталяванне. А 31 ліпеня будзем адзначаць 3 гады з дня адкрыцця ў аг. Семежава музейнай экспазіцыі Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага. У гэты ж дзень у Капылі адбудзецца канцэрт Андрэя Разіна і гурта “Ласкавы май”.
Немагчыма забыцца
— Да гэтага часу ў памяці абласное свята гульні і гумару “Капыльскія пацехі”. Свята сапраўды атрымалася. Грэюць душу прыемныя водгукі нашых землякоў, высокую ацэнку атрымалі і ад абласнога ўпраўлення культуры і абласнога цэнтра народнай творчасці.
Падрыхтаваў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии