Home
Четверг 22.05.2025 18:48

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

61

З Пастырскага паслання Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2020 года

12.04.2020
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, суайчыннікі, людзі добрай волі! Сардэчна віншую вас са святам Вялікадня — святам нашай веры і надзеі на вечнае жыццё. Гэтая праўда з’яўляецца галоўным пасланнем свята Уваскрасення Хрыста. Пра яе мы, хрысціяне, павінны заўсёды памятаць і ёю жыць. Яе актуальнасць падкрэслівае таксама і выкліканая пандэміяй каранавірусу сітуацыя, у якой уваскрасенне Хрыста з’яўляецца промнем надзеі, нават насуперак надзеі. Як Езус выйшаў жывым з цёмнай магілы, гэтак і мы верым, што дзякуючы Богу, намаганням лекараў і адказных за грамадскі парадак, якім мы бязмерна ўдзячныя за іх ахвярнае служэнне, таксама зможам паспяхова выйсці з цемры эпідэміі, якая ахінула зямлю, у святло жыцця. ...Пасха заклікае да пытанняў, на якія неабходна даць адказ. Які сэнс жыцця? Якая яго мэта? Дзе знаходзіцца сэрца і думкі чалавека падчас яго зямнога жыцця? Часовае жыццё на зямлі — гэта падрыхтоўка да вечнасці. Калі мы не імкнемся да гэтага, то становімся падобнымі да карабля, які сеў на мель. Карабель ёсць, але не можа плысці, а яго прызначэнне — перавозіць людзей або грузы. Таксама і мы, калі не засяроджваемся на галоўнай праўдзе нашай веры — уваскрасенні Хрыста, — то жывем без яснай мэты. ...Пасхальная праўда адкрывае перад намі новую перспектыву вечнасці, бо і мы ўваскрэснем, як Хрыстус уваскрос. Запэўнівае нас у гэтым святы апостал Павел, які ў Першым пасланні да Карынцянаў кажа: «Як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага» (1 Кар 15, 22–23). ...Мы верым у шчаслівую будучыню і спадзяемся дасягнуць яе, бо з’яўляемся хрысціянамі. Дарагія браты і сёстры! Сардэчна віншую ўсіх вас са святам Уваскрасення Хрыста! Віншую католікаў і тых хрысціянаў, якія сёння адзначаюць гэтае свята святаў! Віншую праваслаўных, якія будуць адзначаць Пасху Хрыстову праз тыдзень. Жадаю ім плённага перажывання апошняга этапу Вялікага посту — Вялікага тыдня — і духоўнай падрыхтоўкі да Вялікадня! Віншую ўсіх людзей добрай волі! Няхай моц уваскрослага Хрыста дасягне ўсіх нас і дапаможа стаць Ягонымі сведкамі. Няхай стане ўдзелам самотных, пакінутых і тых, хто трапіў у розныя залежнасці, каб убачылі Хрыста, які іх любіць і вядзе да нябеснага Айца. Няхай уваскрослы Езус адорыць нас надзеяй перад выклікам эпідэміі каранавірусу. Яна паказвае, што мікраскапічны, нябачны вірус здольны перавярнуць сучасны, моцна адукаваны, высокатэхналагічны і ўзброены да зубоў свет з ног на галаву. Чалавек, які ўяўляе сябе «богам», яшчэ раз убачыў, што такім не з’яўляецца. Таму наша адзіная надзея ў Божай міласэрнасці, якая найбольш дасканала праявілася ў пасхальнай таямніцы. Благаслаўлёных і поўных надзеі велікодных святаў усім вам! Гэтыя свае віншаванні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мінск, 5 красавіка 2020 г., Пальмовая нядзеля

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей