Ад Вялікага чацвярга да Велікоднай нядзелі: асаблівасці Пасхальнага Трыдуума ў вернікаў каталіцкай канфесіі.
Што такое пасхальны Трыдуум?
Назва «Пасхальны Трыдуум» распаўсюдзілася пасля літургічнай рэформы, праведзенай Папам Піем ХІІ, да гэтага часу ён называўся «Святым Трыдуумам» –Triduum Sacrum. Слова «трыдуум» нельга перакладаць як «тры дні», бо яно азначае не пэўную колькасць гадзін, а паслядоўнасць падзей пасхальнай таямніцы: Апошняя Вячэра, смерць на крыжы, пахаванне і ўваскрэсенне.
Што такое Вялікі чацвер?
Увечары шматлікія вернікі збіраюцца ў парафіяльным касцёле, каб разам перажываць асноўную падзею дня – Імшу Вячэры Пана, якой і распачынаецца Пасхальны Трыдуум. Папярэднічае Імшы Вячэры Пана ранішняя Імша Хрызма – знак еднасці біскупа са святарамі мясцовага Касцёла. На гэтай Імшы святары з усёй дыяцэзіі аднаўляюць дадзеныя падчас прэзбітарскага пасвячэння абяцанні. Імша Вячэры Пана ў Вялікі чацвер мае асаблівае значэнне – яна з’яўляецца ўспамінам Апошняй Вячэры. Падчас яе можа адбывацца абрад абмывання ног 12 асобам. Гэты абрад сімвалізуе служэнне і любоў Хрыста, які прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, але дзеля таго, каб служыць іншым.
Што такое Вялікая пятніца?
У Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. У Вялікую пятніцу не цэлебруецца святая Імша.
Акрамя сакрамэнтаў пакаяння і паяднання (споведзі) і намашчэння хворых, у гэты і наступны дзень Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў.
Хрысціянам у Вялікую пятніцу варта асаблівым чынам разважаць пра муку і смерць Езуса Хрыста, абу-джаць у сабе найбольшую любоў да Яго і адчуваць вялікае шкадаванне за тое, што нашы грахі прынеслі Збаўцy столькі пакут.
Што такое Вялікая субота?
У Вялікую суботу вернікі прабываюць ля Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважаючы пра муку і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань. У шчырым посце, які рэкамендаваны, і гарачай малітве вернікі чакаюць Уваскрэсення Збаўцы. Камунія ў гэты дзень удзяляецца толькі ў форме віятыку – гэта значыць асобам, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці. Як правіла, у суботу ў парафіях праходзіць благаслаўленне страў на велікодны стол.
У гэты дзень святая Імша не цэлебруецца ажно да вечара – Пасхальнай вігіліі, якая з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. Адзначэнне Пасхальнай Вігіліі – гэта ўжо святкаванне Вялікадня. На гэтую ўрачыстую Святую Імшу трэба ўзяць з сабой свечкі, якія запальваюцца падчас аднаўлення абяцанняў хросту. У ноч з суботы на нядзелю паводле традыцыі адбываецца чуванне на ўшанаванне Пана.
Што такое Велікодная нядзеля?
Велікодная нядзеля з’яўляецца трэцім днём Пасхальнага Трыдуума. У большасці парафій у Беларусі ў гэты дзень раніцай цэлебруецца святая Імша, якой папярэднічае эўхарыстычная працэсія з пасхалам і фігурай уваскрэслага Езуса. Гэта працэсія можа адбывацца адразу пасля Пасхальнай Вігіліі. Працэсія з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрэсення Хрыста.
Расклад набажэнстваў
9 красавіка – ВЯЛІКІ чацвер – 19.00 – Імша Вячэры Пана
10 красавіка – ВЯЛІКАЯ пятніца – 18.30 – крыжовы шлях
19.00 – адарацыя крыжа
11 красавіка – ВЯЛІКАЯ субота – 21.00 – святая Імша Вігілія, пасля Імшы адбудзецца благаслаўленне страў на велікодны стол.
ЗМЁРТВЫПАЎСТАННЕ ПАНА (ПАСХА)
12 красавіка (нядзеля) – 06.00 – святая Імша (рэзурэкцыя), пасля Імшы адбудзецца благаслаўленне страў на велікодны стол.
РАСКЛАД БЛАГАСЛАЎЛЕННЯ ЕЖЫ
11 красавіка 2020 года
09.00 – в. Печураны – каля крыжа
09.30 – в. Выня – вул. Цэнтральная, д. 26
10.00 – в. Думічы – каля крыжа (каля могілак)
11.00 – в. Чырвоны Партызан – па вул. Калгаснай, 1
з 12.30 да 16.00 – кожныя паўгадзіны ў касцёле святых Пятра і Паўла ў г. Капылі
18.00 – в. Чарнагубава –каля крыжа.
Ксёндз Андрэй КАЛЯДКА,
настаяцель парафіі святых Пятра і Паўла ў г. Капылі
Да ведама вернікаў
3 красавіка 2020 года Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў вернікаў у сувязі з пандэміяй каранавіруса ўстрымацца ад наведвання касцёлаў і ўдзельнічаць у святочных набажэнствах з дапамогай трансляцый.
У спецыяльным Паведамленні, скіраваным духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, іерарх піша:
«Звяртаюся да вернікаў, асабліва да людзей старэйшага ўзросту, асоб з сімптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэння, з просьбай у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспенсай, дадзенай раней, заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі».
Тэлеканал «Беларусь 3»
9 красавіка, Вялікі чацвер – 19.00 – святая Імша Вячэры Пана
10 красавіка, Вялікая пятніца – 19.00 – набажэнства адарацыі Святога Крыжа
Тэлеканал «Беларусь 1»
11 красавіка, Вялікая субота – 21.45 – Пасхальная вігілія ў святую ноч Уваскрэсення Пана
Узначаліць цэлебрацыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Комментарии