Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

86

В этом году исполнилось 125 лет со дня рождения известного белорусского писателя, уроженца Копыльщины Василия Сташевского

14.04.2020
Нязгасны  аптымізм і любоў да жыцця 23 сакавіка гэтага года мы адзначылі 125-ю гадавіну з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка, ураджэнца Капыльшчыны Васіля Сташэўскага. Капыльская зямля багатая на пісьменнікаў. І адзін з іх – Васіль Сташэўскі, чый лёс трагічна абарваўся ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі пад Мінскам былі расстраляны 20 маладых літаратараў. У іх ліку – Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валерый Маракоў, Юлі Таўбін… Многа пазней, у 1967 годзе, сучаснік Сташэўскага паэт Якуб Ермаловіч так напіша ў аўтабіяграфіі: «Засталася ў памяці сустрэча з Васілём Сташэўскім. Што ў ім захапляла, дык гэта нязгасны аптымізм, любоў да жыцця і вера ў яго. Знаходзячыся ў вельмі цяжкіх жыццёвых умовах, кашляючы кроўю (ён хварэў на туберкулёз), Сташэўскі расказваў анекдоты, жартаваў, спяваў, дзяліўся сюжэтамі ненапісаных твораў, якія спадзяваўся з цягам часу напісаць, і ні разу не заікнуўся аб тым, што хворы і што вось-вось можа памерці…» [caption id="attachment_88011" align="aligncenter" width="840"] ■ Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі; стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло, 1936 г.[/caption] Але жыццё Васіля Пятровіча Сташэўскага амаль не давала падстаў для нейкай вясялосці. Нарадзіўся ён у вёсцы Свінка ў беднай сялянскай сям’і. Нягледзячы на складаныя жыццёвыя ўмовы, заўсёды меў прагу да ведаў, набываць якія і адправіўся ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Час яе заканчэння супаў з пачаткам Першай сусветнай вайны. Васіль вельмі любіў родную зямлю, таму не мог застацца ўбаку і шчыра змагаўся з нямецкім імперыялізмам. Нарэшце выбухі сціхлі, маладая краіна Саветаў пачала будаваць мірнае жыццё. Васіль вярнуўся да сваёй самай мірнай прафесіі настаўніка і на працягу 1919–1920 гадоў вучыў дзетак. Але кананада грамадзянскай вайны яшчэ гучала, і Сташэўскі ўступіў у рады Чырвонай Арміі, каб змагацца з белапалякамі. З ваеннай службай ён не развітаўся і пазней, паспяхова сумяшчаючы яе з грамадзянскімі абавязкамі. З 1920-га па 1921-шы працаваў ваенкамам і загадчыкам аддзела асветы Магілянскага валаснога рэўкама, затым быў сакратаром Нясвіжскага павятовага ваенкамата, загадчыкам беларускага пададдзела Мінскага павятовага аддзела народнай асветы. Да настаўніцтва ён зноў вярнуўся ў 1923 годзе. Але, адчуваючы, што ведаў не дастаткова, паступае ў Мінскі настаўніцкі інстытут і ў 1924 годзе яго заканчвае. Выкладчыцкую дзейнасць ён працягне ў Оршы. Увесь час Сташэўскага не пакідала жаданне пісаць, імкненне пакінуць свой след на зямлі і ў культуры. Друкавацца Васіль Пятровіч пачаў яшчэ ў 1923-м, а з 1927-га становіцца адказным сакратаром літаратурнага аб’яднання «Маладняк», з 1929-га – аб’яднання «Полымя». З сярэдзіны 20-х Васіль Сташэўскі актыўна піша. У гэты час з’яўляюцца яго лепшыя творы «Бацька і сын», «Музыка Цвілеўскі», «Спявай, вясна!» і іншыя. Шмат артыкулаў было надрукавана падчас працы на працягу 1928–1929 гадоў у газеце «Савецкая Беларусь». З 1934 года Васіль Пятровіч – сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён вельмі добра ведаў і любіў жыццё, таму менавіта гэтым светлым пачуццём вылучаюцца лепшыя творы Васіля Сташэўскага, а яшчэ – арыгінальным спалучэннем лірызму, тонкага гумару з публіцыстычнай скіраванасцю. Акрамя драматургічных твораў, Сташэўскі паспеў выдаць кнігі нарысаў «Гаворыць Асінстан...», «Па сонечным шляху», «Чырвоны сцяг», «Койданаўская МТС», «Каласіцца зямля». У 1936-м Беларускі тэатр юнага гледача паставіў яго п’есу «Мікола Гоман». Асобную старонку  творчасці займаюць пераклады на беларускую мову. Дзякуючы Васілю Сташэўскаму ўбачылі свет у беларускамоўным варыянце аповесць Івана Мікіценкі «Вуркаганы», п’еса Міраслава Ірчана «Сям’я шчотачнікаў», асобныя творы Аляксандра Афінагенава, Аляксандра Карнейчука, Івана Качаргі, Івана Ле, Івана Сенчанкі і інш. Бяда прыйшла ў лістападзе 36-га. На календары было 4-га, калі ў хату, дзе жыў Сташэўскі, прыйшлі службовыя з НКУС і арыштавалі пісьменніка. Суд, на якім Васіля Пятровіча прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці, адбыўся 28 кастрычніка 1937 года. Жыць заставалася зусім мала... Васіль Сташэўскі быў рэабілітаваны 8 чэрвеня 1957 года. 5 лістапада 1937 года ў Мінску арыштавалі і жонку пісьменніка Сташэўскую Лідзію Пятроўну. У хуткім  часе асобая нарада НКУС яе асудзіла як «члена сям’і расстралянага ворага народа» да 8 гадоў лагераў. Лідзію Пятроўну этапавалі ў Карагандзінскі лагер НКУС Казахскай ССР.  На  свабоду жанчына выйшла толькі 6 лістапада 1945  года.  Рэабілітавана  24 ліпеня 1956 года. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей