Пра што пісала раёнка ў розныя гады ў першыя дні красавіка. У вытрымках з тэкстаў захаваны стыль і арфаграфія таго часу.
1963 г.
Рыбакі, прабудзіцеся!
Як прыемна пасля працоўнага дня або ў выхадны адпачыць з вудай у руках на беразе ракі, возера!
Ёсць дзе правесці свой вольны час і жыхарам гарадскога пасёлка Капыль. На ўскраіне райцэнтра прыгожае возера, многа тут і рыбы, якая ў сакавіку месяцы пачынае прабуджацца.
Аднак возера пакрыта тоўстым слоем лёду. Рыба з-за недахопу кісларода можа загінуць. А выратаваць яе можна і неабходна. Патрэбна толькі прабіць на возеры палонкі.
М. ТАТАРЫНЧЫК, начальнік участка «Саюздруку» пры Капыльскай канторы сувязі
1969 г.
Апамяталіся
Калі праводзілася падпіска на перыядычныя выданні, паштальён звярнуўся да ўрача Бабаўнянскай бальніцы Ц.А. Болахава:
– Цярэнцій Андрыянавіч, можа, выпісаць газету ці часопіс? Вы ж чалавек інтэлігентны.
– Не трэба мне ніякай газеты, абыйдуся без іх, – адмахнуўся доктар.
Гэта было два месяцы назад. А вось цяпер, як сведчаць факты, тав. Болахаў праяўляе вялікую цікавасць да перыядычнага друку. Ледзь толькі паштальён прынясе ў бальніцу пошту, як газеты і часопісы трапляюць у рукі да Цярэнція Андрыянавіча.
Аналагічнае можна сказаць і пра жыхара вёскі Рымашы Леаніда Мікалаевіча Зайцава. На гэты год ён не выпісаў ні аднаго экземпляра газеты ці часопіса. А цяпер апамятаўся, абвінавачвае ў бесклапотнасці паштальёна. Справа дайшла да таго, што паштальён аддае Зайцаву свае экземпляры газет.
М. СІНЮК
1974 г.
Высокі давер
Не спадзявалася лабарантка малаказавода Л.В. Малюкевіч, што давядзецца ёй працаваць загадчыцай малочна-таварнай фермы. таму і разгубілася крыху, калі ёй прапанавалі гэту пасаду.
Перш за ўсё Ларыса Віктараўна ўзялася за навядзенне чысціні і парадку на ферме. Не ўсе, вядома, даяркі адобрылі новую загадчыцу, але больш старанна сталі і кароў падмываць перад даеннем, і за чысцінёй малочнага посуду сачыць.
За мінулы год 88 працэнтаў усяго малака, здадзенага фермай, пайшло першым гатункам. Плённай аказалася і праца па павышэнню прадуктыўнасці кароў. За сакавік 1974 года ад кожнай надоена па 240 кілаграмаў малака, што на 49 кілаграмаў больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.
Да спадобы прыйшлася людзям і кіраўніцтву саўгаса энергічная загадчыца фермы. Таму і аказалі камуністы гаспадаркі Ларысе Віктараўне высокае давер’е – прынялі яе ў свае рады.
А. ЛЕБЕДЗЬ
1985 г.
Цімкаўскія пекары
Цімкаўскія пекары і кандытары ўкладваюць у работу ўсё сваё прафесійнае майстэрства і любоў да працы. Гэта відаць па іх вырабах. Яны смачныя, духмяныя, карыстаюцца вялікім попытам у пакупнікоў. Асабліва цёплыя водгукі можна пачуць пра майстроў Алену Баравік і Ніну Бачурыну. Яны сапраўдныя энтузіясты сваёй справы, вопытныя настаўнікі маладых хлебапёкаў і кандытараў.
В. РЫБАКОВА, жыхарка вёскі Цімкавічы
1999 г.
«Дзіўны свет Алены Кіш»
На І Маскоўскім Міжнародным фестывалі «Інтэрмузей-99», які праходзіў з 23 па 27 сакавіка ў выставачным комплексе «Экспацэнтр» расійскай сталіцы, прадстаўлены маляваныя дываны нашай зямлячкі, беларускай народнай мастачкі Алены Кіш. Разам з яркімі творамі інсітнага мастацтва, аб’яднанымі ў праект «Дзіўны свет Алены Кіш», запаведнік «Заслаўе» экспануе ў Маскве кампазіцыі, створаныя мастаком Уладзімірам Ламейкам па матывах творчасці вядомай майстрыхі.
М. ШЭІНА
Падрыхтавала Марыя ШЭІНА
Комментарии