Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

71

Жизненные советы семьи Матусов из д. Карачовщина, которые 60 лет прожили вместе

04.04.2020
Васіль Прохаравіч і Вольга Міхайлаўна Матусы з в. Карачоўшчына пражылі разам 60 год. Кожны год  дадаваў іскрынку мудрасці ў асабістую скарбонку. І сёння гаспадыня з упэўненасцю гаворыць, што захаваць сям’ю дапамогуць цярпенне і ўменне дараваць адзін аднаму. [caption id="attachment_87594" align="aligncenter" width="840"] ■ Васіль Прохаравіч і Вольга Міхайлаўна Матусы 60 гадоў таму[/caption] А пачалося іх жыццё 1 сакавіка 1960 года. Ды і наогул гэты месяц самы багаты на святы час. Менавіта ў сакавіку, а дакладней першага, яны адсвяткавалі 60-годдзе сумеснага жыцця. У гэтым жа месяцы, толькі з розным гадавым інтэрвалам, адзначаюць свае дні нараджэння: 14-га – гаспадыня, 26-га – гаспадар, 18-га – старэйшы сын Мікалай і 4-га – самая малодшая дачка Тамара. Паміж сабой Вольга Міхайлаўна і Васіль Прохаравіч жартуюць, што ўсе значныя сямейныя падзеі ўмясціліся ў два месяцы – акрамя сакавіка парадаваў нараджэннем яшчэ двух дзетак і кастрычнік: 12-га з’явіўся на свет Міхаіл і 27-га – Людміла. Але зноў-такі з пэўнай часовай адлегласцю. Усяго – чацвёра дзяцей. [caption id="attachment_87595" align="aligncenter" width="840"] ■ Васіль Прохаравіч і Вольга Міхайлаўна Матусы, 2020 г.[/caption] Расказваючы пра свой лёс, паважаныя людзі не стамляюцца паўтараць, што сёння жыццё лягчэйшае, чым калісьці было ў іх. І галоўнае, што не чуваць выбухаў, не гінуць у ваенным ліхалецці людзі. Падставу для гэтакага сцвярджэння Матусы маюць. І ён, і яна выгадаваліся ў шматдзетных сем’ях, у якіх таты не вярнуліся з войнаў. Сыноў і дачушак падымалі адны матулі. – Толькі памятаю я, – гаворыць Вольга Міхайлаўна, – як бацька падняў мяне, маленькую дзяўчынку, пацалаваў і пайшоў. Больш я яго ніколі не бачыла… Ужо пазней мы даведаліся, што загінуў ён у Польшчы. – А мой тата нават і не дажыў да Вялікай Айчыннай: ён загінуў падчас «фінляндскай» вайны ў 1939 годзе, – дадае Васіль Прохаравіч. Пасляваеннае дзяцінства… Пра яго і гаспадар, і гаспадыня ўспамінаюць двума словамі: голадна і холадна. Часцей карміліся тым, што ўдавалася знайсці на палях: падмерзлая бульба, капуста. І вельмі хацелася хлеба… Таму і атрымаць добрую адукацыю не ўдалося. Вольга Міхайлаўна, у дзявоцтве Кульбіцкая, скончыўшы карачоўскую чатырохгодку, а затым і труханавіцкую сямігодку, адправілася набываць веды ў Грэск. Навука давалася дзяўчынцы лёгка. Але цяжка было адной хадзіць па сем кіламетраў (асабліва зімой), а затым яшчэ і дапазна вучыць урокі, ды і грошай не хапала. І ў рэшце рэшт пайшла працаваць у калгас. Так і Васіль Прохаравіч. Жылі яны амаль побач, адзін аднаго ведалі з дзяцінства. Калі пасталелі, сустракаліся на мала-дзёжных вячорках у клубе. Граў гармонік, спявалі дзяўчаты – весела гуляла шматлікая моладзь Карачоўшчыны. Нягледзячы на тое, што ў Вольгі было шмат кавалераў, а ў Васіля – дзяўчат, нейкім магнітам іх цягнула адзін да аднаго. Сэрцу, як кажуць, не загадаеш. Вось і вырашылі ажаніцца. Напярэдадні, недзе ў апошнія дні лютага, да Кульбіцкіх завіталі сваты: прасілі руку Вольгі. Тады ж і вырашылі, што вяселля не будзе (лішніх грошай не было), а жыць стануць у Кульбіцкіх. 1 сакавіка 1960 года распісаліся ў Труханавіцкім сельсавеце ды і пачалі будаваць сумеснае жыццё. Пражыўшы год у Вольгінай маці, набылі невялічкую хатку. І толькі праз дзесяцігоддзе пабудавалі больш вялікую сучасную. Так і жылі: хадзілі на працу ў калгас, гадавалі дзетак. Да таго ж вялікай была і асабістая гаспадарка: карова, свінні, куры. Васіль Пятровіч, скончыўшы курсы трактарыстаў у калгасе, хутка сеў за руль так званага «жалезнага каня». Дарэчы, на падворку ў Матусаў стаяць ажно дзве адзінкі такой тэхнікі: «Владимирец» і «Беларус». Трактары і сёння з лёгкасцю падпарадкоўваюцца свайму гаспадару. На іх Васіль Прохаравіч і разворвае поле, і выбірае бульбу, і суседзям дапамагае. [caption id="attachment_87596" align="aligncenter" width="840"] ■ Васіль Прохаравіч і яго верны «Владимирец»[/caption] Паступова з кожнага сумесна пражытага года цаглінкай да цаглінкі складваўся трывалы будынак жыцця, сцены якога і зараз надзейна абараняюць кожнага члена сям’і ад бед і няўдач. На пытанне да Вольгі Міхайлаўны, як удалося выгадаваць годных і клапатлівых дзяцей, жанчына адказвае: – Мы прывучвалі іх да працы. Бралі па гектару буракоў ці льну, і дзеці дапамагалі палоць, рвалі лён, глядзелі за хатняй гаспадаркай. На стале заўсёды былі прыгатаваныя ўласнымі рукамі сметанковае масла, смятана, тварог, каўбаскі ды сальца. Сваім любімым мужу, сыночкам і дачушкам Вольга Міхайлаўна гатавала супы з фасолі, гароху, пякла блінцы – вядома ж, паспрабуй накармі столькі чалавек. Васіль Прохаравіч нават і сёння аддае перавагу жончыным блінам перад хлебам. Зараз да бабулі з дзядулем акрамя дзяцей прыязджаюць чацвёра ўнукаў і ўжо – трое праўнукаў. У адказ за бацькоўскі клопат Васіль Прохаравіч і Вольга Міхайлаўна атрымоўваюць сыноўскую і даччыную любоў і ўвагу. Вельмі любяць у сям’і Матусаў святкаваць знамянальныя даты. Дзесяць гадоў таму сваякі і знаёмыя сабраліся ў хаце, каб павіншаваць гаспадароў з залатым вяселлем, крыху пазней – на іх асабістыя юбілеі. А сёлета весела адсвяткавалі дыяментавае вяселле. Сцены залы доўга ўпрыгожваюць рознакаляровыя паветраныя шарыкі, у вазах прывабліваюць вока жывыя кветкі. У сямейным альбоме захоўваецца шмат фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны вясёлыя моманты жыцця. [caption id="attachment_87593" align="aligncenter" width="840"] ■ Васіль Прохаравіч і Вольга Міхайлаўна разам са сваякамі святкуюць залатое вяселле. 2010 год[/caption] Традыцыйна звяртаюся з пытаннем: «У чым жа сакрэт шматгадовага сумеснага жыцця?» З вуснаў гаспадыні гучыць адказ: – А які ж тут сакрэт? Як мы жылі? Дзень – работа, дзень – работа. Усякага ў жыцці бывала. Пасварыцца можна і з-за ўсялякай дробязі. Але галоўнае – умець дараваць адзін аднаму. Цяпер моладзь у сваёй большасці разбэшчаная, прывыклі атрымоўваць усё і адразу. А ў жыцці трэба ўмець і пацярпець. Цяжка не пагадзіцца са словамі мудрай жанчыны. Тым больш што 60 гадоў, пражытых разам, – найлепшы таму доказ. Развітваючыся, Вольга Міхайлаўна і Васіль Прохаравіч шчыра дзякуюць за ўвагу да іх, а, праводзячы да дарогі, гаспадар дадае: – Бывайце здаровы! Ідзіце з Богам! Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей