Кароткачасовыя начныя замаразкі крыху прыпынілі работы вясенняй пасяўной кампаніі. Але не паўплывалі яны на вывазку і ўнясенне арганікі. Нарыхтаванае на палеткі вывозяць амаль усе сельгаспрадпрыемствы раёна.

Разам з намеснікам дырэктара па раслінаводстве ААТ «Капыльскае» Юрыем Тарасевічам мы пабывалі на ўчастку паміж вёскамі Агароднікі і Комсічы, дзе вялося ўнясенне арганікі. Работы тут ішлі даволі актыўна. Здалёк была бачна арганізаваная праца механізатараў.
– На сёння на ўнясенні арганікі пакуль занята адно звяно ў складзе механізатараў Аляксандра Чаюка і Валерыя Касцюкова, якія працуюць на энерганасычаных трактарах з прычэпамі ПМФ-18, і Аляксандра Шчарбінскага – на пагрузчыку. За дзень яны ўносяць угнаенні на плошчы каля 700 га. На вывазцы звычайна занята пяць адзінак тэхнікі, – тлумачыў Юрый Часлававіч. — На гэтым шматгектарным палетку ўносім перагной, які быў вывезены яшчэ восенню і зімой. Ён больш эфектыўны, чым свежы. Тут будзем сеяць кукурузу. Увогуле ў гаспадарцы гэта культура зойме 1300 га на зялёную масу і 700 га – на зерне, якое зараз мае нават большую каштоўнасць, чым збожжавыя. Цукровыя буракі будуць пасеяны на плошчы 600 га.
Працоўны дзень у гаспадарцы пачынаецца ў сем гадзін раніцы і доўжыцца звычайна да 19. Для механізатараў арганізавана двухразовае гарачае харчаванне з дастаўкай у поле. Як заўсёды, абеды гатуюцца ў сваёй сталовай.
Сёлета цёплыя зімовыя дні і ранняя вясна прымусілі земляробаў выбарачна весці палявыя работы з канца лютага – пачатку сакавіка. Раней, чым звычайна, і ў ААТ «Капыльскае» пачаліся падкормкі азімых збожжавых, сенажацей і пашаў, шматгадовых траў, унясенне арганічных і мінеральных тукаў. Пры спрыяльным надвор’і хутка ў поле выйдуць і сеялкі.
– Сяўбу яравых збожжавых бу-дзем пачынаць, калі глеба прагрэецца на 10 сантыметраў да 5 градусаў, – удакладніў Юрый Тарасевіч. – Але пры гэтым абавязкова трэба ўлічваць асаблівасць сёлетняга года – дэфіцыт у глебе вільгаці. А гэта не лепшым чынам паўплывае на стан пасеваў, а потым – на ўраджайнасць. Таму там, дзе вільгаці недастаткова, можна сеяць раней.
Усяго земляробам ААТ «Капыльскае» неабходна засеяць яравымі збожжавымі 1000 гектараў. Але, пакуль сеялкі выйдуць у поле, неабходна прыкласці шмат намаганняў па правядзенні папярэдніх работ. Што і робяць працаўнікі гаспадаркі старанна і якасна.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии