Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

22

У Капылі Купалле святкавалі

13.07.2011
Ужо стала нейкай заканамернасцю, што надвор’е блытае ўсе планы. Так адбылося і са святкаваннем аднаго з самых любімых капылянамі святаў — Купалля. З-за дажджу ўсе запланаваныя мерапрыемствы давялося перанесці ў раённы Цэнтр культуры. Аднак тыя гледачы, якія вырашылі і на гэты раз не здраджваць добрай традыцыі, не пашкадавалі. Тэатралізаванае прадстаўленне “А на Купала рана сонца грала” ў выкананні самадзейных артыстаў і супрацоўнікаў раённага Цэнтра традыцыйнай культуры даставіла нямала прыемных хвілін. Дасціпныя жарты, цікавыя забавы, вясёлыя народныя песні, каларытныя персанажы — усё гэта акунала гледачоў у атмасферу сапраўднага свята. Не саромеючыся, яны ўступалі ў дыялог з гаспадынямі сцэны — суседкамі Ганнай і Марыляй, ролі якіх выконвалі Марына Бурак і Таццяна Вошкат, дапамагалі ім плесці венікі, “збіраць грыбы”, мужчыны — спрачаліся ў конкурсе на званне “лепшага”. Тут была і варажба — дзяўчаты кідалі з-за спіны ў залу вяночкі, каб вызначыцца з тым, ці выйдуць сёлета замуж, задушэўныя песні ў выкананні Вольгі Даманскай, і шмат чаго іншага, што спадарожнічае сапраўднаму народнаму святу. А яго апафеозам стала выступленне фальклорнай групы “Купалінка” пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алены Цяльковай. І тут гледачы не шкадавалі сваіх далоняў, бо, як прагучала са сцэны, — шчасце для артыста — у апладысментах. А як вядома, калі ты шчаслівы — хочацца сваім шчасцем падзяліцца з іншымі. Таму шчодрыя апладысменты рыкашэтам рассыпалі шчасце па ўсёй глядзельнай зале. Безумоўна, гэтым вечарам на капыльскай сцэне былі сапраўдныя артысты, якія, здавалася, усімі фібрамі душы выпраменьвалі станоўчую энергетыку і неслі яе сваім гледачам, ствараючы для іх сапраўднае свята. На працягу га-дзіны “Купалінка” радавала капылян яркімі нумарамі, у якіх цесна спляліся народныя мелодыі, песні, танцы, дасціпны гумар і талент сталічных гасцей.

Маргарыта САКОВІЧ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей