Ужо другую змену гасцінна прымае сваіх выхаванцаў аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем “Орлік”, што размясціўся на базе Бучацінскай сярэдняй школы. Лагер, як і школа, захаваў сваю экалагічную накіраванасць, таму і назва ў яго такая, а яшчэ таму, што знаходзіцца на тэрыторыі Орлікаўскага лясніцтва. У аздараўленчай установе ёсць і свае грошы-бонусы — “арлы”, якія можна зарабіць за розныя добрыя справы.
— Першая змена ў нас прайшла з 12 па 29 чэрвеня, падчас якой адпачылі 39 чалавек: пераважна дзеці з сацыяльнага прытулку і з праблемных сем’яў, — адзначае начальнік лагера Святлана Сташаніна. — Запомніліся мерапрыемствы экалагічнай, грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Спадабаліся “Дзеці новага пакалення”, прэзентацыя “Вось якія мы”. Не застаецца па-за ўвагай у нас працоўнае выхаванне. Паколькі тэрыторыя вялікая, неабходна падтрымліваць належны парадак. Акрамя таго, на ёй вырошчваецца больш за 100 відаў раслін, якія патрабуюць догляду. Дзеці з задавальненнем выконваюць гэтыя работы па сваім жаданні. Вядома ж, і за гэта атрымліваюць “арлы”.
Выхаванцы лагера маюць магчымасць карыстацца багатым інфармацыйным аснашчэннем школы: ёсць доступ да інтэрнэту, працуе камп’ютарны клас, мерапрыемствы можна здымаць на відэа- і фотакамеру і г. д.
Выхаваўчы працэс праводзяць 10 выхавальнікаў пераважна з педадукацыяй, вопытам работы. Трое працуюць штодзённа на пастаяннай аснове, задзейнічаны таксама педагогі Бучацінскай СШ.
Згодна з перспектыўным меню, арганізавана якаснае, вітамінізаванае харчаванне з абавязковым ужываннем садавіны, агародніны, сокаў.
Падчас другой змены, якая пачалася 3 ліпеня, на працягу 18 дзён адпачнуць 60 дзяцей, у тым ліку 7 сірот з Капыльскага СПЛ, і ёсць зусім маленькія выхаванцы Грозаўскай школы-інтэрната, іншыя вучні школ раёна. Іх таксама чакаюць шматлікія мерапрыемствы. Напрыклад, у першыя дні атрады выбіралі назвы, рыхтавалі дэвізы, газеты і канцэртныя нумары. А наперадзе – “Два караблі”, “Міс і містэр лагер”, “Прычал двух сэрцаў”, “Горад майстроў”, тэатралізаванае прадстаўленне “Лета”, экскурсіі і дыскатэкі, якія, дарэчы, рыхтуюць і праводзяць самі выхаванцы.
Пра тое, як праходзіць аздараўленне, мы пацікавіліся ў адпачываючых. Напрыклад, Алег Кавалеўскі з Грозаўскай школы-інтэрната адзначыў, што заўсёды дапамагае важатым, спявае, расказвае вершы. У першы дзень заезду прымаў удзел у пастаноўцы казкі “Рэпка”, дзе выканаў ролю Бабкі, а потым змог паглядзець відэазапіс на экране.
Сваімі меркаваннямі падзялілася і Даша Маліноўская з г. Капыля:
— Кожнае лета люблю ездзіць адпачываць, таму і сёлета ў лагеры. Тут цікава, добрыя выхавальнікі, якія знаходзяць нам занятак, уздымаюць настрой, калі сумна. Я прыехала з аднакласніцай, але знайшла і новых сяброў. Увогуле ўсё мне падабаецца.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии