Пра што пісала раёнка ў розныя гады ў першыя дні сакавіка. У вытрымках з тэкстаў захаваны стыль і арфаграфія таго часу.
1963 г.
Жыллё для працоўных
Працоўныя Капыля за апошнія гады атрымалі каля тысячы квадратных метраў жылой плошчы. Летась здадзен у эксплуатацыю новы двухпавярховы шаснаццацікватэрны дом па вуліцы Максіма Горкага. Пачынаецца ўзвядзенне яшчэ аднаго жылога дома. На ўчастку паміж вуліцамі Карла Маркса і Савецкай хутка расце прыгожы двухпавярховы будынак для дзіцячых ясляў і дзіцячага сада.
Райцэнтр прыгажэе, добраўпарадкоўваецца.
В. НАСЕВІЧ
1966 г.
Аматар лёгкай нажывы
Пётр Б. лічыцца на пасадзе нарыхтоўшчыка Семежаўскага сельпо. Ён прыдбаў сабе коніка. Але рэдка на гэтым коніку возіць скуры, макулатуру. Яго больш вабяць грубыя кармы. Не можа ён спакойна праехаць міма калгасных сцірт з саломай. Да сцірт яго нібы магнітам цягне. Хоць не жаў, не касіў, але не грэбуе калгаснай саломай нарыхтоўшчык.
І. ВАСІЛЬЕЎ
1970 г.
Чаго ён маргае?
Жыхары вуліцы імя Леніна ў Капылі ў пажарным парадку выстрайваюцца ў чэргі ў гаспадарчых магазінах.
– За чым таўканіна? – цікавіцца нейкі не тутэйшы чалавек.
– За запаснымі часткамі да Капыльскай электралініі.
У запасныя часткі ўваходзяць лямпы, свечкі, ліхтары, запалкі. Справа ў тым, што ў апошні час электрасвятло ў хатах на гэтай вуліцы пачало хітра падміргваць. 15 мінут пагарыць, а потым тухне. І так увесь вечар.
Цікава, да якога часу работнікі Капыльскай электрасеткі будуць выпрабоўваць нервы сваіх электраспажыўцоў?
В. КУЗАР, І. ІВАНЬКОЎ
1975 г.
«Падарожжа ў няўтульнасць»
З Капыльскага РБУ-13 паведамілі, што факты, аб якіх паведамлялася ў рэйдавым матэрыяле «Падарожжа ў няўтульнасць», змешчаным у № 14 газеты «Слава працы», мелі месца. Цяпер у інтэрнаце РБУ-13 праводзіцца рамонт, пасцельная бялізна мяняецца праз дзесяць дзён. У хуткім часе будзе наладжана ацяпленне, назначан новы качагар. Арганізавана дзяжурства па паверху, у пакоях выбраны старасты. Пасля рамонту будзе аформлен Ленінскі пакой, набыты тэлевізар. Выпісаны газеты, яны разносяцца па пакоях. Будуць заведзены падшыўкі перыядычных выданняў. Куплены шашкі, шахматы, даміно.
1990 г.
Занядбалыя коні
Конь – спрадвечны памочнік чалавека. Як вядома з гісторыі, вельмі моцна цанілі і шанавалі каня ў старадаўнім Рыме і Грэцыі. Рымскі імператар Калігула так шчыра любіў свайго стаенніка, што зрабіў яго членам сената.
Цяпер у 160 краінах свету налічваецца 71 мільён коней. У параўнанні з 1960 годам колькасць іх у Еўропе павялічылася ў два, а ў ЗША – у 2,4 раза. Ды і ў нашай краіне ёсць нямала мясцін, дзе з любасцю, з гаспадарскай рупнасцю адносяцца да гэтай працалюбівай жывёлы.
Аднак з прыкрасцю даводзіцца канстатаваць, што ў нашым раёне конегадоўля знаходзіцца ў заняпадзе. Паглядзіш, бывае, на каня, запрэжанага ў воз, на якім едзе чалавек у Капыль з якога калгаса, і дзіву даешся той неахайнасці. Конь брудны, худы. На шыі матляецца адзін развалены хамут, без падсядзёлкаў і набадраў. Ды і воз – не воз, а нейкая скрыня на гумавых колах.
Зводзяцца майстры, што робяць і рамантуюць вазы, збрую. Зводзяцца кавалі, што ўмеюць падкаваць коней. А змена не рыхтуецца. Тэхніка тэхнікаю, а без каня ў сялянскай гаспадарцы не абысціся. Значыць, трэба павысіць увагу і клопаты да конегадоўлі. С. ЧУЕЎСКІ
Падрыхтавала Марыя ШЭІНА
Комментарии