Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

22

Благодарные земляки отметили 100-летний юбилей З.И Романенко

11.07.2011
Невялікая ўтульная зала Цімкавіцкага СДК запоўнена шчырымі людзьмі з адкрытымі сэрцамі. На сцэне партрэт сціплай жанчыны з удумлівым позіркам і прыгожым тварам. Над партрэтам надпіс «И лет связующая нить», унізе лічба — 100 гадоў. Роўна столькі споўнілася б заслужанай настаўніцы школ Беларускай ССР, выдатніку асветы, кавалеру ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені і «Знак Пашаны», мастацкаму кіраўніку і рэжысёру Цімкавіцкага народнага тэатра, таленавітаму педагогу і былому дырэктару Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага Раманенка Зінаідзе Іосіфаўне. 3 левага боку сцэны экран з фотаздымкамі творчага і асабістага жыцця юбіляркі. Пад апладысменты прысутных у залу ўваходзяць дзеці Зінаіды Іосіфаўны: дзве дачкі і сын разам са сваімі сем’ямі. Дзеці запрашаюцца на сцэну і першым слова трымае сын Вальдэмар. Настальгія па дзяцінстве і тым, чаго ўжо нельга вярнуць назад, а таксама аповед пра мінулае і цяперашняе. Удзячнасць за падоранае жыццё, за асабісты прыклад, які быў галоўным выхавацелем у сям’і. Можа, таму ўсе яны, дзеці Раманенкаў, выраслі сапраўднымі людзьмі. Старэйшая Кларыса — навуковы супрацоўнік Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца на заслужаным адпачынку, жыве ў г. Мінску. Сярэдні сын Вальдэмар — доктар медыцынскіх навук, прафесар кардыялогіі, жыве і працуе ў г. Мінску. Малодшая Вольга — вядучы урач-эндакрынолаг, жыве ў падмаскоўным Адзінцове і працуе ў Маскве. Іх маці — чалавек, які сваім талентам, энтузіязмам і энергіяй зрабіла за жыццё столькі, што хапіла б многім, каб праславіцца паасобку. За 35 гадоў працы дырэктарам са сцен Цімкавіцкай школы выйшла больш за 60 дактароў і кандыдатаў навук у розных галінах. Цэлая Акадэмія Навук і, нават, Прэзідэнт Акадэміі быў выпускніком школы. Кадр за кадрам на экране праходзіць усё творчае жыццё гэтага незвычайнага чалавека. Будаўніцтва трохпавярховага будынка школы; вучні, настаўнікі і бацькі на будаўніцтве музея Кузьмы Чорнага; сцэны са спектакляў народнага тэатра; выступленні танцавальных калектываў, домравага ансамбля, духавога аркестра, ансамбля дудароў, самага вялікага ў раёне хору - вось невялікі пералік таго, што сведчыць аб культурным жыцці Цімкавіч. У сваім выступленні былая піянерважатая школы Антаніна Паўлаўна Жук успамінае гады працы і творчай дзейнасці з Зінаідай Іосіфаўнай, як самыя лепшыя ў сваім жыцці. «Па два спектаклі ў дзень, творчыя паездкі па вобласці, а таксама абмены творчымі калектывамі з Тарасаўскай школай Кіеўскай вобласці. У гэтай маленькай жанчыне было столькі любові да жыцця, да людзей, да сваёй справы! Яна была і рэжысёрам, і перакладчыкам, і сцэнарыстам, і дэкаратарам, і касцюмерам... Разам з тым гэта быў сапраўдны інтэлігент, тактоўны і справядлівы кіраўнік, добрая жонка і пяшчотная маці». Святкаванне юбілею адбывалася якраз у Дзень пагранічніка. Багатая і цікавая гісторыя звязвае Цімкавічы, Зінаіду Іосіфаўну з 17-м Чырванасцяжным пагранічным атрадам імя Кафанава. Па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам быў створаны ў школе музей атрада, праходзілі ўсесаюзныя злёты ветэранаў-пагранічнікаў. На свяце прысутнічала старшыня савета ветэранаў-пагранічнікаў з Масквы Ніна Сяргееўна Наздарская. Кожны год у гэты дзень яна прызджае ў Цімкавічы і на пагранічную заставу ў Заракаўцах, каб пакланіцца гэтым святым месцам. Ніна Сяргееўна сціпла выходзіць на сцэну, кладзе букецік любімых Зінаідай Іосіфаўнай ва- сількоў да партрэта юбіляркі і нізка скланяе галаву перад яе памяццю. Адзін за адным змяняюцца нумары мастацкай самадзейнасці. I вось на сцэне... Цімкавіцкі народны тэатр —дзецішча Зінаіды Іосіфаўны з урыўкам са спектакля па п’есе Аляксея Дударава «Не пакідай мяне». Тэатр жыве і большай удзячнасці памяці Зінаіды Іосіфаўны Раманенка не можа быць... Заключным акордам канцэртнай праграмы было выступленне навучэнцаў і настаўнікаў мясцовай школы мастацтваў.

Алена ОСТРЫКАВА,

аг. Цімкавічы


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей