Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

58

Па жыцці разам (CMigrator copy 1)

08.05.2010
(да 80-годдзя “Слава працы”) У цяжкіх умовах акупацыі ў невялікіх і халодных зямлянках было выпушчана 63 нумары падпольнай райгазеты “Калгаснік Капыльшчыны”. Аддрукавана 34 000 экзэмпляраў газет. Выпушчана больш за 100 лістовак і кожная значным тыражом. Едкі пах вайны жыхары населеных пунктаў Капыльшчыны адчулі 22 чэрвеня 1941 года. Калыхалася паветра ад узрываў бомбаў, рваліся сэрцы мужчын ад плачу дзяцей і мацярок. На 4 – 5 дзень прыехалі з закасанымі рукавамі нямецкія матацыклісты, і на доўгія тры гады наш раён трапіў у кіпцюры нямецкіх акупантаў. Але патрыёты не змірыліся з акупацыяй. Шырылася падпольная барацьба, а затым пачалі стварацца партызанскія атрады. Нядаўнія выпускнікі Навасёлкаўскай школы Уладзімір Бірук і Васіль Акула непадалёку ў лесе змайстравалі дэтэктарны прыёмнік, ад якога на самыя верхнія галінкі дрэў узляталі антэны-павуцінкі. Хлопцы слухалі Маскву і з яе паведамленняў пісалі лістоўкі на аркушах з вучнёўскіх сшыткаў. Навасёлкаўцы даведваліся, што Чырвоная Армія з жорсткімі баямі адступае да Масквы. Але ў пачатку снежня нашы войскі перайшлі ў наступленне і пагналі ворага ад сталіцы. “Ад першых лістовак хмурнелі твары вяскоўцаў, а затым, калі даведаліся, што немцаў гоняць, як яны радаваліся”, — успамінаў хтосьці з аднакласнікаў хлопцаў. Але некаторыя з суседзяў недаверліва аднесліся да інфармацыйных паперак, палічылі за дзіцячую гульню, а даказваць было боязна, бо немцы праз здраднікаў шукалі стваральнікаў лістовак. Пра патрыятычныя ўчынкі моладзі добра ведаў афіцэр Васіль Васілёнак, які выбіўся з акружэння з-пад Беластока. Ён пахваліў хлопцаў за лістоўкі і вучыў іх канспірацыі. У хуткасці хлопцы сталі партызанамі, памочнікамі і карэспандэнтамі ствараемых падпольных газет. Падпольныя групы дзейнічалі ў Цімкавічах, Капылі, Прусах і іншых мясцінах раёна. У Цімкавічах сярод  камсамольцаў-падпольшчыкаў паказаў сябе стойкім патрыётам Фёдар Канстанцінавіч Абрамчык (у будучым вядомы капыльскі краязнавец і дарадчык райгазеты). У Прусах змог актывізаваць падпольшчыкаў будучы камандзір партызанскага атрада імя Будзёнага Міхаіл Ізюмскі, у яго групу ўваходзілі капыльскія патрыёты Сямён Бахта і Кунцэвіч, якія выратавалі ад засценкаў гестапа шмат камуністаў. Былыя газетчыкі Яўген Жылка і Васіль Наркевіч пайшлі ў партызанскі атрад “Баявы”. З імі ў адной роце ваяваў праслаўлены піянер-герой Марат Казей. У адным з баёў на Уздзеншчыне Жылка заб’е двух карнікаў, будзе цяжка паранены і трапіць з раздробленымі рукамі ў пастку ворага. Яго білі і катавалі, але ён нічога не сказаў пра дыслакацыю партызан. А назаўтра знайшлі партызана з разбітай галавою. Зімою 1943 г. немцы сеялі здзекі і смерць, залітыя крывёю гарэлі вёскі. У гэты час Корнеў бярэцца за пяро і ў сваіх лістоўках раскрывае звярынае аблічча гітлераўцаў, заклікае моладзь уступаць у рады лясных салдат. Камандаванне атрада даручае яму разам з Лёвам Шакуном (будучым вучоным) апісаць гісторыю партызанскага руху Капыльшчыны. Але не збыліся надзеі і планы. Наш актыўны няштатны карэспандэнт, калі выконваў асобае заданне камандзіра атрада імя Чапаева Грыба, трапіў каля Комсіч на атрад карнікаў. Спачатку адбіліся, паклалі шмат ворагаў і, здаецца, былі ў бяспецы. Але дзе Іван? Яго Васіль знайшоў параненым. Фрыцы былі далёка, і заставаўся шанс дацягнуць параненага да лесу, але застракатаў кулямёт – і Корневу перабіла ногі. Яго доўга катавалі, але ён нічога не сказаў. Так на 24-м годзе загінуў таленавіты газетчык, паэт і настаўнік. Васіль Гаўрук ваюе ў складзе Ваенна-паветранай арміі, а ў вольную хвіліну бярэцца за пяро і друкуе свае артыкулы і вершы ў газеце “Крылы Перамогі”. Загіне ў рукапашным баі пад Сталінградам. Партызаны правядуць шэраг баёў у Гнілусе, каля Вялікай Раёўкі, разгромяць гарнізон у Цімкавічах, пашчапаюць моцны гарнізон у Капылі, і, хоць не здолеюць яго разграміць, народныя мсціўцы набяруцца вопыту і паспяхова будуць граміць іншыя гарнізоны, такія моцныя, як Сейлавіцкі. У пік разгортвання партызанскага руху на Капыльшчыне першы сакратар падпольнага міжрайкама КП(б) Беларусі Іван Дзянісавіч Варвашэня (родам з Блеўчыц) запрасіў да сябе аднаго з членаў групы па рэдагаванні і друкаванні матэрыялаў, перададзеных па радыё, Канстанціна Мікалаевіча Клюйку. Дастаў са сваёй сумкі невялічкі мяшочак з друкарскім шрыфтам і сказаў, што падпольны міжрайкам даручае яму, актыўнаму прапагандысту, выпускаць лістоўкі. Пісаць іх давядзецца разам з Канстанцінам Фёдаравічам Коршукам (будучым загадчыкам Мінскага абкама). Са жніўня 1942 г. быў наладжаны выпуск лістовак. Тэкст набіраў радыст Уладзімір Шаршнёў. Лістоўкі друкаваліся прымітыўным спосабам: на набраныя з літараў тэксты намазвалі фарбу, клалі паперу і пракатвалі валікам. Друкаванае слова заклікала насельніцтва раёна да барацьбы з гітлераўскімі акупантамі, а праўдзівыя зводкі Савінфармбюро паведамлялі, што Чырвоная Армія штодзённа адваёўвала ў ворага  акупіраваныя тэрыторыі. Гэта ўзнімала патрыятычны дух  капылян, усяляла ўпэўненасць у перамозе. Неўзабаве на падмогу з Мінска прыбыла вопытная наборшчыца Ядвіга Міхайлаўна Савіцкая, а з Узды — машыністка Алена Георгіеўна Левановіч. У немцаў адбілі добры прыёмнік, і радыст Марозаў прымаў зводкі. Пасля Лаўскага бою немцы кінулі ўсе свае сілы на падаўленне партызанскага руху, і партызанскія друкары часова перабраліся ў колкінскі лес каля Чырвонай Слабады. У былым райцэнтры партызаны разграмілі нямецкі гарнізон, там засталася амаль не кранутая раённая друкарня. З 1 студзеня 1943 года пачалі выпускаць газету Слуцкага міжрайкама партыі “Патрыёт Радзімы”. Знайшлі чырвонаслабодскага друкара Канапляніка, які ўмела наладзіў друкаванне газеты. Рэдактарам стаў Клюйка, сакратаром Коршук, а літсупрацоўнікам Канцавы (які стане потым намеснікам старшыні Мінгарвыканкама). Садзейнічаў выхаду газеты Мікалай Мікалаевіч Няпомняшчы, камісар атрада імя Шчорса. Друкаваны орган міжрайкама з першага нумара заваяваў чытачоў. Тыраж даходзіў да 1000 экзэмпляраў, “партызанку” чыталі не толькі на Капыльшчыне, але і ў Мінску, Нясвіжы, Баранавічах і Уздзе. Газета перадавалася з рук у рукі. Але немцы арганізавалі блакаду чучавіцкага лесу, і друкаваць газету стала немагчыма. Тады вырашылі закапаць у лесе ўсё друкарскае абсталяванне і прарывацца з акружэння. Іван ІГНАТЧЫК

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей