Пра што пісала раёнка ў розныя гады ў гэты дзень, 15 лютага. У вытрымках з тэкстаў захаваны стыль і арфаграфія таго часу.
1964 г.
«У вёсцы Сцяпуры калгаса «Шлях камуны» пражывае Эдуард Т. Гэта – гультай з гультаёў. Яшчэ летам за нядбайнасць і дрэнныя адносіны да тэхнікі яго вызвалілі ад абавязкаў трактарыста. З таго часу Т., як кажуць, не стукнуў палец аб палец. На матацыкле без нумара ён штодня носіцца па раёне. Дык ці ж не пара гультаю закрыць шлагбаум? Хопіць яму трутнем гойсаць па дарогах Капыльшчыны.
У. КУРЧЫК».
1969 г.
«Мне, як маці дзяцей, хочацца сказаць сардэчнае дзякуй урачам Бабаўнянскай участковай бальніцы тт. К.А. Міхайлоўскаму і Т.А. Болахаву за іх клапатлівыя адносіны да людзей. У нашай сям’і здарылася няшчасце. Цяжка захварэў сын. Прыйшлося тэрмінова звярнуцца за дапамогай. Урачы Міхайлоўскі і Болахаў ні на хвіліну не адыходзілі ад ложка хворага, пакуль ён не ачуняў. Дык няхай жа іх рукі ніколі не ведаюць стомы! Мацярынскае ім дзякуй!
Л. КОЎЗУСЬ».
1973 г.
«Я выйшаў з райкома. Хваляванне яшчэ не прайшло, і мне выразна чуваць быў стук свайго сэрца. Дакрануўшыся рукою да кішэні, памацаў. Ён быў на месцы. Мне раптам захацелася пабыць аднаму са сваімі думкамі і пачуццямі, асэнсаваць важную падзею ў маім жыцці. Міжволі накіраваўся ў бок возера. Адчуўшы хвойны пах і шамаценне восенскай, апаўшай лістоты, я спыніўся ў маладым сасонніку.
Калі ўпэўніўся, што вакол мяне ні душы, з хваляваннем дастаў з кішэні невялічкую кніжачку, ад якой яшчэ пахла друкарскай фарбай. Уважліва разгледзеў надпіс на абложцы і ўслых прачытаў: «Партыйны білет».
Беражліва, як самую дарагую рэч, трымаў я ў руках партыйны білет, і мне здавалася, што шчаслівейшага чалавека няма на ўсім свеце.
Я стаў камуністам. Яшчэ задоўга да ўручэння мне партбілета ўсвядоміў веліч і ўсю паўнату адказнасці за права так сябе называць.
Трымаю ў руках гэтую невялічкую, чырвоную кніжачку і адчуваю, што зрабіў крок уперад, каб дабраахвотна прыняць на сябе абавязак – быць за ўсё ў адказе.
Э. ПРУТКОЎСКІ».
1979 г.
«12 гадоў працуе паштальёнам Цімкавіцкага аддзялення сувязі З.А. Фёдарава. Яна жаданы госць у кожным доме вёскі Цімкавічы. Зінаіда Аляксандраўна акуратна выконвае свае абавязкі, удзяляе шмат увагі падпісцы на газеты і часопісы, займаецца грамадскімі справамі. Ёй прысвоена ганаровае званне ўдарнік камуністычнай працы. За дасягнутыя поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве перадавому паштальёну ўручана грашовая прэмія.
У. КАЛАЦКІ».
1985 г.
«Дыпломам першай ступені Міністэрства асветы БССР узнагароджана Пацейкаўская сярэдняя школа за ўдзел у рэспубліканскай выстаўцы дасягненняў юных натуралістаў і вопытнікаў сельскай гаспадаркі.
Узнагарода – заслужаная адзнака вялікай работы, якая вядзецца ў школе па ўзбагачэнню вучняў трывалымі ведамі ў галіне прыродазнаўства, практычнымі навыкамі ў справе авалодвання сакрэтамі хлебаробскай справы.
Г. ШЫМАНСКІ».
Падрыхтавала Марыя ШЭІНА
Комментарии