Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

Празднование Купалья

08.07.2011
Свята Івана Купалы ў беларусаў, як і ў іншых славянскіх народаў, адзначаецца з 23 на 24 чэрвеня – у каталікоў і з 6 на 7 ліпеня – у праваслаўных. Гэта старажытнае свята летняга сонцастаяння. Святкаванне адбываецца надзвычай урачыста. З самай раніцы дзяўчаты і жанчыны ішлі на лугі і палі збіраць лекавыя травы (“святаянскае зелле”). Хлопцы рыхтавалі месца для купальскага вогнішча (на пагорку, беразе рэчкі ці возера, на скрыжаванні дарог – сакральным у свядомасці сялян месцы). Закопвалі ў зямлю слуп з замацаваным наверсе прасмоленым колам. Пад ім складалі “май” – засохлыя галінкі дрэў, якімі ўпрыгожвалі двары і хаты на Тройцу. Сяляне, прыбраныя па-святочнаму, збіраліся да абрадавага вогнішча: неслі пітво і ежу. Больш за ўсіх свята вабіла моладзь – дзяўчат і хлопцаў. З надыходам вечара, на-дзеўшы на галовы вянкі (іх звівалі яшчэ да вечара), дзяўчаты групамі з песнямі ішлі да месца купальскага агню. Як толькі хавалася сонца, запальвалі “май”. Агонь хутка дабіраўся да кола і свята пачыналася. Дзяўчаты хорам спявалі песні, у якіх цэнтральнай постаццю і вербальна дзейнай асобай з’яўляецца сакральны вобраз Купалкі, Купалінкі, Купалы. У ноч на Івана Купалу моладзь весялілася ад душы: вадзілі карагоды, наладжвалі гульні, скокі праз распаленыя вогні-шчы, купанне ў рацэ. Гэтыя дзеянні былі неабходнымі на Купалле як ачышчальныя і засцерагальныя рытуалы. Старыя людзі пад дзявочыя спевы закусвалі, расказвалі легенды, цікавыя і неверагодныя гісторыі, што нібыта адбываліся ў купальскую ноч. Народная вуснамоўная проза з невычарпальнай фантазіяй і эстэтычным густам апавядае пра цуды, якія здараліся з сельскімі людзьмі на Івана Купалу: пра тое, як чалавек апоўначы знайшоў у лесе цудоўную кветку папараці, адразу ж стаў разумець, пра што гавораць расліны і жывёлы, змог убачыць, дзе схаваны скарбы. Многа цікавага маглі пачуць маладыя ад старых бывалых людзей. Згодна са старажытнымі вераваннямі нашых далёкіх продкаў, у гэтую пару ў прыродзе актывізаваліся цёмныя, нядобразычлівыя для чалавека сілы, ад якіх і павінны былі за-сцерагчы купальскія рытуалы з агнём і вадой. Як толькі на ўсходзе з-пад краю гарызонта выкатваўся вогненны круг сонца, усе рытуальнікі ўважліва сачылі за зменамі – пералівамі яго фарбаў – з захапленнем назіралі, як яно іграе, спявалі, віталі новы прыход даўцы цяпла і жыцця на зямлі. З наступленнем дня святкаванне ўзнаўлялася. Моладзь вадзіла карагоды, танцавала пад музыку, выконвала купальскія сур’ёзныя, змястоўныя і жартоўныя песні. Дзяўчаты варажылі на вянках, пускалі іх па два на раку: адзін – ці пойдзе дзяўчына замуж, другі – пра яе лёс у замужжы. Калі ў дзяўчыны быў каханы, то вянкі павінны былі паказаць, ці не разлучыцца яна з мілым. Калі ж вянкі плылі і сходзіліся, дзяўчына радавалася, а як разыходзіліся – засумчалася. Люстэрка ракі, блакітнае неба, сонечныя прамяні на вадзе, дзяўчаты, прыбраныя вянкамі, спевы прыгожымі моцнымі галасамі – усё гэта фарбы адной карціны – хараства. Сфера купальскіх тэм і матываў вельмі шырокая: яна адлюстравала мары, надзеі, спадзяванні і само жыццё беларускай маладой сялянкі. У купальскай песеннай паэзіі адбіліся ментальнасць, уражанні і пачуцці, а таксама паэтычны талент яе творцы – сельскай жанчыны. Асаблівай увагай і прыхільнасцю дзяўчат карыстаецца жаночая постаць свята – Купалінка (Купалначка). Згодна з купальскай семантыкай, яна з’яўляецца патронкай дзяўчат – дорыць ім каханне і шчаслівы шлюб. Абрады купальскай ночы – свяшчэнныя рытуалы вакол агню і на рацэ – спрыялі збліжэнню маладых людзей, завязванню сяброўства, зараджэнню ўзаемнай сімпатыі і кахання. Тэма шлюбу праходзіць праз усю купальскую паэзію, апяваецца з розных бакоў. Згодна з беларускай народнай філасофіяй, чалавек можа быць шчаслівым і даўгавечным, калі валодае не толькі фізічным, але і маральным здароўем, калі ў жыцці строга выконвае этычныя ўстанаўленні сям’і і грамадства. Мяккасць, памяркоўнасць, цярплівасць, дабрыня – вось рысы характару жанчыны-нявесткі, якія так патрэбны ўсім сямейнікам. Вясёлы святочны песенны рэпертуар Купалля выходзіць далёка за межы традыцыйных рытуальных тэм. Гумар, жарт, досціп, бесклапотная радасць гучаць у начной купальскай прасторы аж да ўсходу сонца. Урачыстае адзенне, раскошная зеляніна наваколля, гучанне песень – усё гэта стварала своеасаблівы настрой у вясковых людзей і пакідала яркія эстэтычныя ўражанні.

Антон ГУРСКІ, кандыдат філалагічных навук


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей