Каб выратаваць сваю дачку ад нямецкага рабства, Максім Макаравіч Калядка пайшоў на даволі рызыкоўны крок: ён змяніў дату яе нараджэння. З тае пары Вольга Максімаўна Калядка на год памаладзела. І нават сваё 95-годдзе Вольга Максімаўна адсвяткавала сёлета, хоць і з’явілася на свет яна 24 студзеня 1924 года.
«Горкія страты вайны»
– З нашай вёскі Лесуны, што каля Слуцка, як і з іншых месц Савецкага Саюза, фашысты забіралі ў Германію на працу тых, хто з’явіўса на свет у 1923 і 1924 гадах, – эмацыянальна, перасыпаючы сваю мову рознымі прымаўкамі, з непаўторнай ляшнянскай гаворкай Вольга Максімаўна вядзе аповед пра сваё жыццё. – Мой бацька Максім Макаравіч знайшоў знаёмых, якія пераправілі дату майго нараджэння. Сам ён па ўзросце на фронт не трапіў, але як мог дапамагаў лясным воінам: быў сувязным, адвозіў ім ежу. Ды партызаны і самі часта прыходзілі да нас. Ужо пасля вызвалення Беларусі, у 44-м годзе, на фронт прызвалі майго 18-гадовага брата Валодзю. Памятаю, як праводзілі юнака на фронт. Я падышла да салдацкай калоны, плачу і кажу: «Валодзя, Валодзя, куды ты сабраўса?» А ён стаіць, глядзіць на мяне і нібы ў прадчуванні, што ўжо ніколі да нас не вернецца, не стрымлівае слёзы… Брат загінуў, не дажыўшы два тыдні да Перамогі, у паўднёва-ўсходняй Прусіі, цяпер г. Несцераў Калінінградскай вобласці. Ужо ў 75-м годзе, калі святкавалі 30-годдзе Перамогі, піянеры прыслалі нам пісьмо, у якім паведамлялі, што «ваш сын и брат погиб и похоронен в г. Нестеров». Туды разам са сваякамі паехала мама. Сабраласа шмат народу з усіх куткоў Савецкага Саюза, каб прыняць удзел у перапахаванні астанкаў каля 3000 салдат. Сведкі не стрымлівалі слёз.
(Сапраўды, ў электроннай Кнізе памяці Калінінградскай вобласці мы знайшлі наступныя звесткі: «Красноармеец Колядко Владимир Максимович (1926–02.11.1944). Место рождения или адрес места жительства: Белорусская ССР, Минская обл., Слуцкий р-н, дер. Лесуны. Партийность: беспартийный. Дата и место призыва: Слуцкий РВК, Белорусская ССР, Минская обл., Слуцкий р-н. Последнее место службы: 265-й стрелковый Краснознаменный полк, 20-я стрелковая Барановическая дважды Краснознамённая ордена Суворова дивизия. Должность (специальность): подносчик снарядов. Причина выбытия: убит в бою. Первичное захоронение (место выбытия): Маттишкемен, северная окраина» – Рэд.).
[caption id="attachment_85615" align="aligncenter" width="840"]
■ Помнік у Калінінградскай вобласці, на якім значыцца імя Калядкі Уладзіміра[/caption]
А старэйшы мой брат Іван у час Вялікай Айчыннай змагаўся ажно на мяжы з Іранам. Вярнуўся ён адтуль знямоглым хворым чалавекам.
«Нашаму роду няма пераводу»
– Першым чалавекам, які аказаў уплыў на ўвесь наш род, лічу, быў дзядуля Макар, – працягвае расказ Вольга Максімаўна. – Дзед трымаў добрую гаспадарку і, да таго ж, быў вельмі мудрым чалавекам. Ён разумеў, што толькі адукацыя дапаможа дзецям выбіцца ў людзі. Таму майго бацьку дзед Макар аддаў вучыцца ў царкоўнапрыходскае вучылішча ў Слуцку. Атрымаўшы адукацыю, бацька прадоўжыў узмацняць гаспадарку, і да сялянскіх прылад прыбавіліся механізаваныя. Акрамя двух коней у нас была малатарня, алейня, медагонка. Але пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі справы нашы змяніліса: сям’ю раскулачылі. Нас усіх выселілі, а ў нашай роднай хатцы зрабілі «избу-читальню». Пэўны час мы месціліся ў сваякоў. Ад горкай долі шматлікіх высяленцаў, якіх адпраўлялі ў далёкія краі, нас выратавалі татавы пляменнікі, якія верна служылі справе рэвалюцыі. Потым тата з мамай уступілі ў калгас, жылі сціпла, гадавалі нас, чацвярых сваіх дзетак.
«Калі Бог хоча дапамагчы жанчыне, пашле ёй добрага чалавека»
– Менавіта так я заўсёды лічыла. І нездарма: мой выбраннік Міхаіл Нікалаеня быў вельмі добрым і прыгожым. З ім я пазнаёміласа падчас працы ў адной з так званых «растушчых» школ Клецкага раёна, дзе Міхаіл Кірылавіч працаваў завучам. На Клеччыну разам з сяброўкай мы трапілі пасля таго, як год адгаравалі настаўніцамі ў спецыяльным дзіцячым доме ў Пінскім раёне. Вось так супалі мой прафесійны і асабісты выбары.
[caption id="attachment_85614" align="aligncenter" width="545"]
■ Міхаіл Нікалаеня, 1950-я г. ХХ ст.[/caption]
…Звязаць свой лёс з прафесіяй настаўніка я вырашыла не адразу. Спачатку марыла быць медыкам, як і мае сяброўкі. Але бацька вырашыў па-свойму і адправіў мяне ў педагагічнае вучылішча. А потым быў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З татавым выбарам я была згодна, бо мне таксама падабаліса настаўнікі, і асабліва – як яны адзяваліса: я ўсё жыццё любіла прыгожае аддзенне.
[caption id="attachment_85617" align="aligncenter" width="525"]
■ Вольга Калядка, 1950-я г. ХХ ст.[/caption]
У скорасці пасля таго, як мы ажаніліса, вырашылі вярнуцца на радзіму мужа ў Лешню. Школы як такавой не было, займаліса па хатах. Новы будынак узвялі недзе ў 60-х гадах. Дзяцей было столькі, што нават вучыліса ў дзве змены. Я выкладала біялогію, батаніку, працоўнае навучанне. Мы, настаўнікі, часта самі бралі ўдзел у канцэртах, ездзілі з творчымі эстафетамі ў суседнія вёскі.
«Чалавек павінен пасадзіць сад, выгадаваць дзяцей і пабудаваць хату»
– Усе гэтыя запаветы мы з мужам выканалі. Пасля пераезду ў Лешню сямейнае жыццё пачыналі ў старой бацькоўскай хаце, а з цягам часу вырашылі пабудаваць сваю. Дапамог муж сястры, дачка якой гадаваласа ў нас. Працавалі талакой: і муж, і пляменнікі, нават і я сама капала траншэю.
У гэты час я моцна пасябравала з Раманенкай Зінаідай Іосіфаўнай, якая была сапраўдным прафесіяналам і вельмі адданым любімай справе чалавекам. Нават сваю старэйшую дачку ў яе гонар я назвала Зінаідай. Разам з мужам годна выхавалі дзвюх дачок сваіх, а трэцюю – сястры, якая папрасіла падгадаваць дзяўчынку, пакуль сама дабудуе хату. Антаніна прыжыласа ў нас, з медалём скончыла школу, паступіла ў медінстытут і зараз працуе псіхіятрам. Зінаіда таксама медык, а меншая Ганна – настаўніца, выкладала замежныя мовы.
Азіраючыса сёння назад, гавару ўсім сваім калегам і вучням «Вялікі дзякуй!», бо без іх маё жыццё не было б такім цікавым і поўным. А сем’і былых маіх вучняў Гуліцкіх і Абрамчыкаў заўсёды прыходзілі на дапамогу і не пакідалі з цяжкасцямі сам-насам.
«Сапраўдны патрыярх Лешні»
– Так мяне назваў наш мясцовы бацюшка, настаяцель храма велікамучаніка Георгія айцец Павел, які па-сапраўднаму аддана служыць Богу. Святар часты госць у нашай хаце, калі прыходзіць, мы вядзём з ім шчырыя размовы. Я заўсёды верыла і веру ў Бога зараз. Калі была маладая, хадзіла да царквы нават у Слуцк. А ў 70-х гадах у Кіявічах адкрыўса храм, дзе службы правіў надта добры святар.
Вельмі люблю і, упэўнена, умею спяваць. З вялікім захапленнем слухаю радыёперадачы, асабліва па выхадных, дзе гучаць віншаванні і песні-падарункі. Калі ведаю словы, абавязкова падпяваю і адчуваю, што душа мая радуецца, расцвітае і нават маладзее.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии