Мяне моцна ўзрушыў аповед «І сэрца памятае боль», надрукаваны ў газеце «Слава працы» за 6 лістапада 2019 года. У сувязі з гэтым хачу звярнуцца да яго галоўнай гераіні, Ядвігі Антонаўны Ермаловіч з Капыля.
[caption id="attachment_85587" align="alignleft" width="208"]
■ Анна Арлоўская[/caption]
Паважаная Ядвіга Антонаўна, Вы добра памятаеце падзеі, што адбываліся напрыканцы вайны ў Чарнагубаве, калі немцы адступалі з вёскі, памятаеце дзіцячыя хваляванні падчас грукату ад абстрэлаў. Сярод тых, хто пакінуў Чарнагубава, былі бежанцы, якія, напэўна, праз некаторы час імкнуліся выказаць сваю падзяку жыхарам гэтай вёскі за прадастаўлены падчас вайны прытулак…
Я вельмі хацела б быць Вашым суразмоўцам, Ядвіга Антонаўна, бо таксама маю цяжкі боль у сваім сэрцы, што захаваўся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Я, Анна Іосіфаўна Арлоўская (у дзявоцтве Гардзіевіч), нарадзілася ў гэты суровы час — за тры месяцы да пачатку вайны, 10 сакавіка 1941 года. Гадавалі мяне мама, Гелена Адольфаўна, і бабуля, Карнэлія Базыльеўна, а да двух гадоў яшчэ і тата, Іосіф Вацлававіч. Яго я не памятаю, бо ён памёр, калі мне споўнілася два гады. Пра гібель таты даведалася пасля вайны ад блізкіх і родных мне людзей, суседзяў.
Суседзі памяталі тату як прыкладнага сем’яніна і вельмі спагадлівага чалавека, якому прыйшлося, як і большасці капылянам, перажыць жудасныя моманты нямецкай акупацыі. Людзі пакутавалі не толькі ад жандармерыі, але і ад некаторых сваіх жыхароў, якія, забыўшыся пра свой патрыятычны абавязак, згадзіліся служыць чужынцам. Аднак большасць капылян не спакусілася на прапановы новай улады. Праўда, іх пад прымусам застаўлялі працаваць, пагражалі расправай.
У той час «палявалі» на мужчын да 30 гадоў. Такі лёс спасціг маладую сям’ю Аляксандра і Амілі Шкурынскіх, нашых добрых суседзяў. Тата параіў ім: «Бярыце з сабою дзяцей, самыя неабходныя пажыткі і ўцякайце далей ад Капыля ў якія-небудзь знаёмыя вёскі». Суседзі дамовіліся з татам аб сустрэчы ў пэўныя дні. Тата наглядаў за іх хатай, агародам, перадаваў харчы, расказваў пра навіны з Капыля. Пасяліліся ж Шкурынскія ў вёсцы Астрэйкі, дзе апынуліся пад апекай міласэрных людзей Франса і Настассі Ермалінскіх.
Здавалася, было ўсё ціха, пагроза мінула. Ды, як аказалася, не зусім. Адзін з прыслужнікаў паліцыі даведаўся, што тата валодае інфармацыяй аб месцы знаходжання суседзяў.
[caption id="attachment_85586" align="aligncenter" width="840"]
■ Маленькая Анна з маці Геленай Адольфаўнай і бабуляй Карнэліяй Базыльеўнай, 1949 год[/caption]
Чуткі аб тым, што па вёсках мужчыны гуртуюцца для помсты ворагу, наводзілі жах на паліцаяў. Падазрона глядзелі на ўсіх, і на тату таксама. «Ты ведаеш, дзе Шкурынскія, і ты ім дапамагаеш», — настойваў гэты прыслужнік. Запатрабаваў нават, каб тата даказаў, што гэта не так. Бацька аднекваўся і сцвярджаў, што толькі дапамагае глядзець за падвор’ем з-за добрых кумаўскіх адносін, што гэта не грэх, а яго шчыры хрысціянскі абавязак. Але прыслужнік пагражаў забраць каня, на якім тата ездзіў у лес, быццам бы на начлег. Тата шкадаваў каня, які быў сапраўдным памочнікам у гаспадарчых справах, прычым не толькі самім, але і добрым суседзям. Прыслужнік загадаў даказаць, што партызаны не замініравалі ўзбярэжжа Грэбелькі. Тата зразумеў, што здраднікам кіруе жывёльны страх і помста чалавеку, які стаў для яго ворагам. Бацька не хацеў рызыкаваць сваім жыццём, але, як расказваў маме, перад вачыма была дачушка — безабароннае дарагое сонейка.
Запрог каня, нацягнуў доўгія лейцы і пайшоў на ўзбярэжжа Грэбелькі. Вада ў ёй была па-красавіцку халодная. Сам хадзіў у той вадзе па падбародак, конь жа з баронкай чакаў на ўзбярэжжы. Як высветлілася, мін тут не было. Але прыслужніку хацелася паздзекавацца больш — запатрабаваў рабіць гэта кожны дзень. Пагражаў: калі не згодзен пазбавіцца ад каня, то самога павядзе на допыт, а там не будуць доўга размаўляць — расстрэл і кропка.
У выніку тата вельмі моцна застудзіў горла і захварэў на гнойную ангіну. Хатнія лекі не дапамаглі, і ён сканаў. Пахавалі тату 10 красавіка 1943 года. Шкадавалі яго не толькі родныя, але і суседзі, для якіх ён быў сапраўдным сябрам. Бацьку ўспамінаю па фота-здымку, які вісіць над маім ложкам. Успамінаю яго добрыя вочы, расказы матулі і бабулі і нашы сумесныя слёзы на могілках.
[caption id="attachment_85585" align="alignright" width="229"]
■ Бацька Анны Арлоўскай Іосіф Вацлававіч[/caption]
Пра дзяцінства сваё памятаю з 3-4 гадоў. Вайна скончылася. Мы, дзеці-аднагодкі, у вясеннія сонечныя дні бегалі, скакалі. Раптам радасць замянілася на страх. Пачулі гул самалёта, інстынктыўна ўпалі на зямлю, закрылі галовы рукамі. Дарослыя суцешылі нас — цяпер не трэба баяцца. Свае самалёты не будуць бамбіць, а чужых болей не пусцяць. Яшчэ доўга гэты страх мучыў нас. Прыйшоў час ісці ў школу. Дзіцячы страх змяніўся на прыемныя клопаты.
Гляджу на здымак 1949 года. Мы, амаль 30 дзяцей, тады ўжо скончылі першы клас. На здымак адважыліся не ўсе. Вясною большасць у школу хадзілі босыя — не мелі абутку, які не было за што купіць. Адна дзяўчынка села ў першы рад, бо вельмі хацела паказаць абноўку: блузку, спаднічку і галаўны ўбор, які быў ёй вельмі да твару.
Поруч з намі, сямігодкамі, вучылася шмат пераросткаў (так называлі дзяцей, якія ў вайну не маглі наведваць школу). Не хапала падручнікаў, даставаўся адзін на дзесяць вучняў. Пісалі алоўкамі на чым папала, бо сшыткаў не было. Але ўсё ж вучыліся мы добра. Пакаленне дзяцей вайны абавязкова старалася атрымаць сярэднюю адукацыю, хоць і прыйшлося з 8 класа за вучобу плаціць дзяржаве па 15 рублёў за паўгоддзе. Пасля ж многія з нас атрымалі не толькі сярэднюю, але і вышэйшую адукацыю. Тады мы ставілі перад сабой высакародныя мэты: быць шчырымі, дабрадушнымі, любіць бліжняга як саміх сябе.
На жаль, у мяне няма ні роднага брата, ні сястры, мама больш замуж не выходзіла. Але людзей, блізкіх мне па духу, многа. Я, таксама як і Вы, Ядвіга Антонаўна, настаўніца — скончыла інстытут замежных моў, выкладала ў сярэдніх школах нямецкую мову. Сябрамі былі не толькі калегі, але і людзі іншых прафесій. Сярод іх, напрыклад, паштальён Святлана Фёдараўна Місючэнка, вадзіцелі аўтапарка № 21 Аляксандр Валянцінавіч Зорыч, Дзмітрый Уладзіміравіч Баран, Анатоль Анатольевіч Казак, Юрый Міхайлавіч Дарашэвіч, Анатоль Іванавіч Шчурскі, Валерый Міхайлавіч Выскварка, Віталь Міхайлавіч Рудніцкі і Іван Васільевіч Каляда, супрацоўніцы магазіна «Сузор’е смаку» Надзея Анатольеўна Скуратовіч, Алена Мікалаеўна Шумская, Галіна Уладзіміраўна Мароцкая. Сярод педагогаў гэта Ала Іванаўна Була, Ала Уладзіміраўна Панасчык, Марына Іосіфаўна Крэпская, Таццяна Францаўна Цырына, а сярод медыкаў Галіна Міхайлаўна Падневіч, Ніна Пятроўна Канончык, Ганна Міхайлаўна Роцька, Наталля Міхайлаўна Іскрыцкая, Святлана Іванаўна Наркевіч і Яўгенія Анатольеўна Касабуцкая. Хацелася б адзначыць таксама і майстра – залатыя рукі Антона Уладзіміравіча Шышмарова.
Вельмі рада за Вас, дарагая Ядвіга Антонаўна! На фотаздымках Вы выглядаеце вельмі добра ў свае 92 гады. Жадаю Вам жыць яшчэ доўга і ў радасці.
Не лічыце свае годы, калі памяць малада.
Хай знікаюць болі ў сэрцы.
Сонцу, свету і надзеі
Моцна скажам – да!
Беражы Бог Вас і ўсіх блізкіх мне людзей!
Анна АРЛОЎСКАЯ,
старшыня ветэранскай арганізацыі ДУА «Гімназія № 1 г. Капыля імя Н.В. Рамашкі»
Комментарии