Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

28

“Вясёлая хата” — агроэкоподворье в Копыльском районе

07.07.2011
Перспектывы развіцця турызму ў Капыльскім раёне абмяркоўвалі ўдзельнікі семінара “Аграэкатурызм і нематэрыяльная культурная спадчына: захаванне, выкарыстанне, інтэрпрэтацыя”, які адбыўся ў в. Калюга. Вясковая цішыня, свежае паветра і непаўторныя мясцовыя краявіды становяцца ўсё больш прыцягальнымі не толькі для беларусаў-гараджан, але і грамадзян блізкага і далёкага замежжа. Таму апошнім часам развіццю аграэкатурызму ў Мінскай вобласці надаецца павышаная ўвага. У кожным рэгіёне з удзелам прадстаўнікоў ААТ “Белаграпрамбанк” створаны працоўныя групы па прыёме заяў ад суб’ектаў аграэкатурызму, разглядзе матэрыялаў для азначэння эфектыўнасці аграэкапраектаў. Выдадзены рэкламна-інфармацыйныя буклеты “Сядзібнае кальцо”, “Сельскі турызм” і іншыя. У 2009 годзе выраблены і распаўсюджаны рэкламна-інфармацыйны кампакт-дыск “Турызм Міншчыны”, карты-раскладанкі “Аграсядзібы Мінскай вобласці”, каталогі аграсядзіб. У многіх раёнах уздоўж дарог усталяваны шчыты з картамі-схемамі гарадоў і малюнкамі турыстычных аб’ектаў, а таксама інфра- структуры. Капыльшчына ў гэтым напрамку, можна сказаць, навічок. Хаця і ёсць тут пэўныя зрухі, гаварыць пра поспехі яшчэ рана. Месца правядзення актуальнага семінара — вёска Калюга — выбрана невыпадкова: менавіта тут сёлета была зарэгістравана і пачала сваю дзейнасць аграсядзіба “Вясёлая хата”, якая адразу атрымала ад арганізатараў мерапрыемства Беларускага грамадскага таварыства “Адпачынак у вёсцы”, удзельнікаў — старшынь сельвыканкамаў, супрацоўнікаў аддзела культуры і зацікаўленых асоб (тых, хто займаецца гэтым бізнэсам ці толькі спрабуе пачаць сваю дзейнасць) — станоўчыя водгукі. З распаўсюджаннем сельскага турызму на Беларусі паўстала пытанне: як класіфікаваць сядзібы, як вызначыць іх камфартабельнасць? У хуткім часе знайшоўся і адказ. Класнасць аказваемых паслуг у сельскім турызме вымяраць ў пеўніках. Чатыры птушыныя выявы на сядзібе гаспадара (самая высокая адзнака, накшталт пяці зорак для гасцініцы. – С. Л.) скажуць, што сервіс тут пастаўлены на вельмі добрым узроўні. У Мінскай вобласці станоўчых прыкладаў выдатнага вядзення гэтага турыстычнага бізнэсу дастаткова. Яны прапануюць шырокі спектр паслуг ад звыклых, да вельмі экзатычных і, тым самым, прыцягальных для аматараў цікава і карысна правесці ўік-энд ці нават водпуск. Аграсядзіба “Вясёлая хата”, гаспадаром якой з’яўляецца мінчанін Андрэй Крук, па праве заслужыла свае чатыры пеўнікі. З асаблівым жаданнем і любоўю, як гэта звычайна бывае з людзьмі, апантанымі справай, якую абралі, Андрэй крок за крокам набліжаўся да азначанай мэты – стварыць свой бізнэс. Укладваючы немалыя сродкі, ператвараючы свае дызайнерскія ідэі ў жыццё, за паўтара года карпатлівай працы (у асноўным усе слясарныя, сантэхнічныя і іншыя работы выконваў сам пры дапамозе сваякоў) ён-такі прыйшоў да канчатковага выніку. Андрэю ёсць чым ганарыцца. На тэрыторыі размясціліся старадаўняя вясковая сядзіба, руская лазня на дровах, цудоўная альтанка з месцам для прыгатавання шашлыку, дэкарыраваныя прыладамі сельскага побыту, а таксама зручная паркоўка. У добраўпарадкаванай хаце на двух паверхах камфортна змогуць размясціцца да 20 чалавек, для якіх у гаспадара маецца пяць спальных пакояў, а арыгінальныя люстры, карціны, адмысловае аздабленне інтэр’еру і прадметы даўніны створаць непаўторную атмасферу. У хаце таксама маецца акуратны ванны пакой і прыбіральня, абсталяваныя сучаснай сантэхнікай. Для баўлення вольнага часу госці могуць паглядзець каналы спадарожнікавага ці інтэрактыўнага тэлебачання, скарыстаць бесправодны інтэрнэт і шмат іншага. І трэба адзначыць, мінулае і сучаснае тут спалучаюцца даволі трапна, узаемадапаўняючы агульны ансамбль “Вясёлай хаты”. Пасля экскурсіі па сядзібе старшыня праўлення БГТ “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Клецунова і супрацоўнікі беларускага грамадскага таварыства расказалі пра становішча і перспектывы развіцця сельскага турызму, яго стандарты і якасць у Беларусі. Шмат слушных парад пра выкарыстанне традыцый беларускай архітэктуры падчас стварэння аграсядзіб, у тым ліку і на прыкладзе агледзенай, даў акадэмік, прафесар, загадчык кафедры архітэктуры БНТУ Сяргей Сергачоў. У фінальнай частцы ўдзельнікі семінара склалі перспектыўны план развіцця Капыльшчыны як турыстычнага рэгіёна. Стартавай пляцоўкай для прыцягнення турыстаў быў абраны аграгарадок Семежава. Гэта і зразумела: багатыя культурныя традыцыі (абрад “Цары”, занесены ў спісы нематэрыяльных каштоўнасцей ЮНЕСКА, раённы Цэнтр ткацтва, дом-музей Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага і інш.) і маляўнічыя краявіды прыйдуцца даспадобы самаму патрабавальнаму аматару актыўнага адпачынку. Да таго ж, у Семежаве ўжо распрацаваны і дзейнічае зялёны маршрут “Міжрэчча Морачы і Мажы”. Ёсць яшчэ некалькі дадатных акалічнасцей: тут можна стварыць як летнюю (ці ў перыяд, калі стаіць цёплае надвор’е), так і зімовую праграмы для турыстаў. Адна з праблем, якая, дарэчы, існуе ў многіх рэгіёнах, дзе нараджаецца турыстычны бізнэс, — адсутнасць гасцініцы ці аграсядзібы ў населеным пункце. Але Валерыя Клецунова падказала выйсце з гэтай сітуацыі, тым больш, што яно прыйдзецца даспадобы турыстам, асаб-ліва замежным. Ужо маюцца прыклады іх размяшчэння ў мясцовых жыхароў, і для “іншаземцаў” — гэта са-праўдная экзотыка і мора станоўчых эмоцый. Асабліва яны цэняць, калі гаспадары фактычна на іх вачах гатуюць стравы мясцовай кухні і частуюць імі сваіх пастаяльцаў. Ужо першая турыстычная група (хутчэй за ўсё – замежная), якую сфарміруюць супрацоўнікі БГТ “Адпачынак у вёсцы”, прыедзе на Капыльшчыну ў студзені 2012 года, калі ў Семежаве будуць уладарыць “Цары”. Удзельнікі семінара прыйшлі да агульнага рашэння: аграэкатурызм — справа прыбытковая і няма перашкод для развіцця яго ў нашым раёне.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей