Дзень беларускага пісьменства ў 2021 годзе пройдзе ў Капылі. Да свята застаецца яшчэ амаль паўтара года, але падрыхтоўка ў райцэнтры пачалася ўжо.

Па традыцыі горад, які прымае гасцей, у Дзень беларускага пісьменства абавязкова атрымлівае падарунак. Так, у Слоніме падчас свята адкрылі помнік Льву Сапегу, у Рагачове — першую дзяржаўную кнігарню. Для Капыля такім падарункам стане дзіцячая бібліятэка, якую гараджане чакаюць не першы год.
— Зараз дзіцячая знаходзіцца ў адным будынку з раённай цэнтральнай бібліятэкай. Але да Дня беларускага пісьменства павінна пераехаць ва ўласнае памяшканне. Будаўнічыя работы пачаліся ўжо, — расказаў намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Аляксандр Дубіна.
Новае аблічча набудуць больш за дзясятак аб’ектаў райцэнтра. Будуць адрамантаваны фасады будынкаў райвыканкама, бальніцы, цэнтра культуры, гімназіі, касцёла Святых Пятра і Паўла. Запланаваны абсталяванне трыбун і стадыёна фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, рэканструкцыя плошчы Леніна. Рамонтныя работы правядуць і ў краязнаўчым музеі.
Традыцыя святкавання Дня беларускага пісьменства ўзнікла ў 1994 годзе, адзначаецца ён у першую нядзелю верасня. Сёлета свята прымае горад Бялынічы Магілёўскай вобласці.
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии