Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

29

Не старэйце душой, ветэраны!

08.05.2010

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Архіпавіч Татарынчык нарадзіўся ў 1926 годзе. Яму было 15 гадоў, калі пачалася вайна. Хлопец паспеў закончыць 7 класаў Капыльскай сярэдняй школы №1.

Аляксандр Архіпавіч успамінае, як у чэрвеньскі цёплы дзень 1943 года ён пагнаў пасвіць кароў на выган і нечакана за спіной пачуў: “Прызнавайся! Ты — партызан!” У юнага разведчыка пахаладзела сэрца, калі ўбачыў немца са зброяй у руках. У Сашы быў канверт, які неабходна было перадаць партызанам. У гэты час бацька Архіп Рыгоравіч быў у партызанскім атрадзе. Немец гнаў басаногага хлопца перад сабою, б’ючы яго па нагах. Саша ведаў, што ўсіх, хто быў звязаны з партызанамі, бязлітасна вешалі ці расстрэльвалі: фашысты люта абыходзіліся з тымі, хто не прымаў “новы парадак”. Пасля арышту Сашу адвезлі ў Слуцкую турму, дзе вадзілі на допыты, але хлопец нікога не выдаў, таму ў кастрычніку яго адправілі ў лагер для ваеннапалонных, што размяшчаўся ў в. Люсіна Ганцавіцкага раёна. Аднойчы пад покрывам ночы Саша з таварышамі ўцёк з турмы. Цэлыя суткі блукалі па лесе, потым сустрэлі лесніка, які прывёў іх у партызанскі атрад імя Катоўскага, у 18-ю брыгаду імя Фрунзе. Аляксандр прымаў удзел у “рэйкавай вайне”.

Будучы ў партызанах, хлопец стаў камсамольцам, потым камуністам. Пасля вызвалення Беларусі ваяваў у складзе 680-га стралковага палка 169-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Быў двойчы паранены. Калі чытаў пісьмо з дому, яго хваляю адкінула ў траншэю і засыпала зямлёй. Таварышы адкапалі і аказалі дапамогу. Усё гэта адбывалася пасля фарсіравання ракі Нараў у Польшчы, дзе Аляксандр Архіпавіч атрымаў сваю першую ўзнагароду – ордэн Айчыннай вайны І ступені. Потым былі іншыя баявыя і юбілейныя медалі.

Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі на станцыі Шаткі Горкаўскай вобласці. Дэмабілізаваўся ў 1946 годзе.

Аляксандр Архіпавіч часта ўспамінае сваіх бацькоў, якімі ганарыцца. Лізавета Еўстаф’еўна, Архіп Рыгоравіч выхавалі чатырох дзяцей. У час суровых выпрабаванняў бацька абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на ІІІ Беларускім фронце. Старэйшы брат Сашы – Аляксей – вывучыўся на лётчыка і загінуў у 1943 г. Малодшы Мікалай стаў доктарам, сястра Ніна – прадаўцом.

Пасля вайны Аляксандр Архіпавіч закончыў Пінскі меліярацыйны тэхнікум. Працаваў дырэктарам цагельнага завода ў вёсцы Андросаўшчына. Добры прыклад паказваў, працуючы ў Капыльскім райпрамкамбінаце і ў ПМК-11. З жонкай Вольгай Дзмітрыеўнай, вернай сяброўкай, пражыў 36 гадоў. Калі захварэла, муж на працягу 6 гадоў аказваў ёй дапамогу. Сёння яму 83 гады, ён інвалід ІІ групы. Работнік сацыяльнай службы Надзея Эдуардаўна Шатроўская дапамагае яму пераадольваць жыццёвыя цяжкасці. Часта наведваюць ветэрана дзеці.

Аляксандр Архіпавіч — паважаны ў Капылі чалавек, часта выступае перад моладдзю, успамінае, як удалося яму перажыць пекла вайны. Вось такі ён – Аляксандр Архіпавіч – чалавек з высакароднай душой, чыстым сумленнем, залатымі рукамі. Шчыра зычу Вам, Аляксандр Архіпавіч, і ўсім ветэранам здароўя, шчасця, мірнага неба. Вялікі дзякуй Вам за Перамогу. Не старэйце душой, вучыце маладое пакаленне быць дастойнымі грамадзянамі нашай любімай Беларусі.

Валянціна КІСЯЛЁВА,

г. Капыль

НА ЗДЫМКУ: кветкі ветэранам. На першым плане Аляксандр Архіпавіч Татарынчык.

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей