Гэтая на першы погляд звычайная падзея адбылася напрыканцы 2019 года. Менавіта ў апошнюю суботу снежня для жыхароў Капыльшчыны Валянціны Бархат і Івана Сіцкага адгучаў вясельны марш Мендэльсона.
Аднак звычайнай гэтая гісторыя з’яўляецца толькі на першы погляд, бо шлюб, які маладыя заключылі ў аддзеле ЗАГС райвыканкама, стаў юбілейным – сотым з пачатку года. Але пра ўсё па парадку…
Яна
Маладзенькая мілавідная Валянціна прыехала на Капыльшчыну два гады таму, пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. І адразу была прызначана галоўным аграномам у КСУП «Доктаравічы». Ужо неаднаразова за такі кароткі час дзяўчына станавілася гераіняй рэпартажаў, змешчаных на старонках раёнкі. Сціплая, але, нягледзячы на знешнюю далікатнасць, яна заўсёды дасягала пастаўленых мэт. Працы дзяўчына ніколі не баялася, бо лёс бацькоў таксама звязаны з сельскай гаспадаркай. Ды і ўвогуле сям’я была шматдзетнай, дзе акрамя яе выхоўваліся два старэйшыя браты.
Не так даўно Валянціна змяніла месца працы і зараз з’яўляецца аграномам Капыльскага райаграсэрвісу.
Ён
Іван таксама нарадзіўся ў сям’і, дзе гадавалася шмат дзяцей: дачка і тры сыны. Бацькі таксама займаліся сельскай гаспадаркай. Скончыўшы Доктаравіцкую адзінаццацігодку, прафесію трактарыста-вадзіцеля атрымоўваў у Капыльскім сельскагаспадарчым ліцэі. Потым была служба ў паветрана-дэсантных войсках Рэспублікі Беларусь і праца ў роднай гаспадарцы, дзе ўпершыню і ўбачыў Валянціну. Зараз Іван займаецца ўласнай справай, а дакладней – грузаперавозкамі.
[caption id="attachment_85191" align="aligncenter" width="840"]
■ У вясельным вальсе закружыліся Валянціна і Іван[/caption]
Разам
Пазнаёміліся Валянціна і Іван амаль адразу пасля таго, як дзяўчына прыехала на Капыльшчыну. Спачатку проста размаўлялі, жартавалі, абмяркоўвалі розныя падзеі. Але з часам зразумелі, што ўжо не могуць абыходзіцца адзін без аднаго, прывыклі да сумесных гутарак. Іван прывабіў Валянціну нейкай надзейнасцю, уважлівымі адносінамі, клапатлівасцю. А ў сваю чаргу, малады мужчына адзначыў у дзяўчыне прыгажосць, сціпласць, якасці добрай гаспадыні. Адным словам, маладыя людзі знайшлі тыя рысы, якія адпавядалі ўнутраным патрабаванням. Прапанову стаць жонкай Іван зрабіў таксама пад Новы год – толькі напрыканцы 2018-га. Цёплыя словы прызнанняў прагучалі ў роднай бацькоўскай хаце Івана… Наступныя дні і месяцы былі напоўнены прыемнай падрыхтоўкай да шлюбу.
Вяселле
Тое, што значная падзея адбылася напярэдадні Новага года, выйшла неяк выпадкова, спецыяльна гэтую дату не выбіралі. А на самім вяселлі чакала маладых і яшчэ некалькі сюрпрызаў. Па-першае, лічба 100 і той факт, што шлюб аказаўся юбілейным. Па-другое, прыемна было атрымаць Віншавальнае пісьмо ад старшыні райвыканкама Сяргея Пілішчыка, якое падчас правядзення цырымоніі ўручыла начальнік аддзела ЗАГС Вікторыя Траяновіч. І трэцяй прыемнай нечаканасцю стала віншаванне ад калег па рабоце – супрацоўнікаў райаграсэрвісу.
Адгучалі апошнія акорды вясельнага марша, запалена традыцыйная свечка, якая сімвалізуе ўтульнасць хатняга ачага, надзеты заручальныя пярсцёнкі. Маладыя разам, узяўшыся за рукі, робяць крок з абрадавага ручніка ў новае жыццё. Якім яно будзе? Спадзяёмся, толькі светлым і радасным, у якім хутка загучаць звонкія дзіцячыя галасы.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии