Нягледзячы на незімовае надвор’е, клопаты ў работнікаў сельскай гаспадаркі для гэтай пары традыцыйныя — падрыхтоўка да веснавой сяўбы тэхнікі, насення. І першае, і другое знаходзіцца на пастаянным кантролі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

Спецыялісты прагназуюць, што сёлета веснавая сяўба, хутчэй за ўсё, пачнецца раней, чым звычайна, таму падрыхтоўку да яе трэба паскорыць.
У раёне ачыстка насення яравой збажыны практычна завершана. Усе гаспадаркі паставілі пробы ў інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін для праверкі насення на кандыцыйнасць у адпаведнасці з нормамі дзяржстандарта.
— З года ў год гаспадаркі раёна засыпаюць насенне ў поўным аб’ёме плюс страхавы фонд (на выпадак гібелі азімых), — расказвае начальнік раённай інспекцыі Валянціна Кухарчык. — Патрэбнасць пад ураджай 2020 года ў насенні збожжавых і зернебабовых складае 2459 тон. Маем значна больш — 3878 тон. Як кажуць у народзе, запас бяды не чыніць. Па рэпрадукцыйным складзе ёсць насенне і высокіх, і ніжэйшых рэпрадукцый, як гэта мае быць па тэхналагічным рэгламенце. Такім чынам, ужо назапашана 26 тон суперэліты, 28 тон эліты, 3011 тон першай рэпрадукцыі (і як страхавы фонд — больш нізкіх рэпрадукцый). Як і кожны год, запланавана яшчэ закупіць не менш за 300 тон эліты.
Патрэбнасць у насенні зернебабовых культур складае 298 тон, а маецца 567. У цэлым па раёне, як адзначыла Валянціна Уладзіміраўна, сітуацыя нядрэнная: толькі пяці сельгаспрадпрыемствам — ААТ «Скабін», «Ціміразеўскі», «Піянер-Агра», «Праснакі» і КСУП «Доктаравічы» — давядзецца яго закупіць. Гэта можна будзе зрабіць у сваім раёне, бо ва УП «ПІК-Лясное» падрыхтуюць для рэалізацыі 180 тон гароху.
Да 1 лютага павінна быць ачышчана і праверана насенне шматгадовых траў. Пры патрэбнасці 76,6 тоны нарыхтавана 162 тоны, што намнога больш, чым у папярэднія пяць гадоў. Відавы склад прадстаўлены травамі: цімафееўка лугавая, фестулоліум, канюшына чырвоная, аўсяніца, каласоўнік. Адзінай гаспадаркай, якая не мае насення траў уласнай вытворчасці, з’яўляецца ААТ «Піянер-Агра». Улічваючы гэта, кіраўніцтву сельгасарганізацыі неабходна паклапаціцца пра закладку насеннікаў шматгадовых траў.
Давядзецца закупіць і каля 18 тон люцэрны, насенне якой у нашай мясцовасці нельга атрымаць.
Сёлета ў раёне будзе пасаджана 280 га бульбы. Пры патрэбнасці яе насення 1210 тон засыпана 2000. У ААТ «Старыца-Агра» для рэалізацыі маецца 400 тон элітных гатункаў Уладар, Лілея, Скарб-эліт, першай рэпрадукцыі — Скарб, Зорачка, Ласунак.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии