Яе ініцыятарам выступіў рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Падчас наведвання сельгаспрадпрыемстваў ушаноўваюць жывёлаводаў, якія старанна працуюць, вызначаюцца адказнымі адносінамі да сваёй справы.
Аднымі з першых пад увагу прафсаюзаў трапілі працаўнікі адкрытага акцыянернага таварыства «Ціміразеўскі». Па дарозе ў гаспадарку старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Сцяпура расказала:
— Некалькі гадоў таму рэспубліканскім камітэтам нашага галіновага прафсаюза было прынята рашэнне больш увагі ўдзяліць менавіта работнікам жывёлагадоўлі, каб яны не адчувалі сябе абдзеленымі. Насамрэч атрымліваецца, што работнікаў раслінаводства ўшаноўваюць падчас правядзення кожнага віду работ: на вясенняй пасяўной і корманарыхтоўцы, на ўборцы ўраджаю і восеньскіх работах. Шмат прыемных слоў ім гавораць на традыцыйных святах «Зажынкі» і «Дажынкі». А вось жывёлаводам, на жаль, столькі ўвагі не надаюць. Таму і вырашана паправіць гэтую сітуацыю. Звычайна мы выязджаем на жывёлагадоўчыя аб’екты пасля навагодніх свят, каб мець магчымасць таксама павіншаваць працаўнікоў ферм. Трэба сказаць, што падчас арганізацыі такіх мерапрыемстваў мы не ставім перад сабой мэту ўшанаваць толькі лідараў вытворчасці. Хочацца адзначыць добрым словам, уручыць падарунак і тым працаўнікам ферм, якія аддалі сваёй справе шмат гадоў, не маюць ніякіх парушэнняў дысцыпліны і тэхнікі бяспекі. Яны таксама старанна працуюць на агульны рэзультат.
[caption id="attachment_84965" align="aligncenter" width="840"]
■ Ірына Сцяпура (другая справа) і Вадзім Пінчук ушаноўваюць жывёлаводаў МТФ «Смалічы» Таццяну Рудко, Ніну Кароль і Марыю Вашкевіч[/caption]
Першай на маршруце стала таварная ферма «Вараб’евічы», дзе вядзецца адкорм буйной рагатай жывёлы. Працуе тут сямейная пара Сяргей і Таццяна Качан. Удваіх яны абслугоўваюць каля 340 бычкоў. Менавіта Сяргею былі ў гэты дзень адрасаваны словы прызнання за старанную працу і ўручаны ад райкама прафсаюза работнікаў АПК Падзячнае пісьмо і каштоўны падарунак. Далучыўся да віншаванняў і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Ціміразеўскі» Вадзім Пінчук.
Сяргей і Таццяна жывуць у Дзярэчыне. Па словах мужчыны, праца ў іх даволі няпростая, але яму падабаецца. Круг абавязкаў традыцыйны: накарміць, напаіць, падаслаць жывёлу, навесці парадак у памяшканні. Рабочы дзень пачынаецца а палове сёмай раніцы, пасля перапынку на абед зноў накіроўваюцца на ферму клапаціцца, каб іх гадаванцы мелі ўсё неабходнае для росту і развіцця.
На таварнай ферме «Заняведамка» ў цэнтры ўвагі апынулася Валянціна Рудская. Жанчына доўгі час працавала ў ААТ «Капыльскае» аператарам па адкорме свіней. Таму клопаты пра жывёлу ёй прывычныя. Цяпер, калі давялося не толькі крыху змяніць напрамак дзейнасці, але і гаспадарку, нічога новага для сябе не бачыць. «Галоўнае, каб мае цялушкі былі сытыя і здаровыя, — усміхаецца Валянціна Сяргееўна, — а я для гэтага імкнуся зрабіць усё, што ў маіх сілах».
Адзначылі ў гэты дзень стараннасць і добрасумленную працу работнікаў малочнатаварнай фермы «Бучаціна». Словы падзякі гучалі ў адрас аператараў машыннага даення Веры Русіновіч і Святланы Пятроль, жывёлаводаў Вадзіма Стральчонка і Надзеі Бяловай.
[caption id="attachment_84966" align="aligncenter" width="840"]
■ Працаўнікі МТФ «Бучаціна» (справа налева): Галіна Лёгенькая (загадчык фермы), Галіна Мінеева (лабарант, памочнік брыгадзіра), даяркі Вера Русіновіч, Святлана Пятроль, даглядчыкі маладняку Вадзім Стральчонак, Надзея Бялова[/caption]
Віншаванні і самыя лепшыя пажаданні былі адрасаваны таксама работнікам МТФ «Смалічы» Таццяне Рудко, Ніне Кароль і Марыі Вашкевіч. Усе яны атрымалі Падзячныя пісьмы і падарункі ад галіновага прафсаюза.
А днём раней былі ўшанаваны Віталь Бельскі і Таццяна Ярмольчык з МТФ «Блеўчыцы», Святлана Макарэня, Святлана Турбан і Ірына Заяц з МТФ «Быстрыца», Вольга Давідоўская, Святлана Сямашка і Аляксандр Окунеў з МТФ «Мацкевічы», Галіна Жылко і Святлана Корзун з МТФ «Дзярэчына».
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии