Пачатак лета 1941 г. — цёплы, яснавокі і, галоўнае, мірны. І раптам – вайна! Усе мужчыны прызыўнога ўзросту накіраваліся на зборны пункт для адпраўкі на фронт. Пасля развітання з імі вёска прыціхла. Ахутаная тужлівасцю, з вялікім жахам углядалася ў неба, дзе на ўсход адзін за другім ляцелі самалёты з чорнымі крыжамі. Хутка на вуліцы з’явіліся першыя фашысты, якія накіроўваліся ў г. Капыль. Людзі замерлі ад страху, забіліся ў цёмныя куткі хат. А лясамі ды палеткамі, групамі і па адным, стомленыя і галодныя, выбіраліся з акружэння чырвонаармейцы.
Я памятаю, як позна вечарам у акно нашай хаты ціха пастукалі. Бацька адчыніў сені, і ў хату зайшлі тры афіцэры ў чырвонаармейскай форме. Убачыўшы мужа маёй старэйшай сястры, які пасля разгрому часці і палону дабраўся дадому, сталі распытваць: дзе і як усё адбылося, хто яшчэ вярнуўся ў вёску, а затым сказалі: “Настаў час ваяваць за Радзіму ў тыле ворага”.
На Капыльшчыне сталі стварацца партызанскія атрады. У іх, апрача вяскоўцаў, залічвалі і байцоў Чырвонай Арміі, якім удавалася ўцячы з нямецкага палону.
1943 год быў самы цяжкі і жахлівы. Разгарнулася шырокамаштабная вярбоўка моладзі на працу ў Германію. Аднак добраахвотнікаў, якія б паехалі працаваць на фашыстаў, не знаходзілася. Паліцыя і карныя атрады знянацку акружалі вёску, хапалі моладзь і падлеткаў і пад канвоем адпраўлялі ў перасыльныя пункты. Паміж партызанамі і фашыстамі пачасціліся баі. Пачалася страшная расправа над мірнымі жыхарамі. Суседняя вёска Вялікія Прусы была спалена разам з людзьмі. Жыхары Какорыч па чарзе ноччу і днём сачылі за набліжэннем ворага з боку Капыля і па трывозе падымалі людзей. Аднойчы, на досвітку, яшчэ здалёк пачуўся рокат машын. Людзі, хто як мог, праз поле пабеглі да лесу. А ў гэты час аднавяскоўцы з начной пашы вялі дадому коней. Сярод іх была і я. Раптам застракатаў кулямёт, і вакол нас засвісталі кулі, уздыбляючы зямлю. Хтосьці моцна тузануў мяне за вопратку і крыкнуў: “Падай!”. Гэта быў Жэня, мой сусед–аднакласнік. Моцна прыціснуўшыся да зямлі, разам з іншымі я папаўзла да лесу, а кулямёт усё стракатаў і стракатаў. Праз нейкі час стала ціха, у далечыні падняўся чорны слуп дыму. Гэта гарэла вёска, беглі да лесу і крычалі людзі. Ім насустрач кінуліся і мы. А сярод лугавых кветак ляжаў мёртвы Жэня. Раскрытыя вочы глядзелі ў неба, а ў руцэ калыхалася ад ветру пасма зялёнай травы…
Фашысты лютавалі: расстрэльвалі, вешалі, да смерці катавалі пры нязначным падазрэнні на сувязь з партызанамі, якія ўзрывалі чыгунку, пераразалі правады сувязі, ладзілі засады.
Людзі даведваліся пра паспяховыя аперацыі партызан супраць акупантаў і рашучае наступленне Чырвонай Арміі. Усе спадзяваліся на перамогу. Чырвоная Армія з баямі прайшла Польшчу, Чэхаславакію, Венгрыю і іншыя краіны Еўропы, вызваляючы народы ад насілля, смерці і рабства.
І вось май 1945 года. Да Масквы немцы дайшлі за тры месяцы, а да Берліна нашы салдаты чатыры гады ішлі, паўзлі, здабываючы перамогу.
Надышоў 65-ы пераможны май. У гонар Перамогі распускаюцца і цвітуць кветкі, складаюцца новыя песні. А сэрца шануе памяць аб тых, хто цаной свайго жыцця набліжаў гэты май.
Леаніда КУЛЬБІЦКАЯ,
в. Урведзь, Клецкі раён
Комментарии