На святочны агеньчык, арганізаваны калектывам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна пры падтрымцы райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, завіталі педагогі, якія многія гады аддавалі часцінку свайго сэрца дзецям, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Да педагогаў «залатога ўзросту» звярнуліся начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ірына Абас і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Крэпская. Яны павіншавалі прысутных з надыходзячымі святамі і пажадалі ўсім моцнага здароўя і аптымізму, бадзёрасці і актыўнага даўгалецця, дабрабыту ў сем’ях, цяпла і згоды.
[caption id="attachment_84752" align="aligncenter" width="840"]
■ Здымак на памяць: удзельнікі і арганізатары агеньчыка[/caption]
Эмоцыі і пачуцці перапаўнялі прысутных. Паколькі святочная праграма была насычана гульнямі, музычнымі паўзамі, то ўсе госці былі вельмі актыўнымі, танцавалі, віншавалі адзін аднаго з зімовымі святамі, удзельнічалі ў розных конкурсах. Кожны з гасцей атрымаў велізарнае задавальненне ад сустрэчы, па іх словах, яны атрымалі зарад энергіі і душэўнай радасці.

— Гэта была цудоўная сустрэча, — дзеліцца ўражаннямі былая настаўніца СШ № 2 г. Капыля Ларыса Нікалаева. — Вельмі спадабалася арганізацыя мерапрыемства: арыгінальна накрыты сталы, у цэнтры якіх размясціліся цудоўныя ёлкі, створаныя сваімі рукамі, а таксама салодкія пачастункі. Парадавалі і прывітальныя словы Ірыны Абас і Марыны Крэпскай. Маладыя, ініцыятыўныя кіраўнікі прыгожа і шчыра павіншавалі нас са святамі. Дзякуй вялікі арганізатарам каляднай сустрэчы, у тым ліку і Мікалаю Майсюку, які выступіў і сцэнарыстам, і Дзедам Марозам, праводзіў з намі розныя віктарыны і гульні на краязнаўчую тэматыку. Былыя настаўнікі СШ № 2 г. Капыля таксама ўдзячны Ірыне Абас за яе спагадлівасць, чуласць і чалавечнасць, якія яна праявіла ў адносінах да нашай хворай настаўніцы і разам з намі наведала яе ў бальніцы. Безумоўна, такія сустрэчы і добрыя адносіны заўсёды жаданыя, бо даюць магчымасць зразумець, што пра цябе памятаюць.
Таццяна БОХАН
Комментарии