Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

В Копыле прошел районный турслет

04.07.2011
Нават дажджы і прахалода, што былі на тыдні перад мерапрыемствам, не напалохалі каманды, якія 18 чэрвеня сабраліся ў зоне адпачынку Капыля на штогадовы раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Задоўга да пачатку на месца правядзення турзлёту пачалі з’язджацца каманды-ўдзельніцы з мэтай выбраць лепшае месца размяшчэння свайго лагера, а таксама абустроіць яго. У 13.30 суддзі разам з прадстаўнікамі правялі жараб’ёўку, каб вызначыць паслядоўнасць выступлення. А ўжо ў 14.15 каманды, поўныя сіл і жадання перамагаць, выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў. Віталі ўдзельнікаў старшыня Капыльскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Жданеня, які пажадаў спартсменам поспехаў, удачы і добрага настрою на барацьбу, а таксама начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі. Першы дзень спаборніцтваў распачала паласа перашкод. На старт ад кожнай каманды выйшлі па чатыры мужчыны і дзве жанчыны, якім трэба было пераадолець па бервяне яр, пераскочыць па купінах “балота”, на насілках перанесці “параненага”, на маятніку пераляцець праз “канаву”, перапаўзці “павуціну” і прайсці “багну”, пабудаваўшы пераправу (здымак 2). Хутчэй за ўсіх і з меншай колькасцю штрафу з гэтым заданнем справілася каманда Капыльскай ЦРБ, другое і трэцяе месцы раздзялілі КУП “Капыльская ЖКГ” і ААТ “Капыльскі МСЗ”. Адпраўляючыся на валейбол, які запланавалі праводзіць на адкрытых пляцоўках фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе можна было б назіраць па некалькі сустрэч адначасова, удзельнікі і суддзі нават і не думалі, што фінальныя гульні прыйдзецца праводзіць пад акампанемент невялікага дажджу. Але “капрызы” нябеснай канцылярыі не перашкодзілі камандзе з ААТ “Прагрэс-2010” заняць першае месца, валейбалістам з райвыканкама – другое, а спартсменам з ААТ “Капыльскае” – трэцяе. Конкурс турысцкіх навыкаў таксама праходзіў не пры добрых умовах надвор’я. Але гэта, можа, і лепш. Трэба ўмець ставіць палатку (здымак 1), вызначаць градусы па азімуце не толькі тады, калі свеціць сонца. Спраўней тут былі турысты з КУП “Капыльская ЖКГ”, другімі сталі старыцкія спартсмены, а трэцімі – прадстаўнікі ААТ “Прагрэс-2010”. Што тут скажаш: надвор’ем не пакамандуеш. Распальваць касцёр пад дажджом не вельмі зручна. Але нашых удзельнікаў гэта не спалохала. Па-за заліковы конкурс турыстычнай песні ўсё ж такі адбыўся, сабраўшы каля вогнішча аматараў музыкі, якія дэманстравалі членам журы нумары мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваныя камандамі-ўдзельніцамі. Пад гэтыя вясёлыя спевы і завяршыўся першы дзень турзлёту. На другі дзень спабор-ніцтваў, у нядзелю 19 чэрвеня, зноў жа не адбылося без карэктыў, якія ўнесла надвор’е. Арыентаваліся на мясцовасці з “дапамогай” дажджу лепш за ўсіх прадстаўнікі ААТ “Старыца-Агра”, другімі “не згубіліся” ў лесе работнікі аддзела культуры, а трэцімі знайшлі ўсе кантрольныя кропкі і хутка прыбеглі на фініш капыльскія камунальнікі. Але гэта былі толькі кветачкі, “ягадкі” чакалі нашых спартсменаў наперадзе: турысцкая эстафета ўвогуле праходзіла пад праліўным дажджом (журы нават вымушана было зрабіць невялікі перапынак у старце каманд). Прызвычаіўшыся да такога надвор’я і сабраўшы ўсе свае сілы, лепш за ўсіх фігурна праехалі на веласіпедзе, перабеглі праз яр па бервяне, пераадолелі “павуціну”, спусціліся на карабіне, прайшлі праз канаву па вяроўках, а таксама пераехалі праз мосцік на веласіпедзе і пераставілі груз з аднаго месца на другое, пераляцелі на тарзанцы “канаву” і прыбеглі на фініш турысты з каманды ААТ “Капыльскі МСЗ”, другімі сталі работнікі Беларусбанка, а трэцімі – спартсмены з ААТ “Прагрэс-2010”. Пасля падвядзення вынікаў двухдзённых спаборніцтваў, турнірная табліца стала выглядаць наступным чынам: сярод сельскіх каманд першае месца ў каманды ААТ “Прагрэс-2010”, другое – у грозаўскіх турыстаў і трэцяе – у ААТ “Старыца-Агра”. Сярод гарадскіх каманд усё больш і больш пацвярджаюць свае моц і сілу капыльскія камунальнікі, другімі сталі спартсмены з УАЗ “Капыльская ЦРБ”, а трэцімі – прадстаўнікі Беларусбанка (дарэчы, тройка лідараў як і ў мінулым годзе). Усе прызёры кожнага віду былі ўзнагароджаны граматамі ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму, а пераможцы – грашовымі прэміямі і прызамі, якія ўручалі старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Сандрозд і намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская (здымак 3).

Святлана АПАНАСЧЫК


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей