У рамках абмеркавання задач, якія былі абазначаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, у Мінскай вобласці прайшоў абмен вопытам работы сярод рэгіёнаў. Так, дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Марыяй Сандрозд 27 чэрвеня наведала Любаншчыну, а праз два дні ўжо Капыльшчына сустракала ў сябе гасцей з гэтага раёна.
Капыльская дэлегацыя, у склад якой увайшлі старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Сандрозд, намеснікі старшыні райвыканкама Ала Раеўская і Ала Раманоўская, кіраўнікі аддзелаў, служб, арганізацый, сельгаспрадпрыемстваў, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, знаёмілася з работай Любаншчыны разам са старадарожскімі калегамі. У цэнтры ўвагі было добраўпарадкаванне тэрыторый населеных пунктаў, сельскагаспадарчых аб’ектаў, развіццё сацыяльнай сферы. Увесь час па маршруце з намі працаваў першы намеснік старшыні Любанскага райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Віктар Статкевіч.
Практычна адбылося знаёмства з двума дзясяткамі аб’ектаў, большасць з якіх сельскагаспадарчыя. Ад наведвання склалася станоўчае ўражанне. Заслугоўвае ўвагі добраўпарадкаванне малочнатаварных ферм, машынна-трактарных паркаў, як гэта ўдзельнікі мерапрыемства ўбачылі ў ААТ “Урэчскі”, ПУП “Таль-агра”, ААТ “Рэчань”, “Чырвоная змена”, СХФ “Калінаўка”, “Гарадзяцічы” ААТ “Любанскі райаграсервіс”, КСУП “Эксперыментальная база “Любанская”, ААТ “Мапід”. Напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве “Таль-агра” ў Доме механізатара зроблены капітальны рамонт, прадугледжаны бытавыя ўмовы для працуючых, устаноўлены душавыя. Каля ферм і МТП шмат кветак, разбіты прыгож
ыя клумбы, усюды парадак і чысціня.
Некалькі слоў пра ААТ “Урэчскі”, на цэнтральнай сядзібе якога знаходзіцца воінская часць. Некаторыя нявыкарыстаныя будынкі перадаюцца гаспадарцы для яе патрэб. А вось памяшканне былой санроты перададзена ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Любанскага раёна, у якім размешчана аддзяленне кругласутачнага знаходжання пенсіянераў і інвалідаў. Тут для састарэлых створаны ўмовы для камфортнага пражывання і лячэння.
На дэлегацыю з Капыль-шчыны зрабіў вялікае ўражанне і сам раённы цэнтр. Шырокія прыгожыя вуліцы, мноства зеляніны, кветак, паркі, скверыкі, чысціня і парадак ствараюць непаўторнае аблічча Любані. Наведалі і фізкультурна-аздараўленчы комплекс з прасторнымі заламі, трэнажорамі, басейнам. Для выхавання юных талентаў пабудаваны новы будынак дзіцячай школы мастацтваў, які арганічна ўпісваецца ў гарадскі ландшафт.
У актавай зале райвыканкама адбылася сустрэча са старшынёй Любанскага райвыканкама Васілём Акулічам, які прадстаў-нікам Капыльшчыны і Старадарожчыны расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Любанскага раёна, падзяліўся планамі на будучае і адказаў на шматлікія пытанні.
Кульмінацыяй сустрэчы стала наведванне славутага вострава Зыслаў, дзе сярод непраходных балот у 1943 годзе выходзіла газета “Звязда”, а таксама раёнка. Менавіта ў гэтай кропцы партызанскай зоны на невялікім аэрадроме прызямляліся савецкія самалёты. Сёння на востраве Зыслаў знаходзіцца мемарыял у знак памяці загінуўшых партызан, абноўлены зямлянкі. На гэтым пясчаным востраве сярод соснаў жыве памяць аб тых далёкіх саракавых, калі нялёгкай цаной дабывалася перамога.
Марыя ШЭІНА
Комментарии