Для Аляксандра Віктаравіча і Аляксандры Міхайлаўны Кандыбовічаў з вёскі Слабада-Кучынка лістапад 2019 года прынёс новае дасягненне ў іх жыцці – муж і жонка адзначылі залаты юбілей.
[caption id="attachment_84093" align="aligncenter" width="840"]
■ Аляксандр і Аляксандра Кандыбовічы прымаюць віншаванні з юбілеем[/caption]
Падумаць толькі, вось ужо 50 гадоў, як ідуць яны па жыцці разам! Пачуцці захаплення і глыбокай павагі за шматгадовую адданасць і любоў адзін да аднаго заслугоўвае гэта шчаслівая пара. Аляксандр – з пакалення дзяцей вайны, нарадзіўся ў Новарасійску ў шматдзетнай сям’і. Бацька загінуў на фронце. Шмат намаганняў прыйшлося прыкласці, каб перабрацца ў родную Беларусь. Пасля службы на флоце працаваў слесарам-электрыкам на 2-м калійным камбінаце ў Салігорску. Не думаў ён, што сваю другую палавінку сустрэне ў… роднай хаце.
Аляксандра родам з Цімкавіч і таксама з мнагадзетнай сям’і, па размеркаванні прыехала працаваць бухгалтарам у Слабада-Кучынскае сельпо, жыла на кватэры з сяброўкай у маці будучага мужа. Алімпіядзе Цімафееўне дзяўчына адразу спадабалася за сціпласць, добразычлівасць і працавітасць. Вырашыла яна пазнаёміць маладых людзей, паведаміла сыну, што ёсць для яго цудоўная пара. Бачыліся яны мімалётна, але адразу спадабаліся адзін аднаму. Сустрэцца ніяк не атрымлівалася. Ён мог прыехаць толькі на выхадныя, а яна па суботах праводзіла рэвізіі ў магазінах, у нядзелю ездзіла дамоў да бацькоў. Здарылася так, што захварэла маці, і Аляксандр быў вымушаны звольніцца з працы і вярнуцца на радзіму. Схадзілі з Аляксандрам некалькі разоў у кіно і на танцы. Доўга не думалі і хутка згулялі вяселле.
– Як цяпер памятаю: вясёлае вяселле было ў нас, прыехала шмат гасцей, за сватоў былі Віктар і Людміла Сергіені, за сведкаў – Іван Коршук і Зоя Сакалоўская. Клуб побач. Іграў духавы аркестр, песні, танцы, жарты, – успамінае Аляксандр Віктаравіч.
– Дванаццаць гадоў душа ў душу пражылі ў свекрыві, – распавядае Аляксандра Міхайлаўна. – Муж паспеў завочна скончыць партыйную школу, і на некаторы час паехалі на працу ў Дусаеўшчыну, а затым зноў вярнуліся ў Слабада-Кучынку, якая стала для мяне роднай. Я працавала загадчыкам магазіна і пошты. Аляксандр – старшынёй сельсавета, настаўнікам працы і дапрызыўнай падрыхтоўкі. Сакрэтаў сямейнага даўгалецця як бы і няма. Усякае бывала за пяцьдзясят гадоў – і добрае, і не вельмі. У памяці захоўваюцца толькі шчаслівыя і светлыя моманты. Проста заўсёды мы любілі адзін аднаго, шкадавалі, падтрымлівалі ў цяжкую хвіліну і жылі дзеля дзяцей. Вось на гэтым і будуецца, і стаіць наша сямейнае шчасце.
Багаццем сумеснага жыцця Кандыбовічаў з’яўляюцца дачка Таццяна – педагог у Гродне – і сын Дзмітрый – заатэхнік на Капыльшчыне. Бацькі лічаць, што выхавалі добрых і працавітых людзей, годных грамадзян сваёй краіны. Радуюць і пяцёра ўнукаў. Старэйшая з іх Алёна працуе фармацэўтам, Даша – студэнтка Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, Настасся – будучы ветэрынарны ўрач, Аляксей вучыцца ў 11 класе, а Арынка наведвае дзіцячы садок. Калі яны прыязджаюць да дзядулі і бабулі, дом напаўняецца звонкімі дзіцячымі і юнацкімі галасамі – жыць становіцца весялей і ўсе справы адразу ладзяцца.
Калі былі маладзейшымі, трымалі добрую гаспадарку. Дзеці і ўнукі дапамагалі пасвіць карову, назапашваць сена, палоць буракі і выбіраць бульбу. Яшчэ гаспадар любіў хадзіць на паляванне, а гаспадыня радавала смачнымі стравамі з дзічыны. Сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, мужу і жонцы не сядзіцца спакойна на лаўцы. З задавальненнем працуюць на агародзе, зай-маюцца гаспадаркай і кветнікам, які радуе вока аднавяскоўцаў. За гэтыя гады прыбавілася сівізны ў валасах і хвароб. Яны не скардзяцца на цяжкасці, не сумуюць, а радуюцца кожнаму пражытаму дню.
Для залатых юбіляраў каханне і вернасць былі і застаюцца надзейнай апорай у іх сямейным жыцці. Гэта пара, якая пражыла разам паўстагоддзя, даказала адзін аднаму ўзаемную любоў, павагу і давер, стаўшы прыкладам цяперашнім маладым людзям, якiя ўступаюць у шлюб.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии