43
(CMigrator copy 73)
06.12.2019
Капыляне спрабуюць аднавіць у Вусаве каплiцу роду Рэйтанаў
Яна была пабудавана Станіславам Рэйтанам у 1840 годзе ў стылі класіцызму.
Як Рэйтаны з’явіліся
ў Вусаве?
Поводле звестак, якія прадстаўляе дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, даведваемся, што Станіслаў Рэйтан, герба «Рэйтан», выхадзец са старажытнага беларускага роду. Пляменнік Тадэвуша Рэйтана — дэпутата Сойма Рэчы Паспалітай ад Новагародскага ваяводства ВКЛ. Род дзякуючы выбітным прадстаўнікам карыстаўся пашанай, а праз сувязі з Радзівіламі меў уплыў на шляхту ВКЛ. Бацькамі Станіслава — Карла (імя дадзена пры хрышчэнні 29 сту-дзеня 1781 года) былі брат Тадэвуша Рэйтана, земскі пісар Міхаіл Ксаверы (1743–1809) і Ганарата з Багдановічаў.
Жыццё Станіслава Рэйтана стала ў пэўным сэнсе працягам таго сумленнага самаахвярнага шляху служэння Радзіме, што абраў яшчэ яго дзядзька Тадэвуш у апошнія часы Рэчы Паспалітай. У артыкуле «Нобіль, не ўзяты «на аловак» гісторыка, архівіста, калумніста газеты «Культура» Зміцера ЮРКЕВІЧА чытаем: «Доўгае жыццё галоўнага героя нашага аповеду прыпала на самыя драматычныя часы гісторыі. Ён бачыў другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанцаў Якуба Ясінскага і Тадэвуша Касцюшкі, сярод якіх быў і паплечнік Тадэвуша Райтана Самойла Карсак (менавіта так гучаць іх прозвішчы ў перакладзе на беларускую мову Міцкевічавага «Пана Тадэвуша», зробленым Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам), войскі на чале з Напалеонам, з якімі ў 1812 годзе на нашу зямлю вяртаўся ягоны брат — афіцэр Дамінік Рэйтан. Пазней на яго вачах каралі паўстанцаў 1831 года. Вучыўся Станіслаў Рэйтан, мяркуючы па ўскосных даных, у Вільні — у піярскім «Collegium Nobilium». Пісаў пад літаратурным псеўданімам «Пан Хіба». Потым была служба ў войску. У 1832 годзе Станіслаў у чыне капітана войска Каралеўства Польскага і паручніка баявога кірасірскага палка выходзіць у адстаўку. Ён узяў за жонку Саламею Рэйтан — далёкую сваячку, дачку Язэпа Рэйтана. З 1840 года пачынаецца грамадская дзейнасць Станіслава, калі яго выбіраюць Слуцкім павятовым маршалкам — тытул, які пазней намінуюць па прынятым у Расійскай імперыі ўзоры як «уездный предводитель дворянства». Гэтую пасаду ў 1802 годзе займаў яго старэйшы брат Казімір, іншы ж брат Тадэвуш нейкі час з’яўляўся харунжым таго ж павета, а іх бацьку, Міхала, у 1795 годзе шляхта ранейшага Новагародскага ваяводства выбрала Нясвіжскім павятовым маршалкам. Таму на Случчыне, Капыльшчыне, у Нясвіжы прозвішча Рэйтан было, бадай, найбольш вядомым пасля Радзівіл.
З артыкула «Страчаная спадчына: Капыль – Вусава» Валянціны ШУРАКОВАЙ даведваемся: «Пасяліўся ў сваёй сядзібе ў Вусаве. На жаль, гісторыя не захавала ні аднаго партрэта Станіслава, ні фатаграфіі вусаўскай сядзібы. Дзяцей у пары не было. Аднак сям’я Рэйтанаў была вельмі гасціннай. Яны прысутнічалі на ўсіх урачыстасцях у ваколіцах: радзіны, хрэсьбіны, вяселлі…»
Яшчэ цікавы факт. У 1862-м Станіслаў ператварыў сваю сядзібу ў Вусаве пад Капылём у лякарню. Як ён сам пісаў у газетах, здарыўся ў тых мясцінах выпадак, які прывёў да смерці вялікай колькасці людзей. З хваробай не змаглі справіцца і тры запрошаныя лекары. У № 9 Мінскіх губернскіх ведамасцей за 3 сакавіка 1861 года друкаваўся артыкул пра шалёнага ваўка, які аб’явіўся ў межах маёнтка Станіслава Рэйтана ў Вусаве і Ванелевічах (так, гэта таксама ўладанні Станіслава). 27 студзеня 1861 года шалёны воўк пакусаў сялян Івана Богту і Лук’яна Лазюка ў Вусаве, а ў Ванелевічах — 58 чалавек. Для многіх укусы былі смяротныя. Дарэчы, гэта былі апошнія артыкулы, падпісаныя ягоным імем. Але быў і той час, калі імя Станіслава не сыходзіла са старонак часопісаў, газет…
Вяртанне культурнай
спадчыны
Сёння сядзібнага дома ў Вусаве, вядома, ужо няма. Гэтае месца даўно заарана. Некранутай засталася толькі капліца, пабудаваная Станіславам Рэйтанам у 1840 годзе ў стылі класіцызму, дзе і завяршылі свой зямны шлях Станіслаў і яго жонка Саламея.
У беларускай савецкай энцыклапедыі знаходзім: «Капліца — хрысціянская культавая пабудова, невялікая царква без алтара. Ставілася на плошчах, скрыжаваннях дарог на адзнаку якой-небудзь падзеі або на могілках як надмагільны помнік». Сумна ж тое, што будынак за гады свайго існавання прыстасоўваўся пад патрэбы часу, дарэчы, доўга выкарыстоўваўся для захоўвання збожжа мясцовым сельгаспрадпрыемствам, а сёння ўвогуле ў заняпадзе. 2019 год — юбілейны. Гэта добрая падстава, каб успомніць імя нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана. Наступны ж год увогуле значны — 280 гадоў з дня нараджэння выбітнага сына Беларусі. І было б сімвалічна, каб добрая справа па рэстаўрацыйных работах на архітэктурным аб’екце ў Вусаве распачалася менавіта ў юбілейны год.
— Мець на сваёй тэрыторыі такі аб’ект — вялікі гонар для нашага раёна, таму адрадзіць і захаваць памяць аб знакамітым родзе Рэйтанаў — наш непасрэдны абавязак, — дзеліцца старшыня Капыльскага сельвыканкама Вольга Купрыенка. — І хоць капліца не значыцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, але для нашага рэгіёну яна з’яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай. Безумоўна, капліца патрабуе рэстаўрацыйнай работы, пакуль не зруйнавалася цалкам. Каб выратаваць будынак ад разбурэнняў, спачатку трэба правесці нязначны рамонт даху, хаця каб вада ўнутр не трапляла. Для гэтага Капыльскі сельвыканкам запрашае ўсіх неабыякавых грамадзян прыйсці на дапамогу. А каб помнік архітэктуры мясцовага значэння ў далейшым выкарыстоўваць як аб’ект турыстычнага маршруту, які стане месцам правядзення разнастайных па напрамках i формах масавых мерапрыемстваў, трэба таксама аднавіць сцены, усталяваць вокны і дзверы, выканаць унутраныя работы і добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю, правесці азеляненне.
— У Беларусі засталося не так шмат архітэктурных напамінкаў аб родзе Рэйтанаў: сядзіба і капліца ў Грушаўцы, капліцы ў Ляхавічах і ў Вусаве, — дзеліцца дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. — Яны патрабуюць і заслугоўваюць нашай увагі і адраджэння. Выказаць яе мы можам, узяўшы на сябе клопат аб тым, што захавалася. Бо як пісаў даследчык літаратурнай дзейнасці Станіслава Рэйтана Зміцер Юркевіч: «Калі знікнуць апошнія руіны, знікне і наша памяць…»
Таццяна БОХАН
Поделиться
Комментарии