Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

У католиков 1 декабря начался Адвент - период подготовки к празднику Рождества Христова

02.12.2019
1 снежня ў Паўсюдным Касцёле распачынаецца Адвэнт. Гэты перыяд падрыхтоўкі да Нараджэння Пана багаты на разнастайныя сімвалы і традыцыі. Пры гэтым кожны народ і краіна маюць штосьці адметнае. Разгледзім традыцыі Адвэнту больш падрабязна. Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша (Рараты) у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, якую звычайна цэлебруюць на світанні. З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, а таксама дарослыя, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу…» ва ўсім касцёле запальваецца святло. Яшчэ адным праяўленнем адвэнтавай літургіі святла з’яўляюцца раратнія ліхтарыкі. Ідучы на рараты, усе бяруць з сабой ліхтары, каб асвятліць змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае пра неабходнасць збірання добрых учынкаў, якія дапамогуць асвятліць змрок граху ў нашай душы, паказаць Хрысту дарогу да людскіх сэрцаў. Характэрным знакам Адвэнту ў дамах і святынях з'яўляецца адвэнтавы вянок. Гэты звычай паходзіць з Германіі. Пратэстанцкая духоўная асоба, тэолаг і грамадскі дзеяч Джон Віхэрн адкрыў у Гамбургу школу-прытулак для сірот. У Адвэнце 1839 года ён зрабіў вянок, каб стварыць атмасферу, якая садзейнічала б малітве. Па краях кола (дыяметрам у два метры) Віхэрн размясціў 24 невялікія свечкі. Кожную з іх запальвалі ў чарговы звычайны дзень Адвэнту. Вакол вянка падапечныя Віхэрна штодня збіраліся на супольныя сустрэчы, малітвы і спевы. Хутка звычай адвэнтавых вянкоў распаўсюдзіўся па іншых гарадах Германіі і ўсёй Еўропы. Адвэнтавы вянок мае глыбокую сімволіку. Ён выконваецца з зялёных яловых ці піхтавых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох тыдняў Адвэнту. Запальванне свечак азначае чуванне і гатоўнасць да прыйсця Хрыста. Першая свечка сімвалізуе тое, што Бог прабачыў Адаму і Еве іх непаслухмянасць Творцу. Свечка, запаленая ў другую нядзелю Адвэнту, сімвалізуе веру патрыярхаў ізраільскага народа як удзячнасць за дар — Абяцаную Зямлю. Трэцяя свечка адносіцца да радасці караля Давіда, які цэлебруе саюз з Богам. Апошняя — сімвал вучэння прарокаў, якія абвяшчалі прыход Месіі. Святло свечак у вянку азначае надзею, а яго зеляніна — працяг жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Цалкам адвэнтавы вянок — гэта сімвал Божага народу, які чакае ў радасці і любові прыходу Збаўцы ў свет. Якімі б прыгожымі ні былі традыцыі Адвэнту, варта памятаць, што сэнс гэтага перыяду літургічнага года ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да свята прыйсця Збаўцы. А пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць Божае Нараджэнне. У нашым касцёле раратнія святыя Імшы будуць у наступныя дні: 3, 5, 11, 13, 17, 19 і 23 снежня. Іх пачатак  у 6 гадзін 45 хвілін раніцы. Увага! Нагадваю пра сакрамант споведзі і святой Камуніі ў перыяд Адвэнту. Асабліва тыя людзі, якія не змогуць прыйсці ў касцёл, калі ласка, тэлефануйце па нумары тэлефона +375292843813. Ксёндз Андрэй Калядка, настаяцель храма святых Пятра і Паўла ў Капылі

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей