Гэтага светлавалосага маладога чалавека на cцэне раённага Цэнтра культуры я запрыкмеціла даўно: надта прыгожа і ладна ён танцаваў, укладваючы ў рухі незвычайную пачуццёвасць і натхненне. “Мабыць, малады спецыяліст у аддзел культуры прыехаў, – падумалася тады. – Шкада толькі, што адпрацуе і пакіне наш гарадок”.
Прайшло некалькі гадоў, а той прыгожы юнак працягваў радаваць местачкоўцаў сваімі выступленнямі. Пасля даведалася, што на самой справе ён медык, а танец – гэта, калі хочаце, захапленне. Так героем маёй замалёўкі стаў Раман Шыян – зубны фельчар Старыцкай участковай бальніцы.
Пасля заканчэння ў 2005 годзе Слуцкага медыцынскага каледжа Раман па размеркаванні прыехаў працаваць на Капыльшчыну. Можна толькі ўявіць, якія выпрабаванні выпалі на першы год яго працы, калі ён — ураджэнец Слуцка — апынуўшыся ў сельскай мясцовасці, вучыўся асновам вясковага жыцця. Але прыродны аптымізм, абаяльнасць, імкненне да лепшага дапамаглі Раману не разгубіцца, знайсці сябе. Значную падтрымку хлопцу аказала і прафсаюзная арганізацыя раённай бальніцы, з лёгкай рукі якой юнак пачаў наведваць танцавальны гурток “Джынсы напракат” пры раённым Цэнтры культуры, актыўна ўдзельнічаць у розных конкурсах, канцэртах, аглядах. Паступова малады фельчар набыў аўтарытэт і павагу ў пацыентаў і калег, з’явіліся новыя знаёмствы, сябры. Менавіта тут, на Капыльшчыне, Раман сустрэў сваю другую палавінку — будучая жонка Таццяна таксама працавала ў Старыцкай бальніцы. А нядаўна сям’і Шыян быў выдзелены катэдж у аграгарадку Старыца, дзе Раман уласнымі рукамі зрабіў рамонт, з вясковай стараннасцю апрацаваў зямлю.
На маё нясмелае пытанне аб тым, ці не хочацца ў горад, Раман з задавальненнем пачаў расказваць пра свае планы на будучае, але ўжо на капыльскай зямлі. “Мабыць, гэта мая другая радзіма, бо падабаецца мне тут”, — з усмешкай адзначыў ён.
Поспехаў табе, Раман! Няхай збываюцца ўсе твае мары і жаданні!
Валянціна Балажынская,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама
Комментарии