Сялянская праца спрадвеку была вельмі цяжкай. Напружаная работа ў хлебароба, нялёгкая – у жывёлавода.
[caption id="attachment_83369" align="aligncenter" width="840"]
■ Механізатар Віталь Лобан працуе на пад’ёме зябліва[/caption]
Зараз на дапамогу людзям прыйшлі сучасныя тэхналогіі і эфектыўная тэхніка, але чалавечы фактар па-ранейшаму каштоўны. У аграрным сектары працуе шмат людзей, якія стараюцца ўсё рабіць як мага лепш, і ім трэба нізка пакланіцца.
Паводле слоў дырэктара сельгаспрадпрыемства Дзмітрыя Палевікова, у ААТ «Капыльскае» робяць стаўку на вытворчасць мяса (свініны, ялавічыны), займаюцца малочнай жывёлагадоўляй і раслінаводствам.
На тэрыторыі сельгаспрадпрыемства размешчаны два малочнатаварныя комплексы (у Цімкавічах і Комсічах), ёсць дзве фермы для вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы (знаходзяцца ў Доўгім і Навасёлках). У гаспадарцы ўтрымліваецца 4537 галоў, у тым ліку 1724 каровы. Дарэчы, да канца бягучага года плануецца павялічыць пагалоўе дойнага статка да 1766 галоў. Традыцыйным для ААТ «Капыльскае» з’яўляецца вырошчванне свініны, і гэту справу імкнуцца аднавіць. На свінатаварнай ферме ў Лешні ўжо па стане на 1 лістапада даглядалі 3373 галавы.
[caption id="attachment_83368" align="aligncenter" width="840"]
■ На ўборцы буракоў - Аляксандр Гарашчэня і Анатоль Шэпель[/caption]
Атрыманне і вырошчванне здаровых цялят – адна з самых важных задач у жывёлагадоўлі. Над яе выкананнем старанна працуе старшы ветэрынарны ўрач гаспадаркі Юрый Гарэлік. Менавіта ад яго стараннасці і кампетэнтнасці ў многім залежыць здароўе не толькі маленькіх выхаванцаў, але і кароў.
Догляд за цялятамі патрабуе не толькі значных фізічных намаганняў, але і асаблівых якасцей характару. «Бо яны нібы маленькія дзеткі!» – адзначае цялятніца Святлана Вярбіла. Пад наглядам яе і яшчэ дзвюх напарніц (працуюць па-зменна) 158 цялят. Сярэднясутачныя прывагі на іх групе складаюць 825 г. У гаспадарцы Святлана Міхайлаўна ўжо 27 гадоў, з іх 13 – цялятніцай.
На парадку дня ў гаспадарцы і такое актуальнае пытанне, як паляпшэнне якасці ў малочнай жывёлагадоўлі. Сёння на малочнатаварных фермах гаспадаркі атрымліваюць у сярэднім ад адной каровы па 14,7 кг малака, і гэта амаль на 4 кг больш, чым летась. А ўсяго за дзень на перапрацоўчыя прадпрыемствы паступае з гаспадаркі амаль 23 тоны малака. Свой значны ўклад у агульны рэзультат робіць аператар машыннага даення Таццяна Раскавінская, якая працуе на МТК «Цімкавічы». Стаж работы ў гаспадарцы ў яе ўжо 30 гадоў. Не адну маладую даярку навучыла прамудрасцям сваёй справы вопытны жывёлавод.
[caption id="attachment_83371" align="aligncenter" width="840"]
■ Клапоціцца пра сваіх выхаванцаў жывёлавод Святлана Вярбіла[/caption]
Вядома, што выніковай работы ў жывёлагадоўлі не можа быць без стараннасці людзей, занятых у раслінаводстве. У гаспадарцы вырошчваюць збожжавыя культуры, цукровыя буракі, азімы рапс.
[caption id="attachment_83370" align="aligncenter" width="500"]
■ Ад прафесіяналізму Юрыя Гарэліка залежыць здароўе жывёлы[/caption]
Трактарыст-машыніст – прафесія сапраўды мужчынская. Няхай яна і няпростая, нават часам і цяжкая, але вельмі важная. Аляксандра Гарашчэню на працягу многіх гадоў называюць адным з лепшых механізатараў не толькі гаспадаркі, але і раёна. Ужо чвэрць стагоддзя ён займаецца любімай справай. Бацька Аляксандра таксама прысвяціў 44 гады свайго жыцця механізацыі, шмат чаму навучыў і сына. Так што можна гаварыць пра сямейную дынастыю. Амаль усе пасяўныя і ўборачныя работы праходзяць у гаспадарцы з удзелам Гарашчэні. І ўсюды ён працуе шчыра і самааддана. Напрыклад, сёлета Аляксандр Валянцінавіч пасеяў 202 га збожжавых культур і 543 га кукурузы, убраў амаль 1029 тон збожжавых і 273 тоны азімага рапсу. На рахунку экіпажа ў складзе Аляксандра Гарашчэні і Анатоля Шэпеля звыш 165 тон цукровых буракоў.
[caption id="attachment_83372" align="aligncenter" width="500"]
■ Больш за 30 гадоў працуе ў гаспадарцы Таццяна Раскавінская[/caption]
Такой жа стараннасцю вызначаецца і механізатар Віталь Лобан. Зараз ён займаецца ворывам, а на працягу года быў заняты на кашэнні траў, на сяўбе азімых збожжавых культур і рапсу. ААТ «Капыльскае» для яго – першае працоўнае месца. Менавіта ў гэту гаспадарку Віталь трапіў пасля заканчэння Капыльскага СПЛ, так і застаўся тут.
Чарговы сельскагаспадарчы год практычна завершаны, але работа ў гаспадарцы не заканчваецца. Стаіць задача стварыць усе перадумовы для таго, каб 2020-ты год быў больш паспяховым.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии