У аграгарадку Семежава панавала небывалае ажыўленне: мясцовыя жыхары і госці сабраліся разам, каб адзначыць урачысты дзень — свята роднай вёскі.
[caption id="attachment_82350" align="aligncenter" width="850"]
Залатыя юбіляры - сем’і Харытановічаў і Сенюкоў[/caption]
Раздзяліць радасць з суседзямі, аднавяскоўцамі прыйшлі ганаровыя госці. Віталі семяжоўцаў старшыня Семежаўскага сельвыканкама Вікторыя Кунаш-Літвіна, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Вікторыя Траяновіч, намеснік дырэктара ААТ «Семежава» Дзмітрый Мінюк, якія павіншавалі ўсіх са святам, падзякавалі за самаадданую працу, за падтрыманне парадку на дварах і вуліцах аграгарадка. Са святам роднай вёскі таксама павіншавалі дэпутаты райсавета: па Семежаўскай выбарчай акрузе — начальнік Капыльскага РГЗ Мікалай Варвашэня, па Чырвона-Дубраўскай — настаўнік Семежаўскай СШ Сяргей Апон, а таксама старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Выскварка.
Мабыць, не было ў гэты дзень жыхара, які не пачуў у свой адрас добрага слова. Перш-наперш успомнілі людзей працы, якія працуюць у гаспадарцы: на палетках, на фермах, увесь запал сваёй душы яны аддаюць справе, тым самым множаць славу не толькі семежаўскай зямлі, але і ўсяго раёна. Шчырыя словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас самай старэйшай жыхаркі Семежава Марыі Іванаўны Каражанец. Доказам таго, што вёска будзе жыць, служыць тое, што тут падрастаюць дзеткі. Ну а самы маленькі жыхар, які толькі нарадзіўся, — гэта Мацвей Таркан, якому споўніўся месяц.
Дружна віталі і сем’і, якія пражылі разам 50 год. Умясціла ў сябе хвіліны радасці і горычы, усе справы вырашала разам цудоўная сям’я Сенюкоў — Васіля Васільевіча і Таццяны Пятроўны, а таксама добрая і дружная сям’я Харытановічаў — Міхаіла Мацвеевіча і Ніны Іванаўны. А яшчэ ў Семежаве ўсе мірна жывуць і што ні хата — свой талент. Так, сям’я Бельскіх надае вялікую ўвагу добраўпарадкаванню свайго прысядзібнага ўчастка, таму ўсё ў іх зроблена з добрым густам і любоўю. Заўсёды ўтульна і прыгожа на падворку сям’і Турчановічаў. А дом гаспадароў Яфімчыкаў адразу кідаецца ў вочы любому прахожаму, дзе кожнаму кветніку сваё месца. Музычныя віншаванні прымалі і клапатлівыя маці, гатовыя на самыя неверагодныя ахвяры дзеля шчасця сваіх дзяцей.
Удзельнікі свята атрымалі сапраўдную асалоду ад выступленняў калектыву самадзейных артыстаў Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
Таццяна БОХАН
Комментарии