Падчас чарговай выязной нарады старшынь сельвыканкамаў з удзелам старшыні Капыльскага райвыканкама Сяргея Пілішчыка і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Кісляк разгледжана добраўпарадкаванне тэрыторыі Бабаўнянскага сельсавета.
[caption id="attachment_82345" align="aligncenter" width="840"]
Сельский магазин посетили Сергей Пилищик, Ирина Кисляк и Ирина Запольская[/caption]
— З пачатку кастрычніка на Кaпыльшчыне ідзе месячнік па навядзенні парадку на зямлі. З кожным днём ён набірае абароты. У яго рамках праводзіцца і наша мерапрыемства. Сёння паглядзім, што ж зроблена на тэрыторыі Бабаўнянскага сельсавета, — адзначыла на пачатку аб’езду старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк.

Па словах старшыні Бабаўнянскага сельвыканкама Ірыны Запольскай, на тэрыторыі сельсавета размешчаны 32 населеныя пункты, землі сельсавета займаюць 1028 га.
На добраўпарадкаванне сёлета сельвыканкаму было выдаткавана 7400 рублёў. Гэтыя сродкі зрасходаваны на спілоўванне 280 аварыйна-небяспечных дрэў, знос сямі старых і пустуючых будынкаў (два дамы і пяць фундаментаў). Зараз прадаўжаецца работа з наследнікамі па адшукванні ўладальнікаў пабудоў. Найбольш безгаспадарных знаходзіцца ў Рымашах (каля 25). Пасля захавання дома ўчастак уключаецца ў севазварот мясцовым сельгаспрадпрыемствам — УП «ПІК-Лясное», якое з’яўляецца адным з асноўных памочнікаў сельвыканкама.
Як вядома, на лістапад запланавана адкрыццё жывёлагадоўчага комплексу ў в. Лоцвіны з прыездам туды высокіх гасцей. Населеныя пункты павінны сустрэць іх чысцінёй і парадкам, таму зараз пільная ўвага надаецца Бабоўні і Лоцвінам. Знесены адзін дом, захаваны тры фундаменты, высякаюцца хмызнякі на чатырох пустуючых участках па вул. Ленінскай у Лоцвінах. Дапамогу аказваюць замацаваныя арганізацыі: Капыльскі вучэбны камбінат райсельгасхарчу, Бабаўнянскае і Колаўскае лясніцтвы і іншыя. Праводзяцца суботнікі з удзелам работнікаў арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета.
Падчас выязной нарады была звернута ўвага і на навядзенне парадку на грамадзянскіх могілках, якіх на тэрыторыі сельсавета дзесяць. Зараз на іх праводзіцца прыбіранне смецця, спілоўванне дрэў, устаноўка новых агароджаў. Напрыклад, на могілках у Бабоўні яе замянілі за кошт сродкаў насельніцтва і спонсарскай дапамогі, якую аказаў ураджэнец гэтых мясцін сваім землякам.
Наводзіцца парадак і на месцах воінскіх пахаванняў. Сёлета праведзены капітальны рамонт мемарыяла ў в. Масявічы, бягучы — помніка ў аграгарадку Пясочнае і касметычны — астатніх трыццаці.
Прыемна адзначыць, што насельніцтва актыўна ўключылася ў замену старых агароджаў на сваіх участках. З пачатку года ўстаноўлена новых — жалезабетонных і металічных — больш чым 2400 м. Асабліва вылучаюцца в. Лоцвіны і аг. Пясочнае. У каго няма магчымасці замены, рамантуюць і падфарбоўваюць тыя, што маюцца.
Узорам добраўпарадкавання на тэрыторыі сельсавета служаць Бабаўнянскае і Колаўскае лясніцтвы. Тут пастаянна чысціня і парадак не толькі ў адміністрацыйных будынках, але і побач. Заўсёды падкошана, з густам аформлена, створаны альтанкі, малыя архітэктурныя формы і г.д.
Шмат увагі надаецца закладцы парку каля цялядавіцкай царквы. Вось і днямі пры дапамозе выхаванцаў Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната было пасаджана яшчэ 60 дрэўцаў. У планах — стварэнне зоны адпачынку каля СДК у аг. Лясное, зараз там вядзецца расчыстка тэрыторыі.
— Мясцовая ўлада заўсёды надае вялікую ўвагу навядзенню парадку на зямлі ў горадзе, аграгарадках, вялікіх вёсках і самых маленькіх населеных пунктах. Ад гэтага залежаць узровень жыцця насельніцтва, яго дабрабыт, — падво-дзячы вынікі, адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык. — Сёння мы бачылі шмат станоўчых прыкладаў, але ж усё не можа быць ідэальна. Таму нам яшчэ неабходна шмат над гэтым працаваць, каб наша малая радзіма была больш утульнай і прывабнай.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии